Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
Я зноў зрабіў яму знак, каб ён наблізіўся да мяне, і наогул імкнуўся як-небудзь яго падбадзёрыць.
Ён падыходзіў да мяне ўсё бліжэй і бліжэй. Праз кожныя дзесяць-дванаццаць крокаў ён падаў на калені. Відаць, ён хацеў выказаць мне падзяку за тое, што я выратаваў яму жыццё.
Я ласкава ўсміхаўся яму і з самым прыветным выглядам вабіў яго да сябе рукой.
Нарэшце дзікун падышоў зусім блізка. Ён зноў упаў на калені, пацалаваў зямлю, прыціснуўся да яе лбом і, прыўзняўшы маю нагу, паставіў яе сабе на галаву. Гэта, напэўна, павінна было азначаць, што ён клянецца быць маім рабом да апошняга дня свайго жыцця.
Я падняў яго і з той жа ласкавай прыязнай усмешкай стараўся паказаць яму, што яму не трэба мяне баяцца.
Але трэба было дзейнічаць далей. Раптам я заўважыў, што той дзікун, якога я стукнуў прыкладам, не забіты, а толькі аглушаны. Ён заварушыўся і апрытомнеў.
Я паказаў на яго ўцекачу:
— Вораг твой яшчэ жывы, бачыш!
У адказ ён прамовіў некалькі слоў, і хоць я нічога не зразумеў, але нават гукі яго голасу здаліся мне прыемнымі і мілагучнымі: бо за ўсе дваццаць пяць гадоў свайго жыцця на выспе я ўпершыню пачуў чалавечы голас!
Аднак у мяне не было часу доўга думаць пра гэта: людаед, якога я аглушыў, настолькі апрытомнеў, што падняўся і ўжо сядзеў на зямлі, і я заўважыў, што мой дзікун зноў пачынае баяцца яго. Трэба было супакоіць няшчаснага. Я ўжо быў прыцэліўся ў яго ворага, але тут мой дзікун пачаў паказваць мне знакамі, каб я даў яму шаблю, якая вісела ў мяне за плячыма. Я падаў яму шаблю. Ён імгненна схапіў яе, кінуўся на свайго ворага і адным узмахам адсек яму галаву.
Такое майстэрства вельмі здзівіла мяне: ніколі ж у жыцці гэты дзікун не бачыў іншае зброі, апрача драўлянага мяча. Пазней я даведаўся, што тутэйшыя дзікуны выбіраюць для сваіх мячоў настолькі моцнае дрэва і востраць яго так выдатна, што такім мячом можна адсекчы галаву не горш, чым стальным.
Пасля гэтай крывавай расправы са сваім праследавацелем мой дзікун (з гэтага часу буду называць яго толькі сваім дзікуном) з вясёлым смехам вярнуўся да мяне, трымаючы ў адной руцэ маю шаблю, а ў другой — галаву забітага. Зрабіўшы перада мною шэраг нейкіх незразумелых для мяне рухаў, ён урачыста паклаў галаву і зброю на зямлю каля маіх ног.
Ён бачыў, як я застрэліў аднаго з яго ворагаў, і гэта ўразіла яго: ён не мог зразумець, як гэта можна забіць чалавека на такой вялікай адлегласці.
Ён паказаў на забітага мною і на мігах папрасіў у мяне дазволу збегаць зірнуць на яго. Я таксама, гэтак жа на мігах, пастараўся даць яму зразумець, што не забараняю яму выканаць гэта жаданне, і ён адразу ж пабег туды.
Наблізіўшыся да трупа, ён знямеў і доўга ў здзіўленні глядзеў на яго. Потым нахіліўся над ім і пачаў паварочваць яго то на адзін, то на другі бок. Убачыўшы ранку, ён пачаў уважліва разглядаць яе. Куля трапіла дзікуну якраз у сэрца, і крыві выйшла мала. Адбылося ўнутранае кровазліццё, смерць надышла імгненна.
Зняўшы з мерцвяка яго лук і калчан са стрэламі, мой дзікун зноў падбег да мяне.
Я адразу ж павярнуўся і пайшоў адсюль, запрашаючы яго ісці за мною. Я паспрабаваў растлумачыць яму на мігах, што заставацца тут немагчыма, таму што дзікуны, якія знаходзяцца на тым беразе, могуць кожную хвіліну кінуцца за ім у пагоню.
Ён адказаў мне таксама знакамі, што варта было б спачатку закапаць мерцвякоў у пясок, каб ворагі не ўбачылі іх, калі прыбягуць на гэта месца. Я даў сваю згоду (таксама з дапамогай знакаў), і ён адразу ж узяўся за работу. Са здзіўляючай хуткасцю ён выкапаў рукамі ў пяску такую глыбокую яму, што ў ёй лёгка мог змясціцца чалавек. Затым ён зацягнуў у гэту яму аднаго забітага і засыпаў яго пяском; з другім ён зрабіў тое ж самае, — карацей кажучы, за якую-небудзь чвэрць гадзіны ён пахаваў іх абодвух.
Пасля гэтага я загадаў яму ісці за мною, і мы рушылі ў дарогу. Ішлі мы доўга, таму што я павёў яго не ў крэпасць, а зусім у другі бок — у самую далёкую частку выспы, дзе быў мой новы грот.
У гроце я даў яму хлеба, галінку разынак і крыху вады. Вадзе ён асабліва ўзрадаваўся, таму што пасля хуткага бегу адчуваў моцную смагу.
Калі ён падмацаваўся, я паказаў яму куток пячоры, дзе ў мяне ляжаў ахапак рысавай саломы, прыкрыты коўдраю, і знакамі растлумачыў яму, што ён можа легчы тут і начаваць.
Бедалага лёг і імгненна заснуў.
Карыстаючыся момантам, я пастараўся лепш разгледзець, як ён выглядае.
Гэта быў прывабны малады чалавек, высокага росту, цудоўнага складу, рукі і ногі меў мускулістыя, моцныя і ў той жа час надзвычай зграбныя; на выгляд яму было гадоў дваццаць шэсць. У твары яго я не заўважыў нічога панурага ці жорсткага; гэта быў мужны і ў той жа час пяшчотны і прыемны твар, і на ім нярэдка з'яўляўся выраз лагоднасці, асабліва калі ён усміхаўся. Валасы ў яго былі доўгія і чорныя; яны падалі на твар гладкімі пасмамі. Лоб высокі, адкрыты; колер скуры цёмна-карычневы, вельмі прыемны для вока. Твар круглы, шчокі поўныя, нос невялікі. Рот прыгожы, губы тонкія, зубы роўныя, белыя, як слановая косць. Спаў ён не больш паўгадзіны, нават не спаў, а драмаў, потым усхапіўся на ногі і выйшаў з пячоры да мяне.