Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
„Як на бойні“
— У пэўны момант мной авалодала такое магутнае пачуцьцё адчаю і безвыходнасьці, што я быў гатовы да любой разьвязкі. Там такое беззаконьне панавала, што валасы дуба станавіліся. Горш як на бойні, дзе бʼюць сьвіней і кароў. У мяне ўсё жыцьцё перад вачыма пракруцілася.
„Цудоўныя парадкі“
— Пад раніцу прыйшоў афіцэр, начальнік пінскай міліцыі, і сказаў, што 90% затрыманых — гэта нявінныя. Папрасіў прабачэньня і патлумачыў, што гэта была спэцыяльная апэрацыя. Сказаў: „Але мы ня можам вас вызваліць проста так. Такі закон, што прысудзім штрафы. Нам не хапае на амуніцыю. А вас узяць — гэта ж казённая сіла траціцца, трэба хлопцаў пакарміць“. Я ня мог паверыць уласным вушам. За тое, што яны мяне пабілі, то я яшчэ мушу заплаціць? Цудоўныя парадкі!
„Жанчыны-супрацоўніцы зьбівалі нас нагамі“
— Пасьля мяне завялі ў будынак насупраць Мазырскага РАУС. Супрацоўнікі называлі гэты будынак „Страной для жизни“. Там нас білі. Паклалі зноў жа тварам на падлогу, тварам адзін аднаму ў азадак. Зрабілі такі ланцужок з нас. Там быў я і яшчэ трое хлопцаў. І проста білі дубінкамі. Жанчыны-супрацоўніцы зьбівалі нас нагамі.
„Прышпілілі да ўтаймавальнага крэсла“
— У аўтазаку асабліва ня білі, а ўжо ў Маскоўскім РУУС пачалі зьбіваць. Прышпілілі да крэсла, такое нейкае ўтаймавальнае, якое ніяк ня рухаецца. І зноў там пачалі мяне біць. Рукамі ўжо, не спэцсродкамі. Я крычаў: „Што вы робіце?!“ Я ня мог там ні спаць, ні адпачываць, бо быў прышпілены. Гадзіны тры так пратрымалі, потым пачалі дадзеныя пытацца. З тых, хто біў, запомніў толькі аднаго (ён бяз маскі быў, дзяжурны), таму што ён мяне прышпіліў кайданкамі, да ўпору, і лаяўся усялякімі дрэннымі словамі на мой адрас.
„Міліцыянткі бегаюць па крыві вясёлыя“
— Калі мяне прыцягнулі ў дворык аддзелу жлобінскай міліцыі, я страціў прытомнасьць, яны аблілі мяне вадой і пацягнулі ў падвал. Усе прыступкі туды былі залітыя крывёй. Шакавала ня тое, што нас там білі, а тое, што прыступкі залітыя крывёй, людзі ляжаць без прытомнасьці, а жанчыны-міліцыянткі бегаюць па крыві вясёлыя, хіхікаюць і размаўляць матамі. Я недзе згубіў акуляры, шлёпанцы, быў там босы. Босы ішоў па прыступках, залітых крывёй.
„Больш нас да сьцяны не паварочвалі“
— Калі прыехалі на месца, сказалі хутка выгружацца, загналі ў гараж. Загадалі: „Тварам да сьцяны, рукі на сьцяну!“ Я спытала: „Мы хіба небясьпечныя злачынцы, каб так стаяць?! Я аддаю перавагу глядзець у вочы небясьпецы“. І разьвярнулася проста перад чалавекам, які нам гэта загадаў, сустрэўшыся зь ім позіркам. Ён спытаў: „Паглядзелі, і што?“ Я адказала: „Падобны на даволі інтэлігентнага чалавека. Мы таксама тут усе лекары з вышэйшай адукацыяй, не бандыты, не экстрэмісты, таму давайце будзем паважаць адно аднаго“. Ён сышоў, усе павярнуліся і больш нас да сьцяны не паварочвалі.
„Найлепшыя скончыліся“
— У актавай залі, дзе мы чакаем сваёй долі, заўважаю адсутнасьць фатаздымкаў у рамках на дошках гонару: „Лучшие по профессии“, „Лучшие спортсмены“. Задаю пытаньне аб прычыне такой пустэчы міліцыянту: „У вас што, хіба найлепшыя скончыліся?“ — „Гэта ў мэтах бясьпекі. Дзе гарантыя, што вы потым ня знойдзеце гэтых людзей і ня будзеце ім помсьціць?“
„Падрапаныя твары“
— Так ляжалі да раніцы. Ва ўсіх былі падрапаныя твары. Бо цяжка было ляжаць і глядзець у асфальт. Проста пачынаеш задыхацца, таму што нос заціснуты. Паварочваесься — атрымліваеш.
„Няхай хлопцы пазабаўляюцца“
— У тамбуры пастарунку я паскардзіўся на млоснасьць, бо білі выключна па галаве. Я сказаў, што магу званітаваць, і папрасіў вывесьці на вуліцу. Яны зьлітаваліся і вывелі мяне на вуліцу. Я сеў на броўку і глытаў сьвежае паветра, каб хоць неяк ачуцца. Пакуль я сядзеў на броўцы, да мяне падышоў супрацоўнік у балаклаве і сказаў сваім „калегам“: „Слухайце, а давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца“. Мяне запхнулі ў аўтазак, паклалі на жывот, загадалі трымаць рукі за сьпінай і сэкундаў 20 білі дубінкамі па ягадзіцах.
„Білі суседа, а ён торгаўся ў тахт“
— Мужчын білі страшна. Перада мной ляжаў хлопец: ён настолькі прывык да біцьця, што ў яго рэфлекторна цела курчылася. Гэта значыць, калі білі ягонага суседа, ён торгаўся яму ў тахт.
„Карына кінула тэлефон аб сьцяну“
— Пазьней у спартзалю прыйшла жанчына ў форме супрацоўніка амону, Карына. Яе твар я запомню надоўга. Яна пачала біць тэлефоны затрыманых. Мой смартфон трапіўся першым. Карына кінула тэлефон аб сьцяну, потым аб падлогу, а потым дабіла рукамі. Сказала, што „рэвалюцыянэрам“ пашанцавала, што гэта не яе зьмена.