Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: Ты вылучаеш нейкія свае творы з ліку астатніх? Ну, скажам, хоць і не абсалютна табе падабаюцца, але ўсё ж менш за іх сорамна? Табе здаецца, што яны адпавядаюць таму, што хацелася напісаць. Якія з іх ты вылучаеш?
В. Б.: Ведаеш, скажу табе, што ў мяне няма пэўных адносін у гэтым сэнсе. Можа, я ведаю, якія творы слабейшыя…
А. А.: Якія?
В. Б.: Ну вось аповесці «Альпійская балада», «Здрада»… У адной занадта ад рамантыкі, у другой перабольшана палемічнасць. Некаторыя апавяданні напісаны ў спрошчанай манеры, як гэта патрабавалася ў свой час. Зноў жа ацэнкі розных людзей могуць быць розныя.
А. А.: Не, я якраз пытаюся, як табе здаецца?
В. Б.: Мне рознае ў розны час здаецца. Магу толькі сказаць, што розныя творы даліся мне з рознай затратай эмацыянальнай энергіі. Хаця ўвогуле я лічу, што пішу хутка.
А. А.: Ну, а колькі актыўнай працы за сталом на кожную ты траціш?
В. Б.: Цяпер, можа, больш. А «Трэцюю ракету» напісаў за тры месяцы. Пісаў зноў жа на вайсковых зборах, пераважна ў курылцы, у вайсковым гарадку пад Навагрудкам.
А. А.: Ага. А «Сотнікава»?
В. Б.: «Сотнікава» пісаў больш, але таксама нядоўга. (Зрэшты, гэта зусім не мая назва, у мяне аповесць называлася «Ліквідацыя», што вынікала з сюжэта ды і з самой ідэі твора. Але ў «Новом мире» пабаяліся яе пакінуць і назвалі паводле імя аднаго героя. Вядома ж, станоўчага, што цалкам адпавядала канонам сацрэалізму.) Фінал я ўжо ўяўляў, таму пісаў паслядоўна, не спяшаючыся.
А. А.: Ну, а што ты яшчэ не сказаў? Што б табе хацелася яшчэ сказаць у аповесці? Не якія аповесці напісаць, а вось менавіта, што сказаць?
В. Б.: Хацелася б сказаць шмат што, але як? Тут, бачыш, узнікае важная для мастацтва праблема (ці двуадзінства праблемы) — што і як. Калі выразна бачыш — што, дык ніяк не знаходзіцца — як. Добра, калі тое ды іншае гарманічна спалучаюцца, толькі тады і атрымліваецца высокамастацкі твор. Мабыць, гэта вядома кожнаму літаратару, і тады на дапамогу прыходзіць уяўленне. Проста кажучы, метад сачыніцельства. Можа быць, я — больш сачыніцель, але не саромеюся ў тым прызнацца, бо раней за мяне ў тым прызнаўся Хемінгуэй. Дый Горкага Талстой называў сачыніцелям. Цікава, у якой меры ім быў і сам Талстой, які столькі напісаў на аснове ведаў.
А. А.: Тое ж гаварыў і Хемінгуэй.
В. Б.: Але мой франтавы вопыт усё ж кепска адпавядае маім літаратурным мэтам.
А. А.: Чаму?
В. Б.: Ведаеш, гэта ўсё ж мала цікава — баі, скажам. Ну што там? Агонь, смерць. Ты не бачыш, хто цябе забівае, завошта? Так сказаць, ананімная смерць. Літаратуры патрэбны псіхалагізм, а тут які псіхалагізм, калі няма выбару? У нашым грамадстве наогул кепска з выбарам, мабыць, таму і не знайшоў у ёй месца папулярны на Захадзе экзістэнцыялізм. Іншая справа — партызанская рэчаіснасць, калі ў ёй не шукаць вялікую праўду. Сумніўная гэта справа — шукаць праўду на вайне. Ты ж сам пісаў, што, як пачынаецца вайна, першаю яе ахвярай падае праўда. Але ў іншых адносінах партызанка дае большыя магчымасці…
А. А.: Бо дае прастор для сачыніцельства.
В. Б.: Хоць бы і так.
А. А.: А што б табе хацелася яшчэ сказаць, бо пакуль не ўдалося ці не паспеў? Наступнымі рэчамі сказаць? Не канкрэтна, а так, у філасофскім плане.
В. Б.: Хацелася б на нейкім матэрыяле (не абавязкова на матэрыяле вайны) крануць агульначалавечую праблему жыцця і смерці. Не толькі на ўзроўні ўзаемаадносін, а ў нейкім больш абагульненым, абстрактным сэнсе. Канешне, тут шмат напісана ўсімі літаратурамі свету, але разумныя людзі пішуць, што недзе, перад нейкім рубяжом літаратура спынілася і баіцца зазірнуць далей. Відаць, ёсць мяжа пазнання чалавека, перад якой пасуе нават вялікая культура Захаду. Можа, тут быў бы плённы культурасофскі вопыт Усходу? Вядома, не камуністычны Мао Цзэдуна, а хутчэй старажытнага Канфуцыя. А калі з заходнікаў, дык хоць бы Германа Гесэ ці Эрнеста Фенелодза.
А. А.: Ясна, ясна…
В. Б.: Ёсць у мяне розныя нарыхтоўкі, пражэкты, некаторыя намеры. Хаця вядома, куды вядуць добрыя намеры…
А. А.: Ну, вось я ведаю, каго што мучыць. Напрыклад, Чарнічэнку мучыць наша сельская гаспадарка. Казько зараз мучыць экалогія. Мяне мучыць: выжывем ці не выжывем. А што цябе мучыць?