Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 89
Перейти на страницу:

«Можа, адрозьненьні караняцца ўсярэдзіне арганізму? Іншыя, ніж у мужчынаў, унутраныя ворганы? Але каб гэта вызначыць, трэба быць лекарам, знацца на пабудову цела. На’т калі б я знайшоў адвагу разрэзаць ёй жывот, дык усё роўна нічога не зразумеў бы». Лявон рассудзіў агледзець цела хоць бы звонку. Адчуваючы моцную гідлівасьць, ён расхінуў бабкіну камізэльку і пачаў расшпільваць доўгі шэраг гузікаў на сукенцы, зробленых у форме дробных чорных галкаў. Паказаліся худыя, трохі валасатыя грудзі са шматлікімі радзімкамі, барадаўкамі і старэчымі рудаватасьцямі, потым шарачковага адценьня жывот. Майткоў бабулька не насіла, і праз расьцягнутыя на сьцёгнах калготкі праглядаўся зморшчаны цёмны чэлес.

Лявон мусіў прызнаць, што Экспэрымэнт пацьвердзіў вэрсію пра нястачу каранёвых палавых адрозьненьняў, і гэндэр – гэта толькі пытаньне самасьвядомасьці. Адзеньне, даўжыня валасоў і тэмбар голасу – вось і ўсе даступныя ідэнтыфікаваць прыкметы. Такая выснова Лявону зусім не падабалася, і, хоць падстаў для сумневаў не было ніякіх, у яго засталося адчуваньне, што з бабуляй нешта ня так. Надосталь ён яшчэ раз прыклаў далоню да ейных грудзяў і заціх: сэрца вельмі слаба, але ўсё ж такі білася. З палёгкай уздыхнуўшы, Лявон захінуў на бабульцы сукенку і з булькатаньнем высмаркаўся. «Дачакацца, калі яна апрытомнее, і пагутарыць? Не, як толькі яна ачуняе, дык адразу ж кінецца на мяне. Лютая! Зьвязаць і катаваць? Фэ, ну яе зусім». Лявону раптам зрабілася сумна і гідка, і ён пасьпяшаўся сысьці, пакуль бабулька не акрыяла.

4. Як Рыгор пазнаёміўся зь міністрам

Пасьля зьбіцця ў лазьні Рыгор цэлыя содні адлежваўся ў кватэры са шпротамі і многа чаго перадумаў. Ён спрабаваў скласьці з тога што адбываецца цэласны мэханізм сусьвету, але адчуваў, што ягоны розум на гэта ня здольны – мэханізм распадаўся на фрагмэнты, ніяк ня злучаныя паміж сабою. Як і заўсёды ў цяжкую хвіліну, Рыгору бракавала чалавека, які дапамог бы яму ўсё зразумець і растлумачыў бы, як жыць далей.

Першым узгадваўся тата – той без сумневаў ужо даўно празарыўся, а ў апошнюю сустрэчу проста строіў дурня. Відавочна, жыцьцё цалкам задавальняла тату, і ён карыстаўся ім у поўнае меры. «Карыстаўся мною! Старая шуя! Вядома, навошта яму нешта мяняць. Але які падлюга: столькі гадоў запар, і хоць бы слоўца! На’т пра машыны не патлумачыў – што няма машын. Бачыў, як я на працу хаджу кожны дзень, нібы дэбіл, і сьмяяўся сам сабе». Рыгор ужо канчальна зьненавідзеў тату і адчуваў да сябе пагарду за тое, што так доўга знаходзіўся ў ягоным жыллёвым і гастранамічным палоне. А на ўспамінах пра прыкрую татаву ўсьмешку і ягонае старое грузлае цела Рыгор скрыгатаў зубамі са злосьці і рэзка перагортваўся на другі бок.

Яшчэ быў Лявон, але Лявон ведаў пра тое што адбываецца ня больш за самога Рыгора. Аднак Рыгор быў упэўнены – разам яны маглі б нашмат хутчэй разабрацца ў тым, што адбываецца вакол. Ён паабяцаў сабе абавязкова зноў знайсьці Лявона, калі ачуняе.

Больш дапамогі чакаць было неадкуль, і Рыгор мусіў думаць самастойна. Нягледзячы на тое, што поўны вобраз сусьвету не складаўся, Рыгор зрабіў яшчэ адно значнае адкрыцьцё: бо людзей у горадзе мала, а дамоў шмат, дык большая частка хат павінная пуставаць, і можна свабодна выбіраць кватэру па густу. Прытым цалкам дармова. «Якія ж мы былі дурні, што нейкі банк рабавалі! – цяміў ён, заходзячыся ў чарговым прыступе кашлю. – Добра хоць удалося ўцячы ад спэцназа». Думка пра новыя мажлівасьці, што адкрываліся перад ім, значна палепшыла ягоны настрой, і ён быў бы даканцова рады такому павароту спраў, калі б не застуда. Кашаль не праходзіў і кавэнчыў яго ўсё больш пакутліва.

У сераду зранку, з торбаю за плячом, хістаючыся з голаду, Рыгор выбраўся са свайго прытулку ў пошуках ежы. Сышоўшы на двор, ён азірнуўся на ружовую будыніну лазьні і рушыў у іншы бок. Патрапіўшы на вуліцу Шышкіна, ён прайшоў яе ўсю і павярнуў на Куляшова, дзе яму неўзабаве сустрэлася прадуктовая крама. Згаладнелы Рыгор хутка набраў ежы ў поліэтыленавы мяшок з напісам «Дзякуй», выйшаў і прысеў адразу ж за рогам, на падмурку крамы. Ён адрываў кавалкі сьвежага батона, макаў іх у сьмятану і адпраўляў у рот, адчуваючы салодкую палёгку, радасьць і гармонію з сусьветам. Зьеўшы большую частку батона, ён адчуў смагу і бадай залпам выпіў бутэльку «Сябра». На колькі хвіляў перапыніўшыся, Рыгор адкінуўся да сьцяны крамы і жмурыўся на сонцы. Здавалася, шчасьце згусьцела вакол, і ён знаходзіўся ўсярэдзіне шчасьлівага воблака, шануючы ўвесь сьвет. Калі б зараз раптам зьявіліся ягоныя ўчорашнія крыўдзіцелі, дык ён бы дараваў нават ім.

Воддаль, мэтрах у дваццаці ўглыб двара, у сінім сьмецьцевым баку корпаўся бадзяга. Ён прыглядаўся да Рыгора, пакуль той еў, а потым павольна падыйшоў і папрасіў цыгарэту. Рыгор падаў яму пачак і, убачыўшы закарэлыя пальцы валацугі, адчуў мімалётную прыкрасьць, што не дастаў цыгарэты сам. Але прыкрасьць таксама рашчынілася ў шчасьце. Яны закурылі, выпускаючы бледныя дымкі ўва ўгрэтае паветра. Валацуга пачаў нягучна апавядаць нейкую бязглузьдзіцу, ня гледзячы на Рыгора і мабыць не спадзяваючыся ягонае ўвагі, а задавальняючыся самою прысутнасьцю жывога чалавека побач.

– Даўно бамжуеш? – спытаў Рыгор.

– Я не бамжую! – ганарліва адказаў бадзяга і адразу ж, быццам у тлумачэньне сваіх слоў, працягнуў свой аповяд, зараз ужо гледзячы Рыгору ў вочы зь некаторай крыўдай. – Маё жыцьцё насычанае чысьцінёй. Я штодня на Чыжоўскае сьмецішча хаджу зь сябрамі, тамака нам Госпад зьяўляецца…

– Чуеш, калі б у цябе грошы зьявіліся, што б ты зрабіў? Зажыў бы, га? Па сьметніцах перастаў бы чухацца? – перапыніў яго Рыгор.

І, не чакаючы адказу, ён дастаў з торбы пачак даляраў і кінуў бамжу. Той няўклюдна выцяў рукі, але не злавіў, і пачак упаў на зямлю.

Крыху не дашоўшы да ўнівермага «Беларусь», Рыгор збочыў у арку аднаго з дамоў на Партызанскім праспэкце, каб прыгледзецца да тутэйшых кватэраў. Ён зайшоў глыбей у надворак і павольна азірнуў пад'езды, спрабуючы выклікаць якую інтуіцыю, але ўнутры глуха маўчала. Пасядзеўшы на лаўцы непадалёк ад сініх сьмецьцевых бакаў, такіх жа, як і каля крамы, зьеўшы пару маленькіх булачак і не дачакаўшыся натхненьня, ён падыйшоў да першага пад'езда і патузаў дзьверы. Зачынена. Бліжэйшыя вокны на першым паверсе былі забраныя кратамі, але наступныя не бараніліся нічым, акрамя фіранак. Рыгор падцягнуў да іх пусты сьмецьцевы бак, колькі разоў спыніўшыся пакашляць, і перавярнуў яго дагары нагамі. Залезьці на яго было няпроста: дно было гладкае, красоўкі кожны раз сасьлізгвалі, а на падскок Рыгору бракавала сілаў. Калі ён нарэшце ўзглабаўся на бак, прыйшлося сядзець і прадыхацца.

Павярнуўшыся да вакна, ён нечакана ўбачыў за ім вясёлы твар. Распрануты па пояс хлапец усьміхаўся, казаў яму нешта праз ішкло і махаў рукой. Заўважыўшы, што Рыгор ня чуе ягоных слоў, ён пакорпаўся са шпінгалетам і расчыніў вакно, ледзь не закрануўшы Рыгора шыбаю. З пакою моцна загучалі нямецкія сьпевы ў суправаджэньні фартэпіяна.

– Давай, заходзь, дружа! – запрасіў ён. – Залазь!

Каб прыхаваць зьбянтэжанасьць, Рыгор пачаў кірхаць.

– Давай, брат, не саромейся! – здавалася, хлапец быў шчыра рады бачыць Рыгора. – Мяне Казікам клічуць, я тут зь сябрам жыву! Ты чаго ня празь дзьверы? Лянотна? Ну і добра!

– Зачынена тамака, – сказаў Рыгор. – Я хацеў кватэру паглядзець.

Ён адразу зразумеў, што дурное было гэта казаць, ды зноў закашляў. Але Казік зусім не зьдзівіўся.

– Дык заходзь! Паглядзі ўсё! Млынарыху ці даўно чуў? Зараз разам паслухаем!

Казік узяў яго за руку і пацягнуў унутар. Нічога не разумеючы, Рыгор паматляў галавой, ступіў на падваконьнік і саскочыў у пакой. Казік пасадзіў яго на канапу слухаць Млынарыху, а сам выбег за півам. У пакоі, акрамя канапы, стаялі шафа, стол і фатэль. На фатэле высілася гара адзеньня, а на стале стаяла чорная парэпаная магнітола, зь якой пралівалася музыка. Праз паўхвіліны Казік вярнуўся зь сябрам, таксама па пояс голым, які паціснуў Рыгору руку, але імя не назваў, і падаў яму адкаркаваную бутэльку піва.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)