Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
— Добжэ, — сказала яна. — Вы пачакайце тут, а я пайду i прынясу вам хлеба.
— О, гэта дык гэта! — амаль ускрыкнуў Калодка. — Эх, не было б гэта сваё. Ідзі, цурка, ідзі!..
Дзяўчынка трошкі падумала.
— Вы пахавайцеся, — сказала зусім сур'ёзна. — А я, як прыйду, скажу так.
Яна зусім па-дзіцячаму наставіла губы i ціха закукавала:
— Ку-ку, ку-ку!..
— А то яе разумніца мая! — зусім расплыўся Калодка. — Ты нам ку-ку, i мы табе з кустоў ку-ку. Ты толькі хлеба нам нясі пабольш. I хлеба, i да хлеба!..
Апошняе было ўжо сказана ўдагон.
A галоўнае так i не ўспомнілі — не спыталіся, Польшча ўжо ці яшчэ ўсё Нямеччына?
Я ледзь не крыкнуў услед дзяўчынцы «пастой», але ўспомніў адразу, ужо з адкрытым ротам i ўзнятай рукой, што i тут небяспечна крычаць. I ў гэты момант яна апошні раз мільганула ў зелені кустоў. А на момант пазней мы пачулі зусім недалёка смех…
Засмяяўся нехта не там, куды пабегла дзяўчынка, a ў тым баку, адкуль мы прыйшлі. Спакойна разважаючы, можна было падумаць, што на ўсіх мовах людзі смяюцца аднолькава: засмяяца за дрэвамі мог i не вораг. Ды мы за два гады прызвычаіліся да думкі, што падняволенай Гітлерам Польшчы было не да смеху. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела i моцна адказаў… па-нямецку!
Мы шыбанулі ў лес.
Мікола бег першы. Ён паспеў нават па-нашаму ціха крыкнуць: «Бягом!» Следам за мной трашчаў галлём i грукатаў Калодка.
Метраў праз дзвесце ці трыста я ўспомніў, што з гэткім шоламам нам не прайсці. Я сігануў на ўвесь цырісуль, дагнаў Міколу i, параўняўшыся з ім, загадаў:
— Пачакай!
Мікола зразумеў мяне таксама, як мы перад хвілінай зразумелі ягоны загад.
— За мной — Калодка, ты — за ім. I — ціха.
Мы пастаялі момант i рушылі павальней, аднак амаль зусім нячутна.
Наша найлепшая сяброўка — ноч — ішла насустрач нам вельмі павольна. У ельніку яна асела ценямі, у шэрай гушчы якіх мы адчувалі сябе лепш. Ды ельнік спачатку радзеў, потым яго патрохі змяніла бярозавае драбналессе. Стала святлей. Па верасах, сям-там збіваючы капелюшы затоеных грыбоў, мы, не змаўляючыся, пайшлі шпарчэй, а за намі, i спераду нас, i абапал нячутна ішла небяспека…
I вось я нарэшце спыніўся.
Праз рэдкія кусты i бярозкі прылеску мы ўбачылі луг. ён рассцілаўся шырока ў бакі i наперад, а светла-шэрае неба над ім гаварыла, што ноч яшчэ не прыйшла. Маленькія кравецкія машыны конікаў усё яшчэ сакаталі ў роснай атаве, — бязлікія, нястомныя краўцы яшчэ ўсё шылі, нават прыцемкам. Дзень датляваў на захадзе бяскроўнай палоскай зары. Зорак яшчэ не было. Асцярожныя прыгажуні сарны яшчэ не выйшлі на ўскраіну лесу. Нават i з гушчару не чутно яшчэ хрыпатых поклічаў ix фанабэрыстых, раўнівых дзецюкоў, галасы якіх надоечы да сцішнаты нагадалі нам брэх аўчарак.
Ісці далей ці начакаць?
На лузе толькі сцеледца, нібы ўздымаецца з травы, туман. Над лугам адно бязмежнае, ціхае неба.
I мы пайшлі.
Шорах роснай травы пад нагамі. Маўчанне i думкі, якіх ніхто з нас не хоча выказваць. Усё не новае, усё зразумела i так.
Новае прыйшло толькі недзе на самай сярэдзіне лугу. Гэта была рака.
Толькі пазнаўшы яе пад градою туману, дзе мы ўжо навучыліся здалёк пазнаваць непрыемны, дрыготкі холад вады, я спыніўся, сябры падышлі, i Мікола сказаў:
— Ну, вядома…
Адзін за ўсіх нас, ён з прыціскам адпусціў на свабоду зусім зразумелую, шчырую лаянку.
Гэта не быў адчай, а проста прыкрая злосць. Не ўпершыню наш шлях перагароджвала вада. Не ўпершыню найлепшы наш плывец, Мікола, моўчкі садзіўся на беразе i першы пачынаў распранацца.
Так пайшло i цяпер. Мікола зняў цераз галаву сваю сумку i сеў.
Кожны раз мы рыхтаваліся да пераправы хутка, не чакаючы нават, пакуль абсохне пот. I справа гэтая заўсёды выглядала аднолькава. З клункамі ўсёй нашай збруі, прывязанымі на галаве, мы падыходзілі да вады, i першаму, хто тыцнуў скручанымі пальцамі нагі ў раку, належала права акрэсліць тэмпературу словам «нічога» або, у праціўным выпадку, якім-небудзь больш красамоўным выразам. Незалежна ад гэтага Мікола апяразваўся цераз плячо канцом нашага шнура, а я ці Калодка надзявалі на працягнутыя рукі маток. Шнур гэты мы звілі на першай днёўцы ca шпагату, вялікі клубок якога Мікола прыдбаў на заводзе. Шнур быў доўгі, метраў сто, i надзейны, у тры шпагаціны.
Падрыхтаваўшыся, Мікола «змераў тэмпературу», адмоўна акрэсліў яе зусім ненавуковым тэрмінам, увайшоў па калені ў ваду i сказаў:
— Ну, вадалазы, пускай!
Маток шнура трымаў на руках Калодка. Сёння ў яго на галаве капой сядзеў падвойны клунак: свая i Міколава вопратка. Такі парадак у нас — першы плыве на разведку ўлегцы.