Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Путешествия и география » Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:

Сусветную вядомасць Даніэлю Дэфо прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 79
Перейти на страницу:

Усю раніцу я назіраў за морам і тым прадметам і пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, які стаіць на якары.

Я не вытрымаў: схапіў стрэльбу, падзорную трубу і пабег на паўднёва-ўсходні бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзіла ў мора.

Туман ужо развеяўся, і, забраўшыся на бліжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сціснулася ад гора. Відаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы і разбіўся на тым месцы, дзе яны заступалі шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былі тыя ж самыя скалы, што некалі пагражалі і мне.

Калі б тыя, што пацярпелі крушэнне, заўважылі выспу, яны напэўна спусцілі б шлюпкі і паспрабавалі б дабрацца да берага.

Але чаму яны стралялі з гармат адразу пасля таго, як я запаліў сваё вогнішча?

Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцілі на ваду выратавальную шлюпку і пачалі кіравацца да берага, але не мелі сілы адолець шалёную буру, іх знесла ўбок і яны ўсе патанулі? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталіся без лодак? У час жа буры здараецца і так: калі судна пачынае тануць, людзям часта даводзіцца, каб аблегчыць груз, выкідаць свае шлюпкі за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзін? Можа, разам з ім у моры было яшчэ два ці тры караблі і яны, пачуўшы сігналы, падплылі да няшчаснага сабрата і падабралі яго экіпаж? Праўда, гэтак наўрад ці магло здарыцца: другога карабля я не бачыў.

Але які б лёс ні напаткаў тых няшчасных, я не мог ім дапамагчы, і мне заставалася толькі аплакваць іх пагібель.

Мне было шкада і іх і сябе.

Яшчэ больш пакутліва, чым раней, я адчуў у гэты дзень увесь жах свае адзіноты. Ледзь толькі я ўбачыў карабель, я зразумеў, як страшэнна змаркоціўся я без людзей, як страшэнна мне хочацца бачыць іх твары, чуць іх галасы, паціскаць ім рукі, размаўляць з імі! Мае вусны міжвольна і бясконца паўтаралі словы: «Ах, калі б хоць два ці тры чалавекі… не, няхай сабе нават хоць адзін толькі выратаваўся і прыплыў да мяне! Ён быў бы мне таварышам, сябрам, і я здолеў бы дзяліць з ім гора і радасць».

Ні разу за ўсе гады мае адзіноты не адчуваў я такога палкага жадання сустрэчы з людзьмі.

«Няхай бы хоць толькі адзін! Ах, хоць бы адзін!» — паўтараў я тысячу разоў.

І гэтыя словы распальвалі ва мне такі сум, што, вымаўляючы іх, я сутаргава сціскаў кулакі і так моцна сашчэпліваў зубы, што потым доўга не мог іх расцяць.

Раздзел дваццаты

Рабінзон робіць намер пакінуць сваю выспу

Да апошняга года майго жыцця на выспе я так і не даведаўся, ці выратаваўся хто-небудзь з таго карабля, які загінуў.

Праз некалькі дзён пасля караблекрушэння я знайшоў на беразе, насупраць таго месца, дзе разбіўся карабель, цела юнгі. Я глядзеў на яго, шчыра сумуючы. У яго быў такі мілы, такі дабрадушны малады твар! Магчыма, калі б ён застаўся жывы, я палюбіў бы яго, і жыццё маё зрабілася б куды шчаслівейшым.

Але не варта плакаць па тым, чаго ўсё роўна не вернеш. Я доўга блукаў па ўзбярэжжы, а потым зноў падышоў да тапельца. На ім былі кароткія палатняныя штаны і матроская куртка. Не было ніякіх прыкмет, па якіх можна было б вызначыць, якой ён нацыянальнасці: у кішэнях у яго я не знайшоў нічога, апрача дзвюх залатых манет і люлькі.

Бура сціхла, і мне страшэнна захацелася ўзяць лодку і дабрацца на ёй да карабля. Я не сумняваўся, што знайду там нямала карысных рэчаў, якія могуць мне спатрэбіцца. Але не толькі гэта спакушала мяне: больш за ўсё мяне хвалявала надзея, што, магчыма, на караблі засталася якая-небудзь жывая істота, якую я здолею выратаваць ад смерці.

«І калі я выратую яе, — казаў я сабе, — маё жыццё будзе куды больш светлым і радасным».

Гэта думка завалодала ўсім маім сэрцам: я адчуваў, што ні днём ні ноччу не буду ведаць спакою, пакуль не наведаю разбітае судна. І я сказаў сабе: «Няхай будзе што будзе, а я паспрабую дабрацца туды. Чаго б гэта мне ні каштавала, я павінен адправіцца ў мора, калі не хачу, каб мяне замучыла сумленне».

З гэтым рашэннем я паспяшаўся вярнуцца да сябе ў крэпасць і пачаў рыхтавацца да цяжкай і небяспечнай паездкі.

Я ўзяў хлеба, вялікі збан прэснай вады, бутэльку рому, карзіну з разынкамі і компас. Узваліўшы сабе на плечы ўсю гэту каштоўную паклажу, я накіраваўся да таго берага, дзе стаяла мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я склаў у яе рэчы і вярнуўся па новы груз. На гэты раз я прыхапіў з сабою вялікі мяшок рысу, другі збан прэснай вады, дзесяткі два ячменных праснакоў, бутэльку казінага малака, кавалак сыру і парасон.

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 79
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)