Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Ты жонку сваю калі апошнім разам бачыў? – спытаў Рыгор наўпрост.
– Раіць ня буду, каб потым ня скардзіўся на дарадцаў, – адказаў дзядзька, як і тата, ігнаруючы правакацыйнае пытаньне. – Адно скажу: прыглядзіся да нявесты лепей. Спраўдзі яе. Можаш на’т поўху даць раза, каб водгук пачуць.
Рыгор рэзка павярнуўся і сеў. Ён схапіў дзядзьку вышэй локця і пачаў моцна дрогаць:
– Ты што, ня чуеш? Калі ты апошнім разам жонку бачыў, пытаюся?
– Прыбяры рукі! Ты што, ашалеў? – дзядзька вырваў локаць і злосна глядзеў на Рыгора. – Калі хварэеш, дык дома сядзі! На маму з татам крычы.
Ён сунуў Рыгору ягоны венік і пайшоў прэч з апарні, нешта гыркаючы на хаду. Рыгора трэсла, і ён сам не разумеў, чаму, ці тое з хваробы, ці тое са злосьці. Ён таксама ўстаў, спусьціўся прыступкамі і выйшаў. У мыйным аддзяленьні яму падалася холадна, ён сунуўся пад душ, улучыў ваду пагарачэй і колькі хвіляў ня рухаўся, убіраючы ў сябе цяпло вадзяных бруяў.
І раптам на яго накаціла: магутны ўнутраны парыў штурхнуў Рыгора на цэнтар залі, ён расставіў ногі і выцягнуў рукі ўбокі, сьціскаючы ў правай венік.
– Мужыкі! – гукнуў Рыгор.
Усе, хто быў у гэтую хвіліну ў мыйным, кінулі свае справы і павярнуліся да яго. Рыгор паспрабаваў быў узьлезьці на каменную лаву, каб яго бачылі лепей і каб ягоныя словы мелі з вышыні большую вагу, але вада і шума, разьлітыя па лаве, палохалі яго – пасьлізнуцца, паваліцца, не. Рыгор выбег у распранальню і з крыкам «Мужыкі!» узьлез на доўгую драўляную лаўку. Яна была ніжэйшая, чымся ў мыйным, але затое ня сьлізкая.
Усе ўтаропіліся на Рыгора. З мыйнага таксама выходзілі людзі і спыняліся, гледзячы на яго са зьдзіўленьнем і трывогай.
– Мужыкі! Адчыніце вашы вочы! Азірніцеся вакол! Здарыўся жах!
Людзі заціхлі ў чаканьні. Лазеньнік рыпнуў крэслам. Рыгор адчуў адказнасьць моманту і мовіў асабліва выразна і гучна:
– Усе жанчыны зьніклі.
Падняўся шум, мужыкі заварушыліся. Малады плячысты хлапец зь зялёным рушніком праз плячо, што стаяў блізка да Рыгора, узяў яго за прыдалоньне і пацягнуў уніз.
– Браценік, злазай давай, не выступай.
Пачуўся сьмех. Нехта весела гаркнуў: «ты што піў?», яму адказаў іншы голас: «ён ня піў, ён траву курыў».
– Мужыкі! Дык што ж гэта! Вы што, сасьляпелі? Аніводнае бабы вакол, а вы маўчыцё!!
Рыгора ўжо сьцягвалі за абедзьве рукі. Ён вырываўся, але страціў раўнавагу і мусіў саскочыць на падлогу.
– Ды што ж вы такія тупыя! Хадзем у жаноцкае аддзяленьне, спраўдзім!
Ніхто яго ўжо ня слухаў. Людзі ўсьміхаліся, хто вяртаўся ў мыйнае, хто працягваў адзявацца. З прыкрасьці Рыгор штурхнуў у плячо хлопца зь зялёным рушніком і атрымаў у адказ яшчэ мацьнейшы штурхель.
– Супакойся, браценік, – сказаў хлопец сур'ёзна, – Бо разварачу табе зараз усю храпу. Матухна не пазнае.
Рыгор быў тузануўся, але хтосьці схапіў яго ззаду за локці. У лазеньніка зьведалі нумар шафкі Рыгора, дасталі адтуль адзеньне ды рэчы, сунулі яму ў рукі і выпхнулі ў калідор.
Згінаючыся з сухога кашлю і дрыжучы, Рыгор зышоў з лазьневага ганка, перасёк дарогу і паглыбіўся ў двары Моладзевага пасёлку. Знутры жарыла, твар гарэў, непераадольна хацелася прылегчы, заплюшчыць вочы і ляжаць. Ён сеў на бераг круглай пясочніцы і ашчаперыў калені, яго калаціла. Вакол не было ні чалавека, пустыя вокны пяціпавярховак адлюстроўвалі дрэвы. «Там жа нідзе нікога няма, – дайшло да яго раптам, – дык навошта я тут сяджу?» Сабраўшы сілы, ён рушыў да аднаго з суседніх пад'ездаў і пацягнуў дзьверы. Адчыніліся. Падзівіўшыся, як саслабелі ягоныя ногі, Рыгор падымаўся лесьвіцай і тузаў усе клямкі запар. Незашчэпленая кватэра знайшлася толькі на трэцім паверсе, ён счакаў сэкунду і ўвайшоў.
– Ёсьць хтосьці? – спытаў ён гучна і, не чакаючы адказу, прычыніў за сабой дзьверы.
Ад слоў засьвярбела ў горле, і ён заперхаў. Вітальня была абклееная бэжавымі шпалерамі з дробнымі зялёнымі і сінімі лісьцікамі. адразу ж стаяў халадзільнік, вымкнуты зь сеткі, у якім зьмяшчаліся колькі пляскатых слоікаў са шпротамі. Рыгор узяў два слоікі, прайшоў на пыльную кухню і ў пошуках відэльца бязмыльна высунуў шуфляду праваруч мыйкі. Ён сеў на зэдлік, адкаркаваў слоік, балазе той меў адмысловае колца, і неўзабаве зьеў усё, безь цікавасьці гледзячы на маркотныя абкуродымленыя сьцены і паласу белае кафлі над плітой. Адразу зьеў і другі слоік. Пасядзеў, слухаючы шум у галаве, і пайшоў шукаць канапу, ложак або хоць штосьці прыдатнае спаць. Успомніў, што ў халадзільніку засталіся яшчэ шпроты і на імгненьне затрымаўся ў вітальні, але стомленасьць перамагла.
У пакоі яго чакаў ложак, засланы капай, з багатым кветкавым узорам кшталту старадаўніх габэленаў і выпукласьцю, пад якою хавалася пухоўка. Рыгор паваліўся на ложак і, схаваўшы далоні ў цёплае месца паміж сьцёгнамі, скруціўся абаранкам. Было холадна, і празь некаторы час ён знайшоў сілы занурыцца пад капу.
Раніцай, шляхам у туалет, Рыгор, намагаючыся адкашляцца і прачысьціць горла, выявіў, што страціў голас. Ён паспрабаваў вымавіць колькі слоў, але вязы адмаўляліся выдаць нават найменшы гук і выпускалі з рота толькі шэпт. Затое ў грудзёх зьявіліся нейкія хрыпы. Рыгор злаваўся, што лазьня не дапамагла яму, і вінаваціў у гэтым слабенькую апарню. «Схаджу сёньня яшчэ раз», – падумаў ён, пагойдваючыся са слабасьці над унітазам.
Ён падмацаваўся двума-трыма слоікамі шпротаў і зрабіў сабе вялікі кубак салодкае гарбаты. Пасьля гарбаты Рыгор адчуў, што голас вяртаецца, і колькі разоў гучна сказаў, быццам правяраючы мікрафон:
– Раз, два, тры...
Потым ён шукаў венік, але не знайшоў, хоць выразна памятаў, што трымаў яго ў руках, калі яго выштурхоўвалі з распранальні. Рыгору было шкада венік, і ён наважыўся абавязкова распытаць пра яго лазеньнікаў. Адначасна ён адчуў сорам за ўчорашняе ды сьверб ушчэмленага гонару. Асабліва распаляў яго ўспамін пра хлопца зь зялёным рушніком, які так самаўпэўнена пагражаў яму. Рыгору здавалася, што апыніся ён зараз ізноў там, усе насьмешнікі размазаліся б па сьценах і ўбіліся ў адзежныя шафкі.
Шляхам у лазьню Рыгор супакойваў сябе меркаваньнем, што сёньня мыцца прыйдуць зусім іншыя людзі. І праўда, сярод аўторкавых купальнікаў ён не пазнаў ні ўчорашніх, ні суботніх. І лазеньнік зьмяніўся, хоць гэта было нават дарэчы: ўчорашні абавязкова ўспомніў бы Рыгора і ягоны гучны, але ганебны выступ. Ён спытаў лазеньніка пра забыты дубовы венік, і той адмоўна пакруціў галавой, прапанаваўшы яму адзін са сваіх, бярозавых. Рыгор пачаў выбіраць венік, трэсьці імі ў паветры, спрабаваць на гушчыню і пругкасьць. Абраўшы, ён пайшоў распранацца і доўга кашляў, сунуўшы галаву ў шафку, каб цішэй. Пасьля кашлю яго апанавала такая смага (адбіваліся гэныя шпроты), што ён мусіў адмовіцца ад правіла піць толькі пасьля працэдур і накіраваўся ў бар.
У такую рань бар пуставаў, толькі за сама ўтульным століку ў куце сядзелі два непаголеныя брунэты, якія, відавочна, таксама адмовіліся ад правілаў. Ён спытаў «Сябра» ў незнаёмага соннага буфэтніка і першым глытком выпіў бадай палову куфля. Яму здалося, што ягоныя мазгі – гэта акунутая ў шклянку губка, да тога хутка хмель ахутаў ягоную саслабелую галаву. Рыгор памятаў, што абяцаў сабе ня лезьці больш у спрэчкі, але зараз ня вытрымаў і зьвярнуўся да буфэтніка:
– Ці ты жанаты, браток?
– Не-а. Куды сьпяшацца, – буфэтнік, крымінальнага выгляду хлапец зь мясёным тварам і маленькімі вочкамі, падазрона паглядаў на яго.
– А дзяўчына ёсьціка ў цябе?
– Як безь дзяўчыны.
– Ты калі яе бачыў апошнім разам?
– Ты чаго прычапіўся? – дзяцюк упёрся тоўстымі пальцамі ў стальніцу.
– Супакойна, браток. Мы ж проста гутарым, га? – Рыгор адпіў яшчэ добра піва. – Я ведаеш што заўважыў? Што вакол аніводнае бабы няма.
Буфэтнік крыва ўсьміхнуўся, і Рыгор працягваў, сьпяшаючыся і баючыся быць заўважаны ў пасьпешлівасьці:
– Я таксама раней лічыў, што ў мяне жонка ёсьць, і дзьве дачкі, і цешча з бабкай. А пазаўчора як накаціла на мяне! Празарэньне! І адкрылася мне, што ня маю ніводнае жанчыны, а толькі старога цесьця. І ня толькі я – ніхто ня мае! Быў са мной адзін прыяцель, дык выявілася, што ў яго таксама цёткі няма. Вось так гадамі жывеш, і праўды ня ведаеш, чуеш? Дык прынамсі. Я ж аўтасьлесар па прафесіі, чуеш? А мне адкрылася, што і машын няма! Зусім няма! А я аўтасьлесар. Ты разумееш?