Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Улетку хоць была сувязь з мацерыком, хадзілі параходы, завозілі правізію. А восеньню рэйсы спыняліся, шэсьць месяцаў востраў быў адрэзаны ад краіны. Харчаваліся толькі кансэрвамі, пілі 95-градусны сьпірт, які з жалезных бочак прадавалі рыбалавецкія кааператывы ў суседніх сёлах. Пад вясну канчаўся і сьпірт, тады найбольш спрактыкаваныя пераходзілі на адэкалёны, ласьёны, розныя тэхнічныя вадкасьці накшталт антыфрызу. Камандзіры былі розныя, пераважна ветэраны вайны, але прыбывалі і маладзейшыя — з вучылішчаў. Першыя звыкла цягнулі вайсковую лямку, выслугоўваючы пэнсію, а маладзейшыя, апынуўшыся на краі імпэрыі, часам бунтавалі, служыць не хацелі. Як мой малады сябра Лёшка Клімаў. Ён скончыў вайсковае вучылішча, а раней — Сувораўскае, усё жыцьцё рыхтаваўся стаць афіцэрам, а стаўшы ім, зразумеў, што зрабіў памылку. Але начальства таго не разумела і Лёшкаў бунт перапыняла сродкамі дысцыпліны — вымовамі ды гаўптвахтай.
34. Палкоўнік і сьмерш
Палком камандаваў стары служака, герой мінулай вайны, чалавек увогуле разважлівы, але малапісьменны. Нават і ў вайсковай справе малапісьменны, чым нярэдка карысталіся яго маладзейшыя падначаленыя. На ягоны загад штосьці зрабіць звычайна спакойна адказвалі: «Але ж тое не па статуце». Палкоўнік хвіліну раздумваў і пагаджаўся: ну калі не па статуце, хай будзе так. Насамрэч ніякага статуту тут не было і блізка, падначаленыя ашуквалі. Аднойчы здарыўся выпадак, які засьведчыў, хто галоўны ў палку. Неяк прапаў мой салдат, не было яго на сьняданку, не прыйшоў на абед. I ніхто ня бачыў, дзе ён. Toe ўжо было ЧП, і я пайшоў дакладваць. Якраз у кабінэце камандзіра палку было некалькі афіцэраў, я далажыў, і кампалку кажа: «Пачакаем да вечара». I тут ускочыў палкавы асабіст ды як пачаў крычаць на камандзіра палку, старога афіцэра: «Што значыць — пачакаем? Зараз жа арганізуйце пошукі, пасылайце на перахват. Ён ужо, можа, па дарозе ў Японію, здрадзіць радзіме, тады ў нас з вамі паляцяць галовы з плячэй». Палкоўнік моўчкі выслухаў капітана і паціснуў плячыма, што значыла: рабіце, як гэты сказаў. А салдат пасьля абеду знайшоўся — проста ён заснуў у траве за артпаркам. Быў змораны. Трэба, аднак, зазначыць, што страх асабіста быў ня марны, у нас ужо здараліся выпадкі пераходу некаторых вайскоўцаў у Японію. Зімой туды цераз забіты таросамі праліў перабег памежнік. Але на востраве была ня толькі памежная служба ў выглядзе наземных заставаў, але і марская, што ажыццяўлялася пагранкатэрамі, асабліва ўлетку. Катэры прыходзілі часам да нашага пірсу. I вось аднойчы салдаты ўбачылі, як з такога катэру згружаюць нейкі мех, бы з качанамі капусты, і адтуль чуецца знаёмы голас: «Прывет, землякі, мяне ўжо прывезьлі». Таго ўцекача ўжо прывезьлі ў завязаным мяшку.
Сваю чэкісцкую ролю ў палку капітан-сьмершавец затым даказваў няраз. I яго баяліся болей за ўсіх. Камандзір палку мог аблаяць, пасадзіць на гаўптвахту, ня даць чарговага званьня. Гэты ж быў здольны спляжыць усё жыцьцё. I пляжыў, не зважаючы на рэпутацыі і званьні.
Аднойчы (тое было яшчэ на самым пачатку майго жыцьця на востраве) я раненька выправіўся на пірс спаткаць катэр з Паўднёвага Курыльску, які павінен быў прывезьці з рамонту стэрэатрубу. Але не прывёз, і я пайшоў з пірсу на бераг. I тут спатыкаю таго капітана, за якім ідзе другі капітан, начальнік штабу батальёну, — чамусь у шынялі і без пагонаў, з маленькім чамаданчыкам у руках. За ім салдат-аўтаматчык з нарыхтаваным ППШ. Яны хуценька зьбеглі па сходнях і схаваліся на катэры. Тое было дзіўнавата, бо начальніка штабу я толькі ўчора бачыў на палкавой нарадзе. Што ж здарылася за ноч? Праз колькі дзён таксама на нарадзе кампалку аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы. А пасьля сталі вядомы і самі размовы. Аказваецца, капітан аднойчы праспаў развод на заняткі (не пазваніў будзільнік), і ён, мацюгнуўшыся, памянуў злым словам «стахановское производство». Праз фанэрную сьцяну тое ўчуў начальнік артылерыі батальёну, які тады быў дома, і, канешне ж, стукнуў. Капітан атрымаў 5 год лягероў.