Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Пасля, калі праменні сонца пачалі патроху вылазіць па саломінках з нашай бярлогі наверх, штораз, то ўсё чырванейшыя, а нарэшце i зусім падняліся з яе, Мікола не вытрымаў — высадзіў галаву.
— Хутка зойдзе, — шапнуў ён. — Нехта яшчэ вунь корпаецца ў бураках. Адзін. A буракоў, буракоў — ёлкі-палкі! Панскія, мусіць. Усюды паны. Вунь нейкі мурза па шпалах папоўз.
— Не паказвайся.
— Думаеш, блізка?.. А тут i лес зусім, зусім пад бокам. A бярозкі якія!.. Якраз як у нас… Сёння ж субота: нікога на полі не будзе ўжо. Ну, Уладзік, вылазь.
Я паслухаў i высадзіў галаву.
На захад распасціралася плантацыя цукровых буракоў. Нейкі мужчына хадзіў па ix воддаль, прыгнуўшыся, i абрываў бацвінне. На ўсход, ускраінай лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Каб не рэйкі ды шпалы i жвір, верасы i бярозкі прыйшлі б да самага стога. Сонца заліло ix на развітанне барвовым, раскошным святлом.
Мы разбудзілі Калодку. Той апрытомнеў i пачаў, абіраючы з твару салому:
— Усё, хлопцы, як усё. Супачыці-то добра ўдалося, а каб гэта яшчэ i наесціса. Бо ўжо ж i ногі слухаць не хочуць.
Мікола ўсміхнуўся, а потым, нібы не стрымаўшы новага прыступу весялосці, гыкнуў.
— Чаго ты? — спытаўся Калодка.
— З цябе.
— Які ж тут смех з мяне? Што чалавек пад'еў бы?
— Вядома. Хочаш у старцах жыць ды з перцам есці. Ну, сядзем на сані.
Мікола першы з'ехаў уніз.
Па аднаму, уперабежку перабраўшыся цераз чыгуначнае палатно, лесам мы рушылі смялей.
Такі ўжо склаўся парадак, што я ішоў заўсёды першы, за мной амаль зусім нячутна ступаў малы i спрытны Мікола, i ззаду чмыхаў Калодка, спакойна i бясстрашна, нібы ў свой Кобрын на кірмаш.
Гэты жанаты, цяжкі паляшук наогул быў вялікі аптыміст. На днёўках спаў, няхай здароў будзе, як мядзведзь. Надоечы пракашляў увесь дзень пад кустом, а потым апраўдваўся тым, што «ніяк жа ж не мог устрымацца…». Ідучы, ён грукаў вялізнымі артылерыйскімі ботамі, нібы Коласаў дзядзька ў Вільні, i часта, на хаду, любіў паразважаць уголас. «Сядзі, сядзі сабе, бойса, — гаварыў ён пра тых, што яшчэ засталіся ў няволі.— Ты бойса, а я прыйду дахаты, адрэжу сабе ад бохана колькі мая душа захоча, i паглядзім, каму будзе лепш…»
Калодка пайшоў з намі вельмі ахвотна, відаць, з цвёрдай упэўненасцю, што гэтыя два завядуць яго проста дахаты i нават пасадзяць за стол. Што будзе далей — няважна, абы нарэшце пад'есці. На першай днёўцы ён так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз уздыхнулі.
Выбар быў мой, i, грэшны чалавек, калі б Калодку выбіраў у спадарожнікі не я, a Мікола — я ўжо не раз упікнуў бы. A Miколa маўчаў, употайкі глытаючы нездавальненне, а потым нават пачаў i смяяцца.
Ды смеху было няшмат, i смех гэты быў rap капа ты, а часам i зусім горкі. Дарогі яшчэ гэтак многа, a ногі ўсё тыя самыя. Хутка восень, а мы без шынялёў… Думалася спачатку, што голад у полі не страшны: дзе каласок, дзе бручка, дзе бульбы спячэш… «Жылі ж калісьці святыя ўгоднікі па цэлай сотні год», — смяяўся Miкола. I мы клявалі каласы, ахапкамі бралі на пракосах гарох i на хаду вылузвалі струкі, разоў ca тры варылі ў кацялку бульбу, адзін раз нават з маслякамі. Аднак, калі на пятую ноч уцёкаў мы ўбіліся ў нейкую пушчу i толькі праз двое сутак выйшлі на яе ўсходнюю ўскраіну, Мікола заключыў, што святыя ўгоднікі, як відаць, не ўцякалі з палону… Ногі цяжэлі з кожным днём. I ўсё часцей скрыгатала па сэрцы ўздыханне Калодкі: «Эх, каб наесціса!..»
Учора на досвітку, выйшаўшы з пушчы, знайшлі мы абрывак нямецкай газеты. Мяркуючы па даце, якой азначаны былі дзве карэспандэнцыі з розных раёнаў, яе пакінуў нехта нядаўна, і, значыцца, друкавалася яна недалёка. А па назвах раёнаў — Дойч Кронэ i ПІнайдэмюль — можна было меркаваць, што мы знаходзімся паблізу ад былой польска-нямецкай граніцы. Адкрыццё асабліва па сэрцы ці, лепш, па нутру прыйшлося Калодку.
— Я вам кажу, што гэта Польшч ужо, — гаварыў ён, уперавалку сігаючы за, Міколам. — Дакуль жа быць Германіі — дзесяты дзень ідзём. I газетка ж таксама піша. Нават i свет запах, здаецца, інакш. A калі Полыцч, дык будзем сёрбаць боршч.
— Пасёрбаеш, — сказаў з усмешкай Miкола. — Я цэлы год адсёрбаў, годзе.
У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў i папаўся з-за гэткага вось самага баршча: зайшоў на хутар папрасіць пад'есці, а там якраз салдат, сын гаспадарскі ў адпачынку…
Ды для Калодкі гэта быў не доказ.
— Ну, ты нам пра тое каторы ўжо раз! Ты ж на сабаку нейкага наткнуўся. А гэта ж свае, палякі. Накормяць.
— Давай! Разяўляйся шырэй!..
I вось тады, нібы для таго, каб спыніць гэтую спрэчку, перад намі, у лесе, пачулася песня. Хлопцы сціхлі, i мы спыніліся.