Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
Тут толькі я здагадаўся, што асабліва ўражвала яго, калі я страляў са стрэльбы: да гэтага часу ён яшчэ ні разу не бачыў, як я зараджаю стрэльбу, і, відаць, думаў, што ў гэтай жалезнай палцы сядзіць нейкая злая чарадзейная сіла, якая прыносіць на любой адлегласці смерць чалавеку, зверу, птушцы, наогул усякай жывой істоце, дзе б яна ні знаходзілася, блізка ці далёка.
Ён і потым яшчэ доўгі час не здольны быў адолець у сабе страх і здзіўленне перад кожным маім стрэлам.
Мне здаецца, калі б я толькі дазволіў яму, ён пачаў бы пакланяцца мне і маёй стрэльбе, нібыта мы былі багамі.
Першы час ён не адважваўся нават дакрануцца да стрэльбы, але затое размаўляў з ёю, калі думаў, што я не чую, як з жывою істотай. Пры гэтым яму здавалася, што стрэльба яму адказвае. Потым ужо ён мне прызнаўся, што ён упрошваў стрэльбу, каб яна злітавалася над ім.
Калі Пятніца крыху апамятаўся, я прапанаваў яму прынесці мне забітую дзічыну. Ён зараз жа пабег па яе, але вярнуўся не адразу, таму што яму давялося доўга шукаць птушку: як выявілася, я не забіў яе, а толькі параніў, і яна адляцела далёка ўбок. Нарэшце ён усё-такі знайшоў яе і прынёс; я ж выкарыстаў яго адсутнасць, каб зноў зарадзіць стрэльбу. Я лічыў, што да пэўнага часу будзе лепей не паказваць яму, як гэта робіцца.
Я спадзяваўся, што нам трапіцца яшчэ якая-небудзь дзічына, але больш нічога не траплялася, і мы вярнуліся дадому.
У той жа вечар я садраў шкуру з забітага казляняці і старанна выпатрашыў яго, потым распаліў вогнішча і, адрэзаўшы кавалак казляціны, зварыў яго ў гліняным гаршку. Атрымаўся цудоўны мясны навар. Я паспытаў яго і прапанаваў Пятніцу. Вараная страва яму вельмі спадабалася, толькі ён здзівіўся, навошта я яе пасаліў. Ён пачаў паказваць мне на мігах, што соль — агідная, непрыемная ежа. Узяўшы ў рот дробачку солі, ён пачаў пляваць і зрабіў выгляд, нібыта яго пачынае ванітаваць, а потым выпаласкаў рот вадою.
Каб запярэчыць яму, я ў сваю чаргу паклаў у рот кавалачак мяса без солі і таксама пачаў пляваць, паказваючы, што мне праціўна есці без солі.
Але Пятніца ўпарта стаяў на сваім. Мне так і не ўдалося прывучыць яго да солі. Толькі праз многа часу ён пачаў саліць сваю ежу, ды і то вельмі патрошачку.
Накарміўшы свайго дзікуна варанай казляцінай і булёнам, я вырашыў пачаставаць яго на другі дзень той жа самай казляцінай, толькі ўжо ў выглядзе смажаніны. Смажыў я яе над вогнішчам, як гэта часта робіцца ў нас, у Ангельшчыне. З двух бакоў вогнішча ўтыкаюць у зямлю дзве жэрдкі, зверху прымацоўваюць паміж імі папярочную жэрдку, вешаюць на яе кавалак мяса і паварочваюць яго над агнём да таго часу, пакуль яно не сасмажыцца.
Усё гэта збудаванне Пятніцу вельмі спадабалася. Калі ж ён паспытаў смажаніны, захапленню яго не было межаў. Самымі выразнымі жэстамі ён тлумачыў мне, як спадабалася яму гэта ежа, і, нарэшце, заявіў, што ніколі больш не будзе есці чалавечага мяса. Я вельмі ўзрадаваўся гэтаму.
На другі дзень я даручыў яму малоць і прасяваць збожжа, папярэдне паказаўшы, як гэта робіцца. Ён хутка зразумеў, у чым справа, і пачаў вельмі энергічна працаваць, асабліва калі даведаўся, дзеля чаго гэта робіцца. А даведаўся ён пра гэта ў той жа дзень, таму што я накарміў яго хлебам, спечаным з нашай мукі.
У хуткім часе Пятніца навучыўся працаваць не горш за мяне.
І таму, што цяпер я вымушаны быў карміць двух чалавек, мне патрэбна было падумаць пра будучыню. Перш за ўсё мне трэба было павялічыць свае пасевы і сеяць больш збожжа. Я выбраў вялікі ўчастак зямлі і ўзяўся абгароджваць яго. Пятніца не толькі старанна, але і вельмі весела і з задавальненнем памагаў мне ў працы.
Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое і патрэбна будзе зрабіць запас хлеба не толькі на мяне, а і на яго таксама. Яго вельмі расчуліла, што я так клапаціўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, і просіць, каб я хутчэй навучыў яго рабіць розную карысную работу, а ўжо ён будзе старацца з усяе сілы.
То быў самы шчаслівы год майго жыцця на выспе.
Пятніца вывучыўся даволі прыстойна гаварыць па-ангельску: ён ведаў назвы амаль усіх рэчаў, якія яго акружалі, і тых мясцін, куды я мог яго пасылаць, дзякуючы чаму даволі талкова выконваў усе мае даручэнні.