Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
І вось аднойчы, калі я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькі вялікіх кустоў, я заўважыў пад імі нару. Мяне зацікавіла, куды яна можа весці. З вялікай цяжкасцю я праціснуўся ў яе і апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмі прасторная і такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.
Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелі два вялізныя палаючыя вокі; яны гарэлі, як зоркі, адбіваючы слабае дзённае святло, якое пранікала ў пячору знадворку і падала проста на іх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы — нячысціку ці чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцяміць, кінуўся прэч з пячоры.
Праз некаторы час я, аднак, апамятаўся і тысячу разоў аблаяў сябе дурнем.
«Хто пражыў дваццаць гадоў у адзіноце на бязлюднай выспе, таму смешна баяцца чарцей, — сказаў я сам сабе. — Напраўду ж у гэтай пячоры не можа быць нікога страшнейшага за мяне».
І, набраўшыся адвагі, я ўзяў галавешку, якая гарэла, і зноў палез у пячору. Не паспеў я ступіць і трох крокаў, асвятляючы дарогу сваёй паходняй, як зноў напалохаўся, яшчэ больш, чым адразу: я пачуў цяжкі ўздых. Я адхінуўся назад і скамянеў ад жаху; усё цела маё пакрылася халодным потам, а валасы сталі дыбам. Калі б у мяне на галаве быў капялюш, ён напэўна зваліўся б на зямлю. Але, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я зноў рушыў наперад і пры святле галавешкі, якую трымаў над галавой, убачыў на зямлі страшэнную пачвару — вялізнага старога казла!
Казёл ляжаў нерухома і цяжка дыхаў у перадсмяротнай агоніі, ён паміраў, відаць, ад старасці. Я злёгку штурхнуў яго нагою, каб даведацца, ці здолее ён устаць. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог.
«Няхай сабе ляжыць, — падумаў я. — Калі ён напалохаў мяне, то як павінен напалохацца які-небудзь дзікун, які надумаецца падацца сюды!»
Аднак я ўпэўнены, што ніводзін дзікун і ніхто іншы не адважыўся б пранікнуць у пячору. Ды і наогул толькі чалавеку, які, накшталт мяне, меў патрэбу ў бяспечным сховішчы, магло прыйсці ў галаву лезці ў гэту пячору.
На другі дзень я ўзяў з сабою шэсць вялікіх свечак уласнаручнай работы (да гэтага часу я вывучыўся рабіць выдатныя свечкі з казінага тлушчу) і вярнуўся ў пячору.
Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабілася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбіні яе мне давялося стаць на карачкі і каля дзесяці ярдаў паўзці наперад, што было, сказаць праўду, даволі смелым учынкам, таму што я зусім не ведаў, куды вядзе гэты ход і што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робіцца ўсё шырэйшы і шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногі, і выявілася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнімалася футаў на дваццаць. Я запаліў дзве свечкі і ўбачыў такую цудоўную карціну, якой у жыцці ніколі не бачыў. Я знаходзіўся ў прасторным гроце. Полымя маіх дзвюх свечак адбілася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалі сотнямі тысяч рознакаляровых агнёў. Ці то былі ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты ці іншыя каштоўныя камяні? Гэтага я не ведаў. Відаць, гэта было золата.
Я ніколі не спадзяваўся, што зямля можа хаваць у сваіх нетрах такія дзівосы. Гэта быў чароўны грот. Дно ў яго было сухое і роўнае, пакрытае дробным пяском. Нідзе не заўважалася ні агідных макрыц, ні чарвякоў, нідзе — ні на сценах, ні на скляпеннях — не было і знаку вільгаці. Адзіная нязручнасць — вузкі ўваход, але для мяне гэта нязручнасць была надзвычай каштоўная: я столькі часу шукаў бяспечнага сховішча, а бяспечней за гэта цяжка было знайсці.
Я так узрадаваўся сваёй знаходцы, што вырашыў адразу ж перанесці ў грот большую частку тых рэчаў, якія былі мне асабліва дарагія, — перш за ўсё порах і ўсю запасную зброю, гэта значыць дзве паляўнічыя стрэльбы і тры мушкеты.
Перацягваючы рэчы ў маю новую кладоўку, я ўпершыню адкаркаваў бочачку з падмочаным порахам. Я быў упэўнены, што ўвесь гэты порах нікуды не варты, але выявілася, што вада пранікла ў бочачку толькі на тры-чатыры дзюймы кругом; порах, які падмок, зацвярдзеў, і ўтварылася трывалая скарынка; пад гэтай скарынкай увесь астатні порах захаваўся зусім несапсаваны, як ядро арэха ў шкарлупіне. Такім чынам, зусім нечакана я зрабіўся ўладальнікам новых запасаў выдатнага пораху.
Як я ўзрадаваўся такой нечаканасці! Увесь гэты порах — а яго было не менш шасцідзесяці фунтаў — я перанёс у свой грот для больш надзейнага схову, пакінуўшы ў сябе пад рукамі тры ці чатыры фунты на выпадак нападу дзікуноў. У грот я перацягнуў і ўвесь запас свінцу, з якога я рабіў кулі.