Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
Працягваючы назіраць за імі ў падзорную трубу, я ўбачыў, што яны падбеглі да лодак, выцяглі адтуль двух чалавек і павалаклі да вогнішча. Відаць, яны мелі намер забіць іх.
Да гэтай хвіліны няшчасныя, відаць, ляжалі ў лодках са звязанымі рукамі і нагамі. Аднаго з іх імгненна збілі з ног. Відаць, яго стукнулі па галаве дубінай ці драўляным мечам, гэтай звычайнай зброяй дзікуноў; зараз жа на яго накінулася яшчэ двое ці трое і ўзяліся за работу: распаролі яму жывот і пачалі патрашыць.
Другі палонны стаяў тут жа, чакаючы свае чаргі.
Узяўшыся за першую ахвяру, мучыцелі забылі пра яго. Палонны адчуў сябе на волі, і ў яго, відаць, узнікла надзея на выратаванне: ён раптам кінуўся наперад і з незвычайнай хуткасцю прыпусціў наўцёкі.
Ён бег пясчаным берагам у той бок, дзе было маё жытло.
Прызнаюся, я страшэнна напалохаўся, калі заўважыў, што ён бяжыць проста на мяне. Ды і як было не напалохацца: у першую хвіліну мне здалося, што даганяць яго кінулася ўся шайка. Аднак я застаўся на месцы і хутка ўбачыў, што за ўцекачом гоняцца ўсяго толькі два ці тры чалавекі, а астатнія, крыху прабегшы, патроху пачалі адставаць, а потым зноў павярнулі назад да вогнішча. Гэта надало мне бадзёрасці. Але канчаткова я супакоіўся, калі ўбачыў, што ўцякач далёка апярэдзіў сваіх ворагаў: было зразумела, што, калі ён здолее прабегчы з такой хуткасцю яшчэ з паўгадзіны, яны яго ні ў якім разе не зловяць.
Дзікуноў, якія беглі берагам, і маю крэпасць падзяляла вузкая бухта, пра якую я расказваў не раз, — тая самая, куды я прычальваў са сваімі плыгамі, калі перавозіў рэчы з нашага карабля.
«Што ж ён будзе рабіць, гэты бядак, — падумаў я, — калі дабяжыць да бухты? Ён павінен будзе пераплысці яе, інакш яму не ўцячы ад пагоні».
Але я дарэмна непакоіўся за яго: уцякач не думаючы кінуўся ў ваду, хутка пераплыў бухту, вылез на другі бераг і, не запавольваючы кроку, пабег далей.
З трох людаедаў, што гналіся за ім, толькі двое кінуліся ў ваду, а трэці не адважыўся: відаць, ён не ўмеў плаваць; ён пастаяў на тым беразе, паглядзеў услед двум другім, потым павярнуўся і, не спяшаючыся, накіраваўся назад.
Я з радасцю заўважыў, што два дзікуны, якія гналіся за ўцекачом, плылі разы ў два павольней за яго.
І вось тут я зразумеў, што надышоў час дзейнічаць. Сэрца маё загарэлася.
«Цяпер або ніколі! — сказаў я сам сабе і памчаўся наперад. — Выратаваць, выратаваць гэтага няшчаснага, чаго б гэта ні каштавала!»
Не трацячы часу, я збег па лесках да падножжа гары, схапіў пакінутыя там стрэльбы, затым з такой жа хуткасцю зноў узабраўся на гару, спусціўся з другога боку і пабег наўскасяк проста да мора, каб спыніць дзікуноў.
І таму, што я бег уніз па схіле пагорка самай кароткай дарогай, то хутка апынуўся паміж уцекачом і яго праследавацелямі. Ён уцякаў, не азіраючыся, і не заўважыў мяне.
Я крыкнуў яму:
— Стой!
Ён азірнуўся і ў першы момант, здаецца, спалохаўся мяне яшчэ больш, чым сваіх праследавацеляў.
Я зрабіў яму знак, каб ён наблізіўся да мяне, а сам пайшоў павольным крокам насустрач тым двум дзікунам, якія гналіся за ім. Калі пярэдні параўняўся са мною, я нечакана кінуўся на яго і прыкладам стрэльбы збіў яго з ног. Страляць я баяўся, каб не спудзіць астатніх дзікуноў, хоць яны былі далёка і наўрад ці маглі пачуць мой стрэл, а калі б і пачулі, то ўсё роўна не здагадаліся б, што гэта такое.
Калі адзін з пагоні ўпаў, другі, відаць, спалохаўшыся, спыніўся. Я між тым спакойна набліжаўся да яго. Але калі, падышоўшы бліжэй, я ўбачыў, што ў руках у яго лук і страла і што ён цэліцца ў мяне, мне міжволі давялося стрэліць. Я прыцэліўся, спусціў курок і паклаў яго на месцы.
Няшчасны ўцякач, нягледзячы на тое, што я забіў яго абодвух ворагаў (ва ўсякім разе так яму павінна было здавацца), быў да таго напалоханы агнём і гукам стрэлу, што страціў здольнасць рухацца; ён стаяў, як прыкаваны да месца, не ведаючы, на што адважыцца: бегчы ці застацца пры мне, хаця, напэўна, хацеў бы ўцячы, калі б мог.
Я зноў пачаў крычаць яму і паказваць на мігах, каб ён падышоў бліжэй. Ён зразумеў: зрабіў два крокі і спыніўся, потым зрабіў яшчэ некалькі крокаў і зноў стаў як укопаны.
Тут я заўважыў, што ён увесь дрыжыць; няшчасны, відаць, баяўся, што, калі ён трапіць да мяне ў рукі, я зараз жа заб'ю яго, як і тых дзікуноў.