Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
— Здароў, стары, — грубавата павітаўся Мішка, падыходзячы да Алёксы. — Што сядзіш?
Стары выняў з бяззубага рота абслюнены недакурак і слязлівымі вочкамі, схаванымі ў сівым касмыллі, зірнуў на хлопца.
— Ці ведаеш — хай на яго халера — дубіцы няма. Трэ’ паглядзець мярэжы, а дубіцу нейкі дуронік сагнаў ці мо’ ўтапіў дзе.
Хлопец пагардліва агледзеў шчуплую дзядзькаву постаць у залапленай гімнасцёрцы, зрэбных портках, завязаных ля костачак, і ў яго гарэзных вачах з’явіўся заўзяты агеньчык.
— Хочаш, знайду дубіцу, толькі ўдвох сядзем.
— Ну, добра каб знайсці. А то ўжо два дні мярэжы не кратаны.
Становячыся на калені і памагаючы сабе рукамі, дзядзька ўзняўся, адкашляўся, даверліва пазіраючы на хлопца, які, нешта ўздумаўшы, сачыў за ім.
Крывой узбярэжнай сцяжынкаю, утаптанай мноствам каровіных ног, яны падаліся ў азёрныя зараснікі. Сцяжынка хутка схавалася ў алешніку, абапал яе тоўпіліся зараслі пякельнай крапівы, дзядька неўзабаве адстаў і паціху тупаў ззаду. Каб не згубіць чалавека, Мішка ўсё пакрыкваў у гушчар «Давай, давай» і ўхмыляўся ад зухаватай сваёй задумы. «Выедзем на сярэдзіну, і ўжо ж я выкупаю яго…».
Пазіраючы на бераг з цяністага алешніку, ён, нарэшце, знайшоў сваю схованку і, падкасаўшы штаны, улез у ваду. Водмелі тут, бадай, не было — адразу з берага дно крута ішло ўглыб, і адтуль, з глыбіні, лезла да сонца трасніковая гушчырня. Вада ў возеры, аднак, была цёплая, пахла аерным карэннем, над трысцём бліскалі на сонцы мітуслівыя стрэлкі. Мішка падцягнуў да берага гэтае выдаўбленае з елкі судна, узяў прыхаваны ля яго доўгі ашостак і, гойдаючы ў зарасніку ціхую вадзяную паверхню, улез у дубіцу.
— Дзядзька, гэй!
— Бягу, бягу, — пачулася з хмызняку, і неўзабаве з кустоў вылез Алёкса. Асцярожна мацаючы нагой дубіцу, стары папрасіў хлопца:
— Ты ж паціху каб, а то — хай на яе халера — я і так палоханы.
Мішка ўсміхнуўся і, стоячы на сваім канцы, хвацка адштурхнуўся ашосткам. Расхінаючы шархоткі чарот, дубіца вылезла на прастор.
— Вунь туды кіруй, да сухое елкі, — паказаў дзядзька на той бок. Ён сядзеў на носе і аберуч трымаўся за мокрыя счарнелыя барты. Мішка спрытна перабіраў шастком, пад дошкамі-крыллямі плёскалася вада, ззаду цягнуўся шырокі наморшчаны след. Тут было мелка, ля берага раслі гарлачыкі, дубіца раскалыхвала іх пляскатае слізкае лісце. Дно скрозь было багністае, з яго сям — там бісернымі ланцужкамі струменілі ўгору паветраныя пухіркі, Мішкаў шост ледзь знаходзіў апору. Урэшце бераг аддаліўся — яны апынуліся на шырокім вадзяным разлозе. 3 лужка даляталі галасы купальшчыкаў, нехта ў тым канцы крычаў цераз возера:
— Во-о-о-о-олька! Пісьмо табе прышло-о-о-о-о-о!
— Ну, як Восіп твой? — запытаў Мішка старога. — Што піша?
Гэта было знарок правакацыйнае пытанне. Адна з Мішкавых каханак — Алена, насіла пошту, і таму хлопец ведаў, што гэты Восіп ужо гады са два як не слаў бацьку пісем. Праўда, Алёкса аб тым не казаў нікому, не скардзіўся, але ўсе ведалі, што вучоны Алёксаў сын цураецца старога бацькі.
— Ды так, — неахвотна адказаў Алёкса, гледзячы ў ваду. — Піша, нішто жыве.
— Хлусіш ты, дзядзька, ні д’ябла ён не піша табе: адцураўся.
Стары нібы ўздрыгнуў, зірнуў на хлопца нейкім нядобрым, спалоханым позіркам і зноў патупіў голаў.
— Як гэта адцураўся? — сказаў ён, відаць, уражаны гэтым словам. — Хіба можна бацькі адцурацца?
Перакідваючы шост на другі бок, Мішка заўважыў, што пад вачыма старога, у сівых яго касмылях, быццам бліснула штосьці. Хлопцу на момант стала шкада чалавека, але такая слабасць душы была чужая яго характару, і Бурбон хутка пазбыўся яе.
— Ён у мяне добры, — казаў тым часам стары. — Бывала, маленькі быў, такі белагаловенькі, усё есці насіў на ніву. Прыйдзе, сядзіць на ўзмежку ці ходзіць за канём і ўсё пытае: што гэта, чаму тое? А ўвечары я яго на плячах дамоў нясу, да ваколіцы дайду, зірк — а ён ужо спіць.