Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Дождж: возера ў акупунктуры
Дождж: возера ў акупунктуры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дождж: возера ў акупунктуры

Электронная книга - «Дождж: возера ў акупунктуры». Краткое содержание книги:

Паэтычныя мініяцюры «Пункціры» спадарожнічаюць Алесю Разанаву ад пачатку творчага шляху. Яны ўваходзілі асобнымі раздзеламі ў яго паэтычныя зборнікі, шыхаваліся калонамі ў дзвюхмоўнай кнізе «Гановерскія пункціры», а зараз сабраліся разам — i ранейшыя, i самыя новыя, «швейцарскія», што яшчэ не аб'яўляліся ў друку. Пункціры — акупункціры: у даступнай воку i думцы рэчаіснасці яны заўважаюць тое, што з'яўляецца своеасаблівым знакам гэтай рэчаіснасці, кранутае — яно змяшчаецца ў водгук i ўкладаецца ў радкі.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19
Перейти на страницу:
Уздоўж начнога перона такія самотныя ліхтары, быццам прыйшлі кагосьці праводзіць i не могуць успомніць — каго.
Афарбавалі ў парку замшэлы валун — i памерлі стагоддзі.
Зноў выпадкова сустрэўся з адным выпадковым сустрэчным: хіба ён па-ранейшаму незнаёмы?
Пеўні, пазвязваныя матузамі: ix прадаюць — а яны спяваюць.
Нехта надзвычай знаёмы — быццам світала ўваччу — набліжаўся насустрач. Ах, гэта проста жаночая прыгажосць. Жывём пад высокімі дрэвамі — вышэйшыя за саміх сябе на вышыню дрэў.
Машыны глядзяць вачамі людзей, людзі — вачамі машын: ці знойдзем дарогу ў наступнасць?!.
Дождж напаіў зямлю — i вочы расплюшчыліся ў зямлі i ўбачылі неба.
Стары мураваны дом: становіцца ён з гадамі усё больш адметны, усё больш сапраўдны, усё больш жывы.
Дзівосныя рыбіны — уначы плаваем у бязмежжы, a ўдзень блукаем па сушы, шукаючы ў ёй рэшткі страчанага бязмежжа.
Паўрасталі ў зямлю замшэлыя камяні з незразумелымі літарамі: на зямлі нікога не засталося, хто змог бы ix прачытаць?!.
Спрачаюцца людзі ў чарзе, а ззаду, за ўсімі, стаіць самотнае неба i ўсім уступае сваю чаргу.
У апусцелых дрэвах пустое гняздо: мінула, пакуль яго ўбачыў, лета.
Сярод зялёных кустоў язміну i бэзу зялёная лаўка. Якой яна стане самотнай, калі ападуць лісты!
У старажытным парку раптоўна ўзляцелі гурмой вароны: нібы жывая істота, ў галінах вагаецца крык i ўспуджвае наваколле.
Які агромністы дом!.. Тут што ні дня то свята, а то жалоба.
Аркуш паперы — аркуш жыцця: забіраецца час, збіраюцца знакі.
Усё змясцілася ў маім целе: безліч вякоў, безліч жыццяў, а сам я — не.
Яшчэ не світала — прастукацелі па вуліцы нейчыя крокі. Пра што яны гаварылі? Нешта i пра мяне.
Дрэвы ўскрай прорвы: стаяць — бы схапіліся ў бітве з лесам.
Ca старажытнага бору насоўваецца змярканне. Ці — старажытнасць?
У парасткаў-клёнікаў такія ж сапраўдныя, як i ў вялікіх кляноў, лісты i — такая ж сапраўдная восень.
Світае — так паволі, так неахвотна, нібы засталіся на цэлым свеце насельнікамі адно толькі шэрыя камяні.
Прачнуўся ўночы: па чорных дахах кралася жоўтая поўня, кагосьці высочваючы — ці не мяне?
Зялёны мох на страсе — песнаспеў зялёны асенняму хмураму небу.
Да каменя прытуліўся жоўты кляновы ліст — хочацца стаць каменным?!.
У вокнах запальваецца святло. Хто праходзіць узбоч дамоў — зазірае ў вокны, хто ўнутры — засланяе вокны.
Быццам само чаканне увасобілася i стала постаццю — дрэва на гарадскім прыпынку.
Глухія завулкі. Бляклыя ліхтары. Хаваецца рздкі прахожы ад цемрадзі ў светлыню, ад светлыні — у цемрадзь.
Застаўся вісець на сцяне пажоўклы леташні каляндар: гэткія самыя дні, гэткія самыя тыдні, — a ўсё ўжо не гэтак.
Леташнія аб'явы: чытаюць ix адно толькі вецер i дождж, пакуль не прачытаюць дарэшты.
На небе ўзышоў вусцішны, даўні, відушчы месяц — i распазнаў мяне ува мне.
Убачыў на вуліцы, у прыцемках, чалавека, надзвычай падобнага на майго — ужо нябожчыка - бацьку. О як мне хацелася ўслед пайсці, о як мне хацелася папытацца: хто ён?!.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)