Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 162
Перейти на страницу:

— Гэх ты, — іранічна чмыхнуў Мішка. — А цяпер?

— Ён і цяпер добры… Надоечы, значыць, пасылку прыслаў: папярос гарадскіх, цукерак, піша, частуйцеся, татка, табе гасцінец. Яшчэ піша, можа, прыедзе на Спаса ды дошак выстараецца як: хату паправіць.

— Хм, — не ўтрымаўся Мішка. І зірнуў на чалавека. Тое, што казаў ён, была святая няпраўда, і хлопцу нават здалося, ці не п’яны, а мо’ не выспаўся гэты дзядзька. Аднак Алёкса спакойна сядзеў на шчарбатым носе, задумліва пазіраў цераз возера на той бераг, і на твары яго ляжала такая непрытворная вера ў сказанае, што хлопец ажно здзівіўся. Ён прыкінуўся прастаком і знарок запытаў старога:

— Мо’ ён табе і грошы прыслаў?

— Ага, і грошы прыслаў… Яно не многа, але ўсё падмога мне, бабылю. Ён добры, дарма што людзі кажуць.

— Выходзіць, выдумляюць?

— Ну яно, канешне, людзям цяміцца і тое і гэта. Дарма толькі.

Мішка зноў хацеў сказаць, што стары хлусіць, але нешта ўтрымала яго ад тых грубых слоў — вельмі ўжо непрыемна было разбураць гэтую фантазію чалавека. А той, відаць, упэўніўшыся ў даверлівасці хлопца, прадаўжаў сваё:

— Восіп у мяне добры, вучоны. Няма чаго бога гнявіць. Бацьку ён не забудзе.

— Глядзі ты, — прытварыўся хлопец. — А я думаў — паганец ён.

— Што ты? — здзівіўся стары. — Не.

«Вось дык справа, — думаў тым часам Мішка. — Трудна жыве сам, а не хоча ганьбіць таго свалату. Другі б на яго месцы ў суд падаў».

Хлопца здзівіла, што стары не паскардзіўся, не ўсчаў выкладваць свае крыўды, як гэта любяць занядбаныя, слабыя людзі. Такіх людзей Мішка недалюбліваў і да іх ліку адносіў і дзядзьку Алёксу. Але цяпер выходзіла, што стары быў неяк па-свойму велікадушны, а гэта ўжо сапраўды падабалася Бурбону, які паважаў усё шырокае, размашыстае ў жыцці. У той жа час Мішка шчыра ненавідзеў Восіпа і, праўду кажучы, трохі не разумеў Алёксу, які, здавалася хлопцу, дарэмна аберагаў сына. Нейкія ўжо дужа невыразныя былі іх адносіны, але затое было відавочна, што стары насіў у сабе немалое гора.

Яны пад’ехалі да другога берага, тут таксама было мелка і багніста, зялёнай шырокай паласой цягнуўся аер і трыснік, за імі, на пагорку, растапырыўшы кашлатае сучча, стаялі высачэзныя елкі. Іх верхавіны расплываліся ў вадзе, зыбаліся, пераліваліся бляскам і ценямі.

Алёкса здалёк прыкмеціў над вадой верх мярэжы, і дубіца наблізілася да яе. Пакуль стары выцягваў з вады мокрую, аблепленую тванню снасць і лавіў у гарлавіне слізкіх карасёў, Мішка ўсё шкадаваў, што заместа старога не сядзіць тут яго «добры» Восіп. Захоплены новымі думкамі, хлопец ужо забыўся на сваю дураслівую задуму, маўчаў, не пярэчыў дзядзьку, а той, узбадзёраны давер’ем, выдаваў за быль свае набалелыя мары пра сына.

— Хто ж цяпер мяне і дагледзіць, калі не ён? Жывыя былі б старэйшыя — і надзеі было б болей, а так на яго ўвесь спадзяванак. Ці ж ён не цяміць гэтага?

Другую мярэжу стары доўга не мог выцягнуць з вады, яе засмактала ў багну, і Мішка, устаўшы з кармы, грубавата адпіхнуў гаспадара.

— Дай я.

Ён спрытна ўправіўся, вытрас непатрэбнае, кінуў у дубіцу трапяткую плотку і перабраўся на сваё месца ў карме.

— Ну, дзякуй табе, хлопча, помог ты мне сёння, — казаў дзядзька Алёкса. Пакрысе ён ужо перажыў свой смутак і, узбадзёраны зважлівасцю хлопца, неяк аж пасвятлеў з твару. У яго слязлівых вачах, здаецца, свяцілася ўдзячнасць Мішку за тое, што паверыў у яго словы пра сына.

Мокрымі пальцамі з блішчынкамі прыліплай лускі дзядзька скруціў нязграбную цыгарку, прыкурыў у прыгаршчах — у гарачым паветры паплыў над вадою шызы пахучы дымок. Дубіца лёгка гойдалася на ціхай азёрнай плыні, стары задуменна пазіраў у ваду, а Мішка пільна глядзеў на яго.

— Ведаеш што, — нейкім асаблівым голасам раптам сказаў хлопец. — Гэта ж мы тады з Юзікам твой човен прадзіравалі.

Дзядзька коратка зірнуў на яго, але, замест здзіўлення, яго выцвілыя вочы бліснулі ўсмешкай.

— Я ж ведаю, браце, мне казалі. — Ён памаўчаў крыху і ўжо сур’ёзна дадаў: — Ну ды гэта глупства: вядома, падшывальцы.

— І ўздумалі ж — біць не было каму, — казаў Мішка. Ён ужо шчыра абураўся тым учынкам, а пра свой нядаўні намер хлопец аднак змоўчаў: было сорамна самога сябе.

Назад ехалі напрасткі, цераз усё возера да лужка, дзе разам з поўднем скончыўся людскі гоман, і пясчаны бераг быў пусты і ціхі. На сцяжынцы, там, ля алешніку, паказалася нейкая адзінокая постаць, і над возерам разнёсся знаёмы зычны брыгадзіраў голас:

— Мі-і-і-ха-а-ась, на стагаванне пойдзеш! Вілкі не забудзься-я-я!

Брыгадзір яшчэ пастаяў там, на пагорку, відаць, чакаў заўсягдашніх Мішкавых адгаворак, але хлопец, пасур’ёз — неўшы неяк, змоўчаў у знак згоды. Упершыню, здаецца, за сваю гарэзную маладосць натрапіў Міхась на невясёлую загадку чалавечых адносін і маўчаў, не ведаючы, як вытлумачыць яе. А дзядзька Алёкса курыў і прыязна пазіраў на памагатага, які ўсё хмурыў свае прыгожыя бровы і, шастком узнімаючы з дна пухіры, шпарка гнаў дубіцу.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)