Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
На водмелі дзядзька вылез, намачыўшы штаны і трымаючы ў прыполе небагаты азёрны набытак. 3 берага ён сказаў хлопцу:
— Ну, дзякуй табе. Усё казалі нягодны ты, а гляджу — быццам нішто дзяцюк.
Мішка ніякавата паморшчыўся ад непрывычнай пахвалы.
— Дубіцу я на тое ж месца пастаўлю, — сказаў ён. — Трэба будзе — возьмеце.
Ён падхапіў шасток і, шырока расставіўшы ногі, упёрся ў бераг. Алёкса выціраў рукавом узмакрэлы лоб.
— Ведаеце, дзядзька, — раптам сказаў Мішка. — Усё ж калі траплю ў горад, знайду вашага Восіпа і наб’ю яму морду. Хам ён, вось хто. Кажуць на мяне, што я хам, але вось ён сапраўды хам.
Алёкса знячэўку ўздрыгнуў. Ён ураз зразумеў і няўдачу сваёй хітрасці, і нечаканую Мішкаву спагаду — старэчыя вочы яго хуценька заміргалі. Трэба было ісці дамоў, але ён чамусьці стаяў на беразе і ўсё моўчкі глядзеў на спрытнага дужага хлопца ў дубіцы.
А Мішка заклапочана зірнуў на паніжэлае сонца і, размахваючы даўжэзным шастком, пагнаў дубіцу ў трысніковую затоку.
1957 г.
Апендыцыт
Надвячоркам у нядзелю ў бальнічнай палаце стала ціха і сумна. Трое хворых, што некалькі дзён ляжалі тут, былі ўжо добра вядомы адзін другому. Усе ўжо ведалі, што жылісты і чорны, нібы цыган, шафёр Свірыдаў наездзіў трыста тысяч без рамонту; што дзядзька Міхась, калгаснік з дальняга раёна, перад самой хваробай вярнуўся са сталічнай нарады перадавікоў-жывёлаводаў, дзе ён першы раз у жыцці выступаў з прамовай; што дыхавічны і тоўсты дырэктар скурзавода Нікадзім Іванавіч пакутваў не столькі ад сваёй язвы, колькі ад таго, што яго завод у мінулым месяцы не выканаў план. Ад суму і нудоты дырэктар цяпер задрамаў з газетай у руках, шафёр чытаў «Залатое цяля», а дзядзька Міхась варочаўся ў ложку і думаў свае адвечныя сялянскія думы. Два ложкі ў палаце пуставалі, і дзядзька Міхась раптам сказаў:
— Сёння, бадай, будзе папаўненне: бальніца ж дзяжурная.
І дзядзькавы словы спраўдзіліся. Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі, і на парозе з’явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька раз — гарнула пасцель.
Хворыя ў палаце адразу ж страцілі самоту і напоўніліся цікаўнасцю. Дзядзька Міхась, пэўна з ветлівасці, аж прыўзняўся на локці (навічок стаў яго суседам), шафёр загарнуў кніжку, і нават дырэктар прачнуўся. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай.
— З чым гэта вы? — ветліва запытаў дзядзька Міхась. Хворы коратка бліснуў зыркімі чорнымі вачыма на маладжавым укормленым твары, аблізаў вусны і холадна кінуў у прастору палаты:
— Апендыцыт.
— Ну, апендыцыт — дробязь, — зазначыў дзядзька Міхась. — Выражуць і не ўчуеце. Бы авадзень укусіць.
Хворы павярнуў на падушцы голаў і недаверліва паглядзеў на суседа.
— Апендыцыт для медыцыны ўжо дробязь. Нават практыканты і тыя рэжуць добра, — казаў далей дзядзька Міхась.
— Слухай, стары, а не ведаеш, хто мяне аперыраваць будзе? Хіба не доктар Сяміпалацінскі?
— Круглікаў, пэўна, бо ён сёння дзяжурыць.
Хворы спалохана ўскінуў бровы, яго твар раптам ахапіла трывога.
— Які гэта Круглікаў? Мабыць, практыкант які? Не, я не дамся яму!
— Ну, дарма вы так, — уставіў дзядзька Міхась. — Круглікаў добры хірург. Мне ён, братка, почку выняў. І Нікадзіма Іванавіча ён аперыраваў. І нішто.
— Не! Толькі Сяміпалацінскі. Я не магу даверыцца кожнаму. Маё жыццё дорага мне. Дый ён не мае права без маёй згоды. Сястра! — раптам зычна крыкнуў хворы. На парозе з’явілася маладзенькая сястра.
— Хто мяне аперыруе?
— Доктар Круглікаў.
— Адставіць! Выклікайце Сяміпалацінскага.
— Сяміпалацінскі заўтра дзяжурыць, а сёння Круглікаў, — далікатна растлумачыла сястра.
— Ну і што ж, што заўтра! А ў мяне баліць сёння.
У палаце стала трывожна. Трое хворых насцярожана пазіралі на чацвёртага, а той мятляўся па падушцы, ад болю ці ад нярвознасці скрыгатаў зубамі і, не стрымліваючыся, гучна стагнаў. Дзядзька Міхась спачувальна параіў:
— А ты б спакойна, братка, так яно зручней.
— Пакіньце сабе вашы парады, — буркнуў хворы, і пасля тых слоў ужо ніхто не турбаваў яго.