Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 89
Перейти на страницу:

– Я ўвогуле ненадоўга, – Рыгор адпіў глыток. – Толькі даведацца, якія ў гэтым доме пляноўкі. Можа, суседам вашым буду.

– Суседам? Выдатна! Зараз песьню даслухаем ды пакажам табе пляноўку.

Яны калывалі галовамі ў тахт музыкі і весела паглядалі на яго. Зычлівая парачка… І ўсё ж Рыгор падазраваў іх у нейкіх нявызначаных намерах да сябе, адначасна адчуваючы няёмкасьць. Каб прыглушыць яе, ён спытаў, ці няма ў іх чаго пад’есьці.

– Пад’есьці? – Казік пераглянуўся зь сябрам, і яны засьмяяліся, прытым Рыгору здалося, што сьмяюцца яны не пакепліва, а радасна. – Няма, вядома, навошта гэта? Плюнь! Паслухаем лепей песьні! Пі да дна!

Рыгору зрабілася яшчэ больш няёмка. Не чакаючы канчатку песьні, ён адмовіўся слухаць далей, патлумачыўшы, што аддае перавагу сымфанічнае музыцы, і настаяў на тым, каб яму хутчэй паказалі кватэру. Казікаў сябар правёў яго ў маленькую кухню са спарахнелымі шафкамі і газавай плітою, зачыненай кавалкам фанэры, якая служыла падстаўкай пад фікус. Глядзець было няма на што, але Рыгор пасьля свае настойлівасьці палічыў за належнае падрабязна агледзецца і нават пакратаць глянцавіты фікусавы ліст. Потым яны выйшлі ў вітальню, пастаялі. Сябар Казіка адчыніў дзьверы лазенкі і запаліў там сьвятло.

– Вось. Бач, ванна, – ён прамяніў радасную ўсьмешку. – Застанешся ў нас?

– Дзякуй, братка, але не магу. І за піва таксама дзякуй. Мне пара йсьці.

Рыгор накіраваўся да дзьвярэй, бы запыняцца тут не хацелася. Кватэра яго расчаравала, а хлопцы выклікалі неспакой.

– Пачакай, – з пакоя зьявіўся Казік з кампакт-дыскам у руцэ. – Застанься яшчэ ненадоўга. Я адразу не заўважыў, што ты нешчасьлівы. Мы табе дапаможам. Пачакай жа! Вазьмі хоць бы дыск, у падарунак! Выдатная музыка! Дома паслухаеш.

Як раз у гэты момант на Рыгора наваліўся кашаль, і ён палічыў гэта за падставу не турбавацца пра ветлівасьць. Ён сунуў дыск у кішэню, самастойна адчыніў замок, выйшаў на пляцоўку і, махнуўшы рукою сябрам, хляпнуў дзьвярыма. «Вось паўдуркі», – думаў ён, зьбягаючы лесьвіцай уніз.

Рэшту тыдню Рыгор правёў у пошуках падыходнае хаты. Ён прыдабыў жалезны лом з выгнутым падвоеным кляўцом, які дазваляў яму лёгка выкрываць большую частку зачыненых пад'ездаў і дзьвярэй. Каб насіць лом, не займаючы рук, Рыгор прывязаў да яго скураны пас са старога фотаздымача, знойдзенага ў адной з кватэр, і закідваў яго за плячо, нібы стрэльбу ці лук. Звычайна Рыгор узьдзіраўся ў дом, які падабаўся яму знадворку, і абсьледаваў колькі выпадковых кватэраў, аддаючы перавагу другім паверхам. Першы паверх здаваўся яму няварта нізкім, а занадта высока паднімацца не было сілаў. Зрэшты, застуда патроху адыходзіла, ён кірхаў усё слабей і слабей.

Больш за другія яму спадабалася хата ў адным з дамоў па вуліцы Захарава, непадалёк ад плошчы Перамогі. Першае, яго ўзрадавала суседзтва дома з хлебнай крамай на рагу, дзе можна было заўсёды купіць найсьвяжэйшыя пірожныя, тарты ці на благі канец гарачы хлеб – як чорны, так і белы. Другое, у хаце была вада. Трэцяе, вялізарны дзьвюхдзьверавы халадзільнік «Атлант» у вітальні зьмяшчаў у сабе дзіўную колькасьць алькаголю: бутэлек было да тога шмат, што яны не стаялі, а ляжалі ўстос. З усьмешкай дзіця, што патрапіла ў краму цацак, Рыгор ашчэдна вымаў і разглядаў бутэлькі адну за другой. Стваральнік алькагольнага запасу відавочна аддаваў перавагу сухому чырвонаму віну: нейкія Шыразы, Бастардо, Піно Нуары, Сэнсо, Вэрмэнціны – урэшце Рыгор, які нічога не разумеў у віне, кінуў дурное. Ён мелькам прагледзеў іншыя палічкі ў пошуках піва, але піва было зусім трохі, таксама незнаёмых назваў. Моцныя напоі не шанаваліся: пару бутэлек з гарэлкай, нейкая тэкіла і маленькі флякон абсэнту, на якім красаваў чалавек зь перабінтаванай галавой. На верхняй паліцы зьмяшчаліся вэрмуты, партвэйны і лікёры. Павагаўшыся, Рыгор узяў піва наўздагад, з манахам на этыкетцы.

У нядзелю пад вечар, шчытна павячэраўшы эклерамі і вішнёвымі бісквітамі, закінуўшы за плячо лом і невялічкую торбу з паходным правіянтам, Рыгор выправіўся на шпацыр па праспэкту. Настрой быў ня лепшы, зацягнутая адзінота ўжо пачынала ўціскаць яго. Рыгор перабіраў усіх знаёмых, да каго можна было б зайсьці ў госьці, але ніхто не падыходзіў – пасьля размовы з татам яму здавалася, што ён ня здоліць маўчаць пра хвалюючыя яго тэмы, і сустрэча абавязкова скончыцца жаласна. Заставаліся толькі тата, шчасьлівая пара сяброў-паўдуркаў і Лявон, але нікога зь іх ён ня мог узгадваць без злаваньня.

Падняўшыся да Дома афіцэраў, Рыгор збочыў налева, мінуў помнік з танкам і спыніўся насупраць Рэзідэнцыі прэзыдэнта, разглядаючы яе. «Чаму б не?» – мільганула нечаканая думка, праз якую ён нават зьбянтэжыўся. Прысеўшы на чыгунавую агароджу, ён адкаркаваў «Сябра» і з хваляваньня выпіў яго адразу ўсяго, забыўшыся пра пакунак вэнджанага сыру. «Чаму б мне не пажыць у рэзідэнцыі прэзыдэнта? – падумаў ён цяпер сьмела, – Яна пэўна пустуе, пакрываецца пылам, і ніхто яе ня ветрыць». Рыгор аднёс бутэльку ў сьметніцу на краю агароджы і накіраваўся да ўваходу.

Галоўныя высокія дзьверы, як ён і чакаў, былі зачыненыя. Рыгор з задавальненьнем пацягнуўся, падняўшы ўверх сагнутыя ў локцях рукі, і наважыўся ўжо зьняць з пляча лом, як раптам пачуў вокліч:

– Гэй, ты!

Голас гучаў зьверху, нясьпешны і ўпэўнены. Рыгор адступіў на пару крокаў і падняў галаву. З вакна трэцяга паверху на яго пазіраў мужчына ў белым.

– Што ты робіш? Зусім боязь страціў? – счакаўшы крыху, мовіў мужчына.

Гэта было нечакана, і Рыгор замарудзіўся, абіраючы паміж адказамі «Выбачайце, я, здаецца, не туды трапіў» і «Вось зараз падымуся і навучу цябе сапраўднае боязі». Ён пракашляўся, схіляючыся да другога адказу, але мужчына апярэдзіў яго:

– Застудзіўся? Зразумела. Як клічучь?

– Рыгорам.

– Пачакай, зараз табе адкрыюць.

Мужчына зьнік. У ягоным уладным голасе ня чулася пагроза, і Рыгор, які быў падумаў схавацца ў парку, далей ад мажлівых непрыемнасьцяў, спыніў сябе. У яго зьявілася надзея, што зараз, мабыць, ён нарэшце атрымае нейкія тлумачэньні.

Хвіляў празь пяць дзьверы адчыніліся, і зьявіўся высокі худы чалавек гадоў сарака ў цёмна-шэрым гарнітуры, з сур'ёзным тварам колеру чырвонае цэглы. Не выходзячы вонкі, ён прытрымаў дзьверы і моўчкі зрабіў запрашальны жэст рукой. Калі Рыгор прайшоў унутар, чалавек гэтак жа моўчкі рушыў углыб вэстыбюля, завабіўшы Рыгора йсьці ўсьлед. Хада ў яго была ледзь стомленая, але худую сьпіну ён трымаў роўна, як сьцяг. «Целазахоўнік? Ад'ютант? Дварэцкі?» – меркаваў Рыгор, пакуль падымаўся за ім лесьвіцай з дываном. На трэцім паверсе, адразу за паваротам, строгі праваднік пастукаў у цёмныя дзьверы з залацістай шыльдай «Міністар» і, не чакаючы водгуку, увайшоў.

Рыгор рушыў за ім і апынуўся ў вялікай залі з даўгім пурамоўным сталом і чаргамі фатэляў абапал. Ля вакна стаяў той самы мужчына, што размаўляў зь ім. Да вялікага зьдзіўленьня Рыгора, мужчына быў загорнуты ў белую прасьціну, што рабіла яго падобным да старажытнага грэка. Але калі ён павярнуўся, стала зразумела, што гэта пэўны міністар – высокі, самавіты, з тоўстым тварам, маленькімі, жорсткімі вочкамі і вялікім чэравам. Упэўненым крокам міністар падыйшоў да Рыгора і падаў яму далоню:

– Рады новай асобе! Нас мала, і кожны каштоўны. Ці даўно ты застуджаны?

Рыгор паціснуў руку і кашлянуў са зьбянтэжанасьці, апусьціўшы вочы на босыя міністэрскія ногі.

– Каля тыдню.

– Зразумеў ужо, што ды навошта? Малайчына, – ягонае маўленьне было выразнае і хуткае, з трапным спалучэньнем камандавых і давяральных інтанацыяў, якое адначасна прыхіляла і падпарадкоўвала слухача. – Цяпер табе галоўнае – падтрымваць у сабе хваробу, не забывайся аб гэтым. Паменш бываць на сонцы, пабольш ладзіць скразьнякоў у хаце, і гэтак далей. Ты хто па прафесіі?

– Аўтасьлесар. Але хвіліначку, навошта мне падтрымваць хваробу?

Рыгор зьдзіўлена пазіраў на міністра. Той зьлёгку ўсьміхнуўся і зрабіў кароткую паўзу, быццам занатаваўшы сьціплыя разумовыя здольнасьці Рыгора.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)