Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
— Дзіўна, але яшчэ дзесьці жывуць людзі, якія маглі б мяне памятаць, — задумна прамовіў Скаловіч. — Вось толькі наўрад хто з іх мяне памятае.
— Вам ад гэтага сумна? — ня ў лад аптымістычна азваўся Макс.
Хімік скептычна пакрывіў вусны.
— Я хацеў, каб на мяне забыліся.
Даліла, якая, відаць, прыслухоўвалася да размовы, рэзка спынілася і азірнулася.
— Калі вы не ілжэце, то ў вас ня ўсё добра з псіхікай. Чалавек ня можа жадаць, каб на яго забыліся нашчадкі.
— “Ня можа” — слабы аргумент, — зьедліва пракаментаваў Скаловіч. Чым і наклікаў на сябе гнеўную водпаведзь.
— Гэта супярэчыць самаму галоўнаму інстынкту — самазахаваньня, — Даліла нават кулакі сьціснула — відаць, усё назапашанае раздражненьне на госьця ўскіпела. — Дзеля чагосьці вы ж працавалі, разьбіраліся ў сваіх іёнах-катыёнах? Ах, я здраднік… Ах, пакарайце мяне… Ах, я варты сьмерці… Колькі людзей, вашых сучасьнікаў, цудоўных, добрых, шчырых і ня вельмі, ляжыць на гэтых жа могілках безыменнымі, застрэленымі куляй у патыліцу, і іх сапраўды ніхто ніколі ня ўспомніць. І калі іх расстрэльвалі — тут, між гэтымі ліпамі, уночы, крадма, як хворае быдла, — у іх не павінна было заставацца надзеі на памяць, помнікі, вянкі, удзячныя словы… Каты не давалі ім ні пробліска веры ў гэта. Але я ведаю — яны верылі. А вы проста… выкапнёвы мізантроп.
Я прыняла сваю руку з рукі Скаловіча і трохі адступіла ўбок, каб якая трэска гневу ў мяне не патрапіла, калі зараз пачнецца гнеўная сеча.
Хімік нібыта не заўважыў маёй ганебнай рэтырацыі і прамовіў надзіва спакойна:
— На безыменных магілах ахвяраў спаконвеку расьлі гарады і храмы. Лозунг “Успомнім усіх” — гэта, вядома, прыгожа. Але гэта немагчыма. Пра гэта сьведчыць элементарная логіка. Мільярды людзей… Мільярды клетак цела сусьветнай цывілізацыі. Няхай кожная з іх непаўторная — што значаць іх імёны? Вы ведаеце хоць адно імя з тых, хто бараніў незалежнасьць царства Урарту? А там былі героі-патрыёты. Толькі на Страшным Судзе кожны верне сваю індывідуальнасьць. А для слабога чалавечага розуму — хоць бы сябе неяк уратаваць ад гардыні. Вы езьдзілі ў Чэхію, бачылі там знакамітую капліцу-костніцу? Усё ў ёй выкладзена з костак мніхаў. Агароджа, алтар, люстра… Кожны мніх ведаў, што пасьля ягонай сьмерці цялесны футарал ня будзе захоўвацца ў маўзалеі, і зямное імя згасьне, як рэха нябеснага. Вам, спадарыня, страшна ўявіць, што вас ня будзе ў зямным жыцьці. Вы па маладосьці год сваіх проста не можаце гэтага ўявіць увогуле. І цьвёрдай веры ў тое, што сьмерць — толькі пераход, брама — у вас няма. А наконт маёй мізантропіі — заўважце, я і не рабіў спробы вам спадабацца. Мяне, уласна кажучы, вашае меркаваньне пра маю сьціплую асобу не кранае. А кранае мяне, што дзесьці ў гэтай зямлі, магчыма, утварылася пустэча, таму што там няма мяне. Маіх непаўторных клетак. З-за вашай інфантыльнай любові да радыкальных эксьперыментаў над бліжнімі…
Голас прафесара падчас ягонай прамовы ўсё больш набіраў лекцыйную моц, і ўрэшце ўсе мы згрувасьціліся купкай, як хмаркі, у лучнасьці якіх высьпявала бура. Нават маленькая Віка перастала раскідваць лісьце і заціхла, як зьмерзлая птушка.
Касьцёл пазіраў на нас псеўдагатычнымі вачыма вокнаў, выцягнутых нібыта ў зьдзіўленьні — аркі, як зламаныя бровы.
— Пра мой варты жалю інтэлект і безадказнасьць я ўжо наслухалася! — зялёныя вочы маёй сяброўкі ад гневу ледзь не палалі агнём, як у сапраўднай кобры.
— Хто вам даў права гэтак размаўляць з Далілай? — выкрыкнуў Генусь на адрас хіміка. Я інстынктыўна падалася наперад, каб стаць паміж імі… Генусь нярвовы, а Скаловіч, між іншым, яшчэ ледзь на нагах стаіць — толькі дзе ж у гэтым прызнаецца. Вось і зараз атрутным тонам працягвае выклікаць на сябе:
— Вы сур’ёзна лічыце, што гэтае права можа нехта даць?
Генусь і праўда быў тузануўся, нібыта каб замахнуцца…
— Ціха, ціха! — вылез наперад Макс.— Хто-хто, а гісторыкі лепей за іншых ведаюць, наколькі няпэўная штука памяць. Больш за ўсё, між іншым, ілгуць дакументы.
— Гэта як? — падала голас я, бо захавала школьніцкі піетэт да кожнай паперкі з пячаткай.
— А так… Вось трэба табе, скажам, зваліць з заняткаў, ты ж стопудова нешта выдумаеш — цётка захварэла, дзядзька з Кіева прыехаў… Напішаш жаласную заяву ў дэканат. А потым твае біёграфы пачнуць шукаць неіснуючую хворую цётку і дзядзьку з Кіева. Загадка паэтэсы Русланы Палынскай! А ўсе гэтыя паведамленьні пра адстаўкі высокіх чынуш! Перапрацаваўся, саслаб здароўем, добраахвотна вырашыў, што на іншай пасадзе прынясе большую карысьць дзяржаве… Ага, як жа… І ні ў водным дакуменце не напішуць проста — скраў, застуканы на распусьце, абразіў яшчэ вышэйшага чынушу…