Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Заўважыўшы погляд буфэтніка яму за сьпіну, Рыгор павярнуўся і ўбачыў аднаго з чарнявых, які падыйшоў да стойкі з пустой шклянкай і стаяў, слухаючы размову.
– Кажа, што бабы ў яго няма, – пакепліва сказаў буфэтнік.
– Ба-абы няма? – працягнуў чарнявы, ківаючы з пакеплівай спагадай. – Гэта кепска, калі бабы няма.
– А ў цябе хіба ёсьць? – пачынаў злавацца Рыгор. – Ты навокал паглядзі, хлопча! Няма ніякіх баб! Адна ілюзія. Нам здаецца, што яны ёсьць, а яны насамрэч толькі ў нашых галовах!
– Небясьпечны тып, – міргнуў буфэтнік брунэту. – Спачатку зьвествуе, а потым бач, і ў кішэню табе залез.
– Ба-абы няма? Ты можа, браток, таго? – чарнявы блазнаваў і ўздымаў бровы дзеля большае выразнасьці.
Рыгор не разважаў. Маланкай бліснула ў ягонай галаве думка пра рэабілітацыю за ўчорашнюю зьнявагу. Сьціснуўшы кулак і рэзка выпрастаўшыся, Рыгор з усёй намогі прыпёк яго ў зубы чарнявага. Шклянка з рэшткамі піва перакулілася, шума пацякла па стойцы. Удар атрымаўся да тога моцны, што Рыгор адразу ж палічыў сябе цалкам рэабілітаваным: чарнявы адляцеў назад на пару мэтраў, перавярнуў два столікі і гучна грымнуўся, дарэмна спрабуючы ўчапіцца за крэслы. Ягоны сябар адразу ж падхапіўся і рушыў да Рыгора. Буфэтнік колькімі шырокімі крокамі абмінуў стойку і таксама накіраваўся да яго. Рыгор адступіў да выйсьця і спыніўся, пагрозьліва прыпадняўшы за сьпінку крэсла. Сябар і буфэтнік асьцярожна насоўваліся. Брунэт, які грымнуўся, крактаў і варушыўся, спрабуючы ўстаць з нагрувашча крэслаў і сталоў.
– Думайце сваёй галавою, а не чужой, людзі! Азірніцеся навокал! Адкрыйце вашы вочы! – крычаў Рыгор, адчуваючы, як столец дрыжыць у ягоных руках.
Тут за ягонай сьпіной пачуліся крокі, і не пасьпеў Рыгор абярнуцца, як нешта ўдарыла яго па галаве, і ён паваліўся на падлогу, зьдзівіўшыся на мяккасьць упадку і лёгкасьць свайго цела. Ён убачыў над сабой засяроджанага лазеньніка з доўгім паленам, грэблівага буфэтніка, чарнявага, які штурхаў яго нагой у бок, і другога чарнявага, які прыціскаў да вуснаў скрываўленую сурвэтку. Усё вакол бачылася вельмі сьветлае і бяз гуку. Ён заплюшчыў вочы.
3. Як Лявон знайшоў бабульку
Увайшоўшы ў кватэру, Лявон кінуў заплечнік на падлогу, разуўся і надзеў свае хатнія аксамітавыя тэпці. Галава гула, сачыліся сусьлі. Лявона нібы магнітам цягнула ў ложак, але ён намогся і падыйшоў да пакоя цётачкі. Націснуў на халодную клямку: зачынена. Раней ён ніколі не падыходзіў да гэтага пакою і нават ня думаў, ці ёсьць у гэнай дзьверы замок. Лявон пабавіўся, прыпамінаючы, ці не трапляліся яму недзе ў кватэры ключы, а потым ізноў абуўся ў туфлі і што моцы бухнуў абцасам у сярэдзіну дзьвярэй. Дзьверы адказалі нізкай працяглай нотай. «Пэўна, яна парожняя ўсярэдзіне, таму і ўтвараецца гэткі прыемны гук», – адзначыў Лявон. Ён успомніў, як спрытна атрымалася выбіць дзьверы Рыгору, калі яны рабавалі банк, і зрабіў невялікі навуковы аналіз сытуацыі. «Дзьверы трымаюцца на дзьвюх завесах і замку, і біць трэба бліжэй да замка, каб прыкладзеная сіла не разьмяркоўвалася, але канцэнтравалася на тым месцы, якое мусіць зламацца». Выснова была слушная: гук другога ўдару выйшаў не такі прыгожы, затое вушак побач з клямкай трэснуў, а пасьля трэцяга раскалоўся, выпусьціўшы вострыя трэскі. Дзьверы расхінуліся, хляснулі, на падлогу са звонам паляцела нейкая жалязяка.
Усярэдзіне пакоя было ціха і будзённа. Стракатая ў сініх тонах канапа, дзьвюхстворкавая шафа, пара фатэляў, пыльнае вакно зь цюлевымі фіранкамі, паласаты дыван на падлозе. У куце ля вакна стаяў квадратны каўны столік, над ім вісела рэпрадукцыя Левітана ў драўлянай шыбе. Лявон адчыніў шафу і адбіўся ў люстры, што вісела на адной са створак. На паліцах стаялі пустыя абутковыя скрыні, з адзежнай перакладзіны зьвісаў пакуначак са сродкам супраціў молі.
Лявон стомлена сеў на канапу, вялізную і дужа праціснутую. Пад сынтэтавай, непрыемнай навобмацак абіўкай нераўнамерна цьвярдзелі круглыя спружыны. «Пацешна, – думаў ён. – Дык значыць, гэта праўда? Жанчын няма і, можа быць, не існуе наогул? Ані цётачак, ані хутаранак?» Цётачку ён так і ня здолеў выклікаць у памяці, колькі ні спрабаваў, а маці тым больш. Хутаранку, пра якую ён марыў кожны дзень, раптам стала вельмі складана ўявіць. Гукі ейнага голасу і сьмеху, якія так лёгка чуліся раней, прайграць не атрымалася наогул. Застаўся толькі ўспамін, што голас мелядычны і высокі, як ані ў кога зь ягоных знаёмых. Заплюснуўшы вочы, Лявон доўга пяўся ўбачыць ейны вобраз, і яна нарэшце зьявілася, але быццам далёка і ў прыцемку. Глядзела сабе пад ногі, ня рухалася і не казала ні слова. Яму здавалася, што яна бляднее і адсоўваецца ўсё далей. З трывогай і горыччу ён заснуў.
Ураніцы, дрыжучы і хістаючыся са слабасьці, Рыгор перайшоў зь цёткінага пакоя ў свой і залез у ложак, накрыўшыся коўдрай і пакрывалам. Увесь дзень ён не ўставаў, то засынаў, то варушыўся ў дрымоце. За гэты час ён скарыстаў усе свае насоўкі, і яны ссохлымі камякамі валяліся на падлозе. Лявон засынаў, а прачнуўшыся, зноў браўся разважаць. Прыкладам, пра сувязь ідэі жанчыны з ідэяй аўтамабілю, альбо пра цётачку, як ён мог раней лічыць, што яна йснуе, ці пра тое, чаму ім з Рыгорам раптам адкрыліся раней схаваныя фэномэны. Лявон прышоў да высновы, што сама верагодная прычына празарэньня – гэта застуда. Пагладжваючы рукой халаднаватую прасьціну па берагу ложка, ён запытваўся сам сябе: калі акрыяць, дык вернецца былое сьветаадчуваньне? Ці яно страчанае назусім?
Хацелася піць, але сілаў схадзіць на кухню не было. Толькі ўвечары ён прымусіў сябе ўстаць, і гэта яму ўдалося на зьдзіўленьне лёгка, здавалася, што галава ператварылася ў паветраны шарык, а цела – у нітачку. Ён наліў соку ў сталёвую міску і колькі хвіляў грэў яе на пліце, абапёршыся рукой на падваконьнік. Рыхтык у гэтыя хвіліны ў гарызантальных палосах аблокаў на небе адбілася сьвятло вечаровага сонца, і яны афарбаваліся ў ружовы і далікатна-бэзавы. Лявону заманілася на дах, але ён ведаў, што не дапаўзе да яго ў сваім сёньняшнім стане. Пакуль ён піў гарачы сок, аблокі павольна патухлі. Лявон вярнуўся ў ложак, узяўшы з сабой замест насоўкі вафлёвы рушнік. Гэта была някепская думка, годная таленавітага вынаходцы, сказаў ён сабе. Настрой палепшыўся, і праз задавальненьне ў яго нават прасьвятлелася галава, стала лягчэй дыхаць. А мо наадварот – яму палягчэла, і праз гэта палепшыўся настрой? Калі Лявон ужо апускаўся ў сон, у ім нарадзілася яшчэ больш сьвежая і адважная думка: трэба перасяляцца на дах. Гэтая ідэя зрабіла яго канчальна шчасьлівым; засынаючы, ён усьміхаўся.
На наступны дзень, прачнуўшыся, Лявон адчуў сябе крыху лепей. Гледзячы на лямпу пад стольлю, ён успомніў сваё вечаровае шчасьце і тое што яго выклікала: жыцьцё на даху. Нават у звычайнай ранішняй цьвярозасьці і скепсысу вечаровая думка зусім не здалася яму дурной. На дах можна перацягнуць канапу, крэсла і столік зь цётчынага пакою ды зладзіць над імі навес зь якой плёнкі, на выпадак дажджу. Турбуючыся, каб уздым сілаў ня скончыўся, ён надумаўся пачаць пераезд зараз жа.
З крэслам пад пахай ён падняўся на дах – як заўсёды, зь невытлумачальнай асьцярогай, што выйсьця адтуль ня будзе. Але люк па-ранейшаму быў адчынены, неба – чыстае, і зь мінулага тыдню нічога не зьмянілася. Толькі пару сухіх бярозавых лісьцікаў, занесеных сюды моцным ветрам, нагадвалі пра суботні дождж. «Што сёньня за дзень? Здаецца, серада». Паставіўшы крэсла, Лявон прайшоўся вакол цаглянай будкі, зь якой выходзіў люк на дах. Будка была троху вышэйшая за чалавечы рост і прыкладна такой жа даўжыні і шырыні. Выдатнае месца ўладкаваць жытло! Да будкі можна паставіць канапу, і мур за сьпіной створыць адчуваньне спакою і ўтульнасьці.
Не губляючы часу, Лявон вярнуўся ў хату. Парыўся ў скрыні з інструмэнтамі, знайшоў там гайкавыя ключы і падступіўся да канапы. Зь перапынкамі на ўціраньне сусьляў ды чыхі ён адкруціў гайкі, што змацоўвалі часткі канапы паміж сабой. Частак атрымалася пяць: дзьве бакоўкі, два матрасы і падстава з ножкамі. Разьядноўваючы цяжкія матрасы, ён прышчыкнуў сабе палец мэханізмам іхнага раскладаньня, і, ледзь не скуголячы з болю і накату кволасьці, бязь сілаў сеў на падлогу. Уся энэргія ўжо растрацілася, і Лявон нават ня мог паварушыцца. Толькі праз паўгадзіны ён здолеў дабрацца да лазенцы, змыць з рук чорную змазку, што пакрывала канапавы мэханізм, і вярнуцца ў ложак.