Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Ласіца пагладзіў рабрысты ражок, потым пацалаваў халодную, прапахлую потам і змазкаю ложу. I гэты нячутны, толькі ўяўны гук пацалунка, проста рух вуснамі, ізноў, як хвілін колькі таму, вярнуў яго ў школьныя гады, нагадаў Ніну, якую яму ўжо ніколі не цалаваць… Ніколі! Як жа так выйшла, адкуль да яго прычапілася гэтая пошасць, што, нібы ракавая пухліна, з’ела яго літаральна за чатыры месяцы!..
Ён напаўголаса абазваў сябе брудным, гадкім у адносінах да мужчын словам. Памагло. Разнюніўся! Нібыта ёсць у яго варыянты. Ужо спакойна, халоднай галавою Ласіца зноў хуценька перабраў дэталі абдуманага тысячу разоў плана. Што і казаць — яму моцна пашэнціла. Галоўнае, патрапіў у каравул і цяпер у руках АКМ. Друтое — выпаў чацвёрты пост, далёкі ад каравулкі і КПП і блізкі да лесу. Трэба было пачынаць. Ласіца прыслухаўся, падышоў да цёмнага плота, што быў крокаў за дваццаць ад складоў, пайшоў паўз яго. Вось першая дзірка — дошка знізу выламаная; вось яшчэ дзірка, хоць два чалавекі разам пралазь… Успомнілася, як яшчэ ў вучэбцы сяржант Салдатаў расказваў: «Пойдзеце ў каравул, там ёсць такі чацвёрты пост, каля самага плота. Ідзеш каля тых дзірак у плоце і чакаеш, што вось-вось завостраны дроцік ці страла ў шыю ўвап’юцца». Дроцік ці страла… Ды тут лёгкую зенітку можна працягнуць на тэрыторыю і рабіць з гэтымі складамі што хочаш…
Ласіца дайшоў да канца свайго паста. На слупе пад цынкавай накрыўкай, сагнутай у выглядзе таксафона, бялела кнопка званка і вісеў навушнік. Ласіца націснуў кнопку, адпусціў; пачуўшы голас памочніка начальніка каравула, строга адрапартаваў у навушнік, што на яго чацвёртым пасту ўсё ў парадку. Зноў паазіраўся, пайшоў, потым пабег назад, да знаёмай дзіркі. Апусціўся на карачкі, палез, раптам штосьці тузанула назад. Штык-нож чапляўся за абломкі верхніх дошак. Дурань, ну як на такое можна забывацца?! Забудзеш маленькую драбязу, а з-за яе ўсё паляціць к чорту… Пралез, хуценька адамкнуў штык-нож, размахнуўся, каб шпурлянуць яго ў лес, але пашкадаваў, схаваў у ножны.
Моцна пахла восеньскім сырым лесам. Вецер біў у твар, падсвістваў у вушах, быццам таксама радаваўся за чалавека, вольнага цяпер, як і ён сам, вецер. Ласіца бег паўз самы плот, прыціснуўшы да бакоў локці, рытмічна, бы на вучэбным кросе, удыхаў паветра носам і выпускаў ротам. Вось назіральная вышка, пустая ў цёмны час. Вунь агні КПП. Ласіца спыніўся, аддыхаўся, пайшоў у лес у напрамку дарогі. Раптам з КПП данесліся галасы, завёўся матор машыны. Ён зноў пабег і хутка апынуўся пры самай дарозе, стаіўся за тоўстай ялінаю. Марудна калываючыся на ямах разбітай дарогі, свецячы бліжнім святлом фар то ўверх, то ўніз, з-за павароту паказаўся «ЗіЛ». Прывозілі каравульным вячэру. Ласіца сцягнуў з галавы шапку, запіхнуў пад рэмень, паправіў аўтамат, падрыхтаваўся. Цяпер ім кіраваў толькі інстынкт, ён падказваў, што трэба рабіць, ён даваў надзею, што ўсё атрымаецца. Да горада яму, вядома, на гэтым «ЗіЛе» наўрад ці дабрацца, а вось да шашы… Машына параўнялася з елкаю. Адсюль пачыналася раўнейшая дарога. Злавіўшы момант, калі «ЗіЛ» амаль прыпыніўся для перагазоўкі і ўключэчэння перадачы, Ласіца, сагнуўшыся, сігануў на дарогу, ухапіўся за задні борт, з самага краю, завешанага брызентам, падцягнуўся і ўпёрся нагамі ў запасное кола знізу кузава. Машына рванула з месца, пайшла, пайшла… Ласіца асцярожна зірнуў увсрх. З кузава за брызентам яго рук не відаць, нічога не ўбачыць і шафёр. Днявальны і салдат з нарада па кухні, якія прывозілі ежу (Ласіца ведаў іх), маўчалі. Адзін, седзячы з таго ж боку, амаль ушчыльную да борта, за які ўчапіўся Ласіца, курыў, раз за разам выцягваючы руку з цыгарэтаю за борт і збіваючы попел Ласіцы на плячо.
«Штык-нож тырчэў бы зараз над бортам, і шапка, адразу ўбачылі б! Вось што такое драбяза!» — пахваліў сябе ў думках Ласіца.
Машына ехала даволі хутка. Ласіца вісеў, скурчыўшыся, яго гайдала з боку ў бок. Пакрысе ён перастаў асцерагацца і ўжо не дужа хаваўся, калі яго падкідвала і маглі заўважыць з кузава ці калі заносіла набок і ў люстэрка мог убачыць шафёр. Кепска было яшчэ тое, што ён перастаў арыентавацца, яму здавалася, вось-вось павінна быць шаша, але машына ехала, вакол чарнеў лес і лес. Зацякалі не так рукі, як ногі, сагнутыя ў каленях. Ласіца, зусім забыўшы асцярогу, высунуўся, глянуў уперад і ўбачыў прасвет між дрэў — то была шаша. Ён хацеў саскокваць. У гэты момант «ЗіЛ» трасянула на яме, пакаціліся, зазвінелі ў кузаве парожнія флягі, гучна вьлаяўся на шафёра днявальны… У Ласіцы расшчапіліся пальцы, яго падкінула ўверх, зацеклыя ногі не паспелі як след спрацаваць, і ён грымнуўся вобземлю. З гарачкі падхапіўся, абмацаў перш аўтамат, потым сябе, — здаецца, нічога, цэлы, толькі ўвесь у гразі і гразёю забіла рулю. Паспрабаваў пайсці за машынаю, якая ўжо ўзбіралася на шашу, і, гучна войкнуўшы ад болю, прысеў. Адразу чрабілася млосна і захацелася піць. Нага!.. Умудрыўся падвярнуць ці зламаць нагу! Каля саменькай шашы!