Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 89
Перейти на страницу:

– Ты заўважыў, што людзей у горадзе мала? Вядома заўважыў, калі лом з сабой цягаеш. Заўважыў, што жанчын няма? Што дзяцей няма? Што машын на дарогах няма? Што грошай няма? – на кожнае з гэтых пытаньняў Рыгор сьцьвярджальна ківаў, а пачуўшы пра грошы, утаропіў вочы на міністра. – Ну? Дык усё гэта ты зразумеў толькі дзякуючы застудзе. Калі ачуняеш, ізноў забудзеш.

Міністар разглядаў твар Рыгора, чакаючы водгук на свае словы. Рыгор адвёў погляд і прамармытаў:

– Вось якая навіна… А я сам і ня сьцяміў.

Міністру відавочна спадабалася, што Рыгор прызнаў сваё глупства. Ён сеў за стол, запрасіў сесьці насупраць сябе Рыгора і прыслужніка, і, быццам пацьвярджаючы свой тэзіс пра застуду, з густам чхнуў. Прамякнуўшы нос клятчастай хустачкай, ён працягнуў:

– Дык вось, Рыгору. Людзі нічога не разумеюць і разыходзяцца, хто ў плот, хто ў агарод. Напрыклад, ты – аўтасьлесар? І чым ты займаўся да застуды? Брынды біў! Ня мог жа ты рамантаваць няісныя аўтамабілі. Дындаваў, як і ўсё, за рэдкім выняткам. Лайдачуць ды ня бачуць, што знаходзяцца над прорвай. Разумееш мяне цяпер? Падтрымваць жыцьцядзейнасьць і функцыянальнасьць соцыюму ў гэткіх умовах неверагодна цяжка. Людзі жывуць ілюзорным жыцьцём, з гэтым анічога зрабіць мы пакуль што ня можам. Калі б ты ведаў, якіх намаганьняў патрабуе адно захаваньне працаздольнасьці электрасетак ды вода-забесьпячэньня! Вось Юрась не дасьць зманіць. Юрась – кіраўнік прадпрымальнікаў.

Юрась, які сядзеў у элегантавай позе леваруч Рыгора, зьлёгку нахіліў галаву, калі яго назвалі. Перад ім ляжаў разгорнуты нататнік у скураной вокладцы і бэзавы фламастар. Рыгор чуў часты і моцны подых Юрася, і цяпер зразумеў прычыну чырвані ягонага худога твару – высокая тэмпэратура.

– Ты разумееш, што я кажу? – спытаў міністар Рыгора.

– Так... – працягнуў Рыгор. – Але ўсё адразу ў галаве ня тоўпіцца. Чаму, напрыклад, хварэе так мала людзей? Няўжо падабаецца быць абдуранымі?

– Калі крыху разважыць, – міністар, мабыць, усё больш зацьвярджаўся ў тупаватасьці Рыгора, – дык можна лёгка знайсьці адказ. Першае, у нашым клімаце захварэць няпроста. Сам памяркуй: заўсёды сонечна, горача, зрэдку кароткі цёплы дождж. Разумееш? Другое, ня кожнаму прыдаецца ўтрымаць застуду, і ня кожны ўсьведамляе патрэбу гэтага для сябе, ня кажучы ўжо пра грамадзкую значнасьць.

– А калі застуджваць людзей гвалтоўна?

– Няблага. Але як ты сабе гэта ўяўляеш?

Рыгор маўчаў, узмоцнена думаючы, і міністар вярнуўся да тэмы.

– Рыгору, давай пакінем фантастычныя і радыкальныя тэорыі на потым. Зараз наш галоўны доўгачасовы плян – аднаўленьне таварова-грашовых зносінаў, якія дазволяць зацікавіць грамадзян у карыснай працоўнай дзейнасьці. Нашае грамадзтва балансуе на краю згубы, і выратаваньне мы бачым толькі ўва ўсеагульнай сістэмовай працы. Паводле нашых падлікаў, зараз у Менску каля дзесяці тысяч жыхароў, зь якіх карыснай працай займаецца ня больш за тысячу. У гэтым вялізарная заслуга Юрася, – міністар ізноў паглядзеў на Юрася, а Юрась ізноў элегантава пакланіўся, – які асабіста наладзіў сістэму забесьпячэньня ў горадзе. Гандлёвая сетка працуе бесьперабойна, як ты ведаеш, і ў гэтым рэжыме голад нам не пагражае. Але праблем застаецца многа. І твой абавязак, Рыгору, дапамагчы свайму народу. Мажлівасьць дапамагчы ўсяму народу – гэта шчасьце для чалавека, рэдкая ўдача. І яна надарылася табе! На свае дробныя жаданьні забудзься, – міністар паказаў вачыма на лом, які тырчыў з-за сьпіны Рыгора. – Мы забясьпечым цябе ўсім патрэбным.

– Так, вядома, я гатовы! – разгублена і блытана загаварыў Рыгор, уразіўшыся на міністравы словы. – Вы не падумайце, што я!.. Калі б я адразу ведаў, што ўсё так, як вы кажаце... Але цяпер я ўсё гатовы зрабіць! Я на’т зараз пачну, толькі скажыце, з чаго пачаць!

– Малайчына, Рыгору! Я не сумняваўся ў табе. Я адразу ўбачыў, што ты наш чалавек, – сказаў міністар ласкава і ўсьміхнуўся, што надало ягонаму твару хцівы выраз.

Ён устаў і падаў Рыгору руку праз стол. Рыгор таксама ўстаў і жвава яе паціснуў. Яны зноў селі, і міністар зьвярнуўся да Юрася:

– Што ў нас на сёньня найбольш значнае?

– Сувязь, – бяз роздумаў адказаў Юрась, паглядаючы на Рыгора. Ягоны голас, які прагучаў упершыню, быў рэзкі і выразны. – Зносіны з дапамогай пошты занадта павольныя. Належыць ізноў наладзіць тэлефонную сувязь. Яна ніколі не была паўнавартаснай, але колькі месяцаў таму зьнікла спрэс, як вам вядома. Без яе надзвычай цяжка.

– Разумееш? – міністар павярнуўся да Рыгора. – Гэта і будзе тваім першым заданьнем. Зразумела, ніхто не патрабуе ад цябе самастойнай папраўкі сетцы, але ты знойдзеш спэцыялістаў і прыладзіш іх да работ. Калі спатрэбяцца сродкі прыладжаньня, дык зьвяртайся да мяне.

– Слухайце! Я ж ведаю чалавека, які зволіўся з тэлефоннай станцыі! Піліп! Усе сыходзіцца: паўгода таму ён адтуль пайшоў, а неўзабаве і сувязь зьнікла. Мабыць нешта сапсавалася, а паправіць няма каму, – Рыгор казаў усхвалявана, пабліскваючы вачыма.

– Выдатна! Вось і займіся наўпрост заўтра, – сказаў міністар. – Памяркуй, чым яго можна матываваць, каб ён вярнуўся на тэлефонную станцыю, і дзей. Людзей заўсёды можна чымсьці зацікавіць.

Скарыстаўшыся тым, што размова дасягнула лягічнага завяршэньня, і, мабыць, не жадаючы чакаць пачатку наступнае тэмы, кіраўнік прадпрымальнікаў Юрась устаў і разьвітаўся:

– Алесь Міхасевіч, калі я больш не патрэбны, дык дазвольце адкланяцца. Рады быў знаёмству, – Юрась нахіліў галаву ў бок Рыгора.

– Да заўтра, – дазволіў міністар.

 «Алесь Міхасевіч? Вось дык імейка для міністра», – Рыгору чамусьці стала сьмешна. Калі Юрась выйшаў, міністар высмаркаўся ў сваю клятчастую хустку і сказаў ужо іншым, менш афіцыйным тонам, кіўнуўшы ў бок дзьвярэй:

– Найразумнейшы мужык! І цьвёрды, як камень. Ты яго яшчэ пазнаеш і ацэніш. Ну, Рыгору, вып'ем за знаёмства?

– Вядома, – адказаў Рыгор, хоць для яго зьявілася нечаканасьцю, што зь міністрам можна піць за знаёмства.

– Але спачатку працэдуры!

Міністар падміргнуў Рыгору і прайшоў у кут залі, да невялікіх белых дзьвярэй. За дзьвярыма выявіўся туалет з блакітным унітазам і рукамыйнаю ракавінай. Рыгор са зьдзіўленьнем глядзеў, як міністар зьняў зь сябе прасьціну і кінуў яе на падлогу, выставіўшы на агляд вялізарнае тугое чэрава і прасторныя белыя майткі. Пусьціўшы ваду з крана, ён узяў з паліцы другую прасьціну, мабыць сьвежую, і пачаў мачыць яе ў ракавіне. Потым ён адціснуў зьлішкі вады над унітазам і накінуў прасьціну на голыя плечы, зноў ператварыўшыся ў старажытнага грэка. Шчыльна загарнаючыся ў сваю тогу, уздрыгаючы і крэкчучы, ён выйшаў з туалета і растлумачыў:

– Вось так я і застаюся пры катары, як бачыш. Дзейны спосаб. Здаравець нельга, інакш уся праца дарма пойдзе. Адчыні-ка дзьверы ў калідор, няхай проймачка падзьме, – загадаў ён Рыгору.

Пакуль Рыгор адчыняў дзьверы і прыстаўляў іх крэслам, каб не зачыняліся, міністар дастаў аднекуль бутэльку каньяку і дзьве чаркі з жоўтага шкла. Рыгор, вярнуўшыся да стала, папярэдзіў, што ня любіць каньяк і вынуў з торбы сваё піва. Міністар паціснуў плячыма і акуратна напоўніў адну з чарак. Перш як піць, ён са сьмешнай асьцярогай панюхаў налітае, быццам у бутэльцы мог выявіцца не каньяк, а што заўгодна іншае. Але, здаволіўшыся пахам і спадылба зірнуўшы Рыгору ў вочы, ён падняў чарку і залпам выпіў. «Хіба каньяк п'юць залпам? Зрэшты, яму лепей відаць, ён жа афіцыйная асоба», – Рыгор сынхронна адпіў значны глыток піва і спытаў, ці няма чаго закусіць. Тут упершыню яму ўдалося зьдзівіць міністра і нават амаль паставіць яго ў тупік: ён пасядзеў хвіліну, мяркуючы, потым падыйшоў да непрыкметнае ў сьцяне шафы і адчыніў яе. Перасоўваючы бутэлькі ўнутры, ён неўзабаве знайшоў у глыбіні напаўпразрыстую талерачку з цукеркамі і паставіў яе перад Рыгорам. Рыгор адразу ж адправіў адну з цукерак у рот (яна сталася чакаляднай з праслойкамі вафлі) і, разгладжваючы фаньцік, сказаў, загадзя пасьмейваючыся:

– Слухайце анэкдот, рыхтык у тэму! Аднаго разу заўважыў цар, што народ ягоны сьпіваецца, і абвясьціў сухі закон. На наступную раніцу ўваходзіць да яго міністар аховы здароўя і кажа – маю патрэбу ў гарэлцы, Ваша Вялікасьць! дзеля дэзінфэкцыі! Цар пытаецца – колькі? Сто грамаў штотыдзень на кожнага хворага! Выдаць. Пасьля яго заходзіць міністар абароны і кажа – маю патрэбу ў гарэлцы, Ваша Вялікасьць! дзеля павышэньня баявога духу! Цар пытаецца – колькі? Сто грамаў перад атакай і сто грамаў апасьля атакі на кожнага салдата! Выдаць. Пасьля яго заходзіць міністар культуры і кажа – маю патрэбу ў гарэлцы, Ваша Вялікасьць! дзеля натхненьня! Цар пытаецца – колькі? Сто грамаў перад абедам, сто грамаў апасьля абеду і бутэльку на вячэру на кожнага паэта! ужо вельмі рыфмы складаныя, Ваша Вялікасьць!

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)