Доўгая сьмерць Крынак
- Автор: Яновіч Сакрат
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: АМЭГА
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Доўгая сьмерць Крынак». Краткое содержание книги:
— Ах, як там бойка мазгуюць! — завісьліва ўздыхнуў лысы сусед Сьцяпана, працёршы акуляры, каб лепш бачыць захапіўшае яго. — Нам такога-б дырэктара, ах!..
— I я прашу голасу! — вывіснуў нехта ў тлуме.
— Па чарзе, э, сябры, па чарзе, — старшыня пастукаў алоўкам па шыйцы графіну з вадою. Нарада паслухала яго пазвоньваньня ў пачцівым маўчаньні. Ну, калі ласка, э, ты, — указаў ён на ахвотнага.
— Дзякую, дарагі старшыня! — выскачыў указаны, бы прымаразак у раніцу. Факт, што дазволена мне сёньня выказаць сваё слова, як-жа бяззначнае, як-жа нягоднае нават адной хвіліны ўвагі каханага старшыні, факт гэты, так сказаць, векапомны мне, застанецца ў маёй памяці назаўсёды, як вышэйшая праява агульначалавечай ласкі. Факт, безь якога немагчыма ўявіць маё далейшае разьвіцьцё, залатымі літарамі будзе запісаны ў... у... гм, у...
— У мазгох, — падказалі яму з залі.
— У мазгох! Мала сказаць — у мазгох, у сэрцы запішу я яго, і дзеці мае ды ўнукі! Бо, самі падумайце, што... чаго былі-б мы вартыя без бацькоўскага клопату старшыні, які жыве ў кожным з нас. Старшыня й каапэратыў — гэта сынонімы аднаго й таго-ж...
— Гэта — што? — перапытаў у яго старшыня.
— Сынонімы, — аратар пабялеў.
— Э-э... Люблю я, э, крытычнае слоўца ў мой адрас, — ураўнаважана сказаў ён. — Э-э... Ну, што далей? Гаварыце, э...
— Прабачце, ад урачыстага хваляваньня мне перасохла ў горле, — глуха пралапатаў той. — Няхай жыве наш старшыня!
— Няхай!
— Няхай!!!.. Ай!.. Ай!..
— Ура-а-аа!!..
Выкрычаліся ўдосталь. Слабейшыя хапаліся за левы бок грудзей, ня ведаючы, што сэрца знаходзіцца больш-менш пасярэдзіне іх.
У атмасфэры адчувальнай трывогі ва ўвесь рост падняўся мажны мужчына, пра якога Сьцяпан дачуў шаптаніну: "О, гэта той".
— Прыгожа гаварыць я ня ўмею, сябры. Зрэшты, ня ў тым, я думаю, справа, ён перавёў дых. — Прадмоўца, проста скажу вам, павінен быў хоць трохі пабыць сумленным, гэта значыць, упамянуць, што выступіў ён ад свайго ймя, i толькі ад свайго. Бо мы, усе тут сабраныя, — ён значна ўзмахнуў рукою, — рашуча й востра кляймім яго нахабную напайку на старшыню й згуртаванае вакол старшыні кіраўніцтва каапэратыву, i нас, згуртаваных вакол кіраўніцтва! — О Гэта Той павёў вачыма па тварах прысутных, зьмярцьвелых ад унутранага напружаньня. Няхай ён, — тут указаў тоўстым пальцам у кірунку свайго папярэдніка, — свае сымоніны павесіць у прыбіральню на цьвічок! Ды, нават, у прыбіральні быць ім, усё-такі, залішні гонар, эгэ...
— Правільна!
— Гарачым жалезам прыпячэм заразу!
— Выключыць, паскуду, з каапэратыву!
— Вон! Вон! Вон!
— Супакойцеся, сябры, — папрасіў О Гэта Той. — Перш трэба нам выкрыць сутнасьць варожых падкопаў, накіраваных супроць...
— Я... Я... Я, я, я... — схапіўся са свайго месца прадмоўца. Ён, незнарокам, перакуліў флякон з кветкамі на стале, зь якога вылілася вада, замочваючы нататнікі ўдзельнікаў нарады. — Я... — i пахіснуўся ён, быццам падкошаны, i паваліўся на падлогу. Абамлелага, вынесьлі яго ў калідор, перадалі пад апеку прыбіральніцы.
— Сядайце, сябры, — О Гэта Той ветліва папрасіў тых, што выносілі нягодніка й зараз спалохана стаялі ля парога. — Ворагі нашага калектыву, як бачыце, цалкам ізаляваныя, — прамаўляў ёй далей. — Такі лёс чакае i іх пасьлядоўнікаў, якіх, несумненна, вышукаем, як тых гнідаў на здаровым, жыцьцярадасным целе, эгэ...
О Гэта Той задумаўся.
Ён, як карова хвастом ад мухаў, аднекваўся ад прыбою воплескаў досыць нецярпліва вымаўляючы якіясьці словы, нячутныя. Да яго падбягалі з нарады й сардэчна ціснулі яму рукі, ляпалі па плячы. Урэшце, падхапілі яго, бездапаможнага на хвалі энтузыязму, на рукі ды гушкнулі пад самюткую столь; ён, растапыраны ўгары, праляцеў над галовамі ды гакнуўся, як нежывы, на даўжэрны канфэрэнцыйны стол, разьбіваючы сабою шклянкі, бутэлькі зь ліманадам, пасудзіны зь яблыкамі; асколкамі разьляцеліся з-пад яго ў бакі пісьмовыя прыборы. Зваліў ён сабе на жывот пудовы жырандоль, за які, падаючы, на міг зачапіўся.
Ляжаў, вырачыўшыся О Гэта Той па-казьлінаму.
Прывялі і па яго прыбіральніцу. Кабеціна ўшчаперылася аберуч у ягоны каўнер ды вывалакла тушу — разьбіваючы ёю няшчаснае крэсла, перакуленае, — у каморку зь мётламі, вёдрамі, вугалем. Там ужо прытамнеў яго прадмоўца.