Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Цётка Ганна ўздыхнула, памаўчала з хвіліну, адсунула астылую бульбіну.
— Толькі дайшлі яны да ўзгорачка, нешта бліснула, нібы засвяцілі сярнічку, і адразу — бах, бах! Чую лямант, глухі крык, потым затарахцела нешта, як гарох па блясе, і ўсё змоўкла. Я як стаяла ля акна, так і спаўзла на падлогу, нібы куля зваліла і мяне. Колькі так праляжала, і сама не ведаю! Адышла, як ужо добра сцямнела. Глянула — хоць бы табе дзе агеньчык, хоць бы іскарка бліснула — чарната. Як вымерла сяло. Страшна стала, за глотку нешта душыць, у роце высахла. Паціхеньку выйшла на вуліцу. Бачу — храпу на дарозе размясілі шырокія колы грузавікоў. Значыць, паехала нячыстая сіла...
Як апынулася ў хвойнічку, і сама не ведаю. Усё калоціцца ўсярэдзіне, ногі не слухаюцца. Узышла на ўзгорак, а там — покатам ляжаць маладзіцы, ужо і сняжок іх пачаў прыцярушваць. Не плачу, а слёзы вочы заслалі і самі цякуць, губы скусала да крыві, скамянела ад страху. Хто ж мог падумаць! Яшчэ ў абед мы з Аленаю разам на жорнах ячмень абдзіралі, збіраліся кросны снаваць... і на табе. Як глянула, нешта варушыцца пад кажухом і ціхенька ўсхліпвае. Падпаўзла бліжэй, думаю, жывая, расхінула кажух — аж хлопчык, жывенькі, прытуліўся да схаладзелага матчынага цела, толькі ножка з пялёначкі вытыркнулася і пабялела.
Ухапіла я Лёнечку, скінула з сябе світку, загарнула яго і бежкі дадому. Усю дарогу хукала на яго. Ускочыла ў хату, запаліла ў печы, нагрэла чыгун вады, паздымала пялёнкі, што зліпліся ад матчынай крыві, абмыла яго, загарнула ў чыстае прасцірадла. Так ён на руках у мяне і заснуў.
А раніцаю сабраліся ўсе нашы кабеты, выкапалі адну доўгую магілу, залілі яе слязамі і пахавалі няшчасных.
Там цяпер помнік стаіць і дзве рабінкі растуць, можа, бачылі? Гэта іх Лёнька пасадзіў, як падрос.
А пакуль акрыяў, усяго нацярпелася. Кароўкі ў мяне не было, сама нішчымніцу ела ўсю вайну, а малое дзіця без малачка на ножкі не паставіш. Дзякуй ім, бабы кожны дзень прыносілі, хто шклянку, хто паўшклянкі, а хто і смятанкі сподачак. Так і паднялі хлопца ўсёю вёскаю.
Пра бацьку казалі, што недзе пад Варшаваю галоўку склаў. А мы так з Лёнем удваіх і гаравалі. Усяго было. Вучыўся ён добра, дзесяць класаў скончыў. Прасіла, каб куды далей падаваўся, на інжынера ці хоць якога агранома, дык не, і слухаць не хоча. Відаць, мяне кідаць шкадуе. От так і жывём удваіх.
Яна змоўкла. Даўно ў місцы астыла бульба, на прыпечку дагарэлі смалякі. Ад іх засталася толькі грудка белага попелу. Цікалі ходзікі ды шумела пад акном тонкая вішанька. Відаць, і яе пасадзіў Лёнька.
Больш не хацелася ні пра што распытваць цётку Ганну, не хацелася гаварыць ні пра што іншае: усё здавалася мізэрным і дробным пасля таго, што яна расказала.
Мы доўга сядзелі моўчкі. Толькі было чутно, як у шыбіну стукаюць мокрыя галінкі і барабаніць спорны дождж.
ТРЫВОГІ
У сонечным асеннім скверы ледзь чутна ападае лісце і шамаціць, шамаціць пад нагамі. На суседняй не вельмі зручнай лаўцы маладзенькая мама на руках пагойдвае дзіцятка, нешта гаворыць яму, угукае і смяецца. Побач стаіць чырвоная з блішчастаю аблямоўкаю каламажка.
Маці шчаслівая, аж свіціцца.
Можа, толькі што ўсміхнулася яе дзіцятка, можа, пралепятала нешта невыразнае, а ёй пачулася доўгачаканае «мама». А можа, рэжацца першы зубок,— круціцца ад болю, енчыць малое, а маці пакутуе падвойным болем, гатовая ўзяць на сябе любыя пакуты, абы дзіцятку добра было. А барані божа, захварэе каторае, здаецца, нічога страшней і на свеце няма. Каб можна было, жыццё б аддала за сваё дзіцятка. Не спіць начамі маці. Няхай сабе не спіць, абы спала спакойна, калі сыну ці дачушцы стукне семнаццаць.
З першага дня мацярынства ў кожнае маці трывог і пакут болей, чым радасцей. Пакаўзнуўся сынок, скрывавіў носік, матчына сэрца ледзь не парвецца. Першая двойка — гора для маці. А яна ўсё чакае радасцей і ўцех.
Паступілі сын ці дачка ў інстытут,— пасвятлела наўкол, маці вышэй падняла галаву, а ў валасах ужо бліснула першая павуцінка ранняй восені. А як чакае маці кожнага ліста з трыкутнай пячаткай салдацкай пошты: усё прыслухоўваецца, усё прыглядаецца, куды зверне, што прынясе паштальён. З трывогай слухае маці кожную перадачу радыё і тэлебачання: недзе ж юнакі забіваюць адзін аднаго, хоць зроду не бачылі тых, па кім страляюць з гарматаў. А за што? Навошта? — думае і бядуе кожная маці.