Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 241
Перейти на страницу:

— Кароткімі перабежкамі… наперад!

Людзі пападалі, дзе беглі, і ён упаў локцямі ў калючы асот і некалькі секунд сутаргава дыхаў, не ў стане прасунуцца ні на крок. Але рухацца на вышыню было неабходна: кожная хвіліна несла або смерць або выратаванне. Абдзіраючы локці і калені, хлопец пакутліва падаўся ўгару. Ён кіраваў да абсмыленага танка, які скасабочыўся на адхоне і яшчэ курэў смярдзючым дымам.

Але хлопец туды не дапоўз. Моцны кулямётны агонь прымусіў яго прыціснуцца да зямлі і, заміраючы ад небяспекі, нейкі час ён ляжаў, не адважваючыся узняць голаў. Пятрусь азірнуўся, за ім у дзесяці кроках, гэтак жа прытуліўшыся да зямлі, ляжаў нехта, болей у траве нікога не бачна было. Хлопцу стала страшна: ён зусім не ведаў, што зрабіць, каб як наблізіцца да траншэі. А калі сержант зірнуў назад, на ўзлесак, дык у душу яго шыбануў спалох. Там з’явіліся ўжо нейкія постаці, яны нешта таропка сноўдалі, пэўна, ставілі цяжкую зброю ці яшчэ што рыхтавалі з тылу трапіўшаму ў бяду атраду байцоў.

У гэтую жахлівую безнадзейную хвіліну падпоўз да сержанта руплівы Жук, аднекуль побач з’явіўся Мацейка. Яны пераглянуліся зводдаль, грымоты бою нічога не далі сказаць сержанту, але хлопцы, здаецца, разумелі ўсё. Аднак зрабіць што-небудзь нельга было, па-ранейшаму шчыльны знішчальны агонь слаўся па зямлі.

Сержант усё шукаў у думках якога выйсця з страшнага гэтага становішча, але выйсця не было. Толькі не зважаючы на агонь, імклівым кароткім рыўком здолелі б яны ўдарыць па ворагу і дасягнуць траншэі. Трэба было неяк скалыхнуць, узняць людзей і рушыць іх на апошні ўдар. I сержант тады зноў нагадаў пра свой сцяг, які ўжо не раз дапамагаў яму ў цяжкія часы, на яго была цяпер апошняя надзея.

Але ўзняцца не было ніякай магчымасці. Суцэльныя струмені куль снавалі над зямлёй, крамсалі быльнёг кулямётныя чэргі, разляталася ў бакі ўсохлая жарства пагорка.

I ў той час Жук, які бліжэй да сержанта ляжаў у быльнёгу, ухапіў аўтамат і, згінаючы асот, папоўз угару. Ён не зрабіў сержанту ніякага знаку, не азірнуўся нават, але Пятрусь зразумеў яго, вельмі абнадзеіўся і яшчэ болей занепакоіўся за жыццё разумнага гэтага хлопца.

Жахлівыя бясконцыя хвіліны марудна паўзлі над вышынёй. Здавалася, ніколі не будзе канца гэтаму агню і гэтаму маруднаму шляху разведчыка. Жук дзейнічаў асцярожна: то поўз, то ляжаў, прыпаўшы тварам да калючага асоту, чакаў і зноў на крок пасоўваўся наперад. Але вось ён засланіўся ад кулямёта грамадзінай танка і прыкметна паскорыў свій шлях.

Неўзабаве яго камлюкаватая постаць была ўжо ля танка, хлопец узняўся на каленях і рукою нешта замахаў людзям. Пятрусь здзівіўся ягонаму спрыту але ніяк не здагадваўся, чаго хоча баец. А той, звярнуўшы так на сябе ўвагу сержанта, ціхенька вытыркнуўся з-пад гусеніцы ля вядучага кола машыны. Ён, відаць, стрэліў з аўтамата — у грукаце бою сержант не ўчуў яго стрэлаў — і бліжні кулямёт, які дагэтуль так хлёстка слаў па зямлі смяртэльныя чэргі, нечакана замоўк. Жук азірнуўся, замахаў назад абедзвюма рукамі і з аўтаматам рынуўся за танк.

Нястрымны гарачы парыў шыбануў у голаў сержанту, і ён голасна, як мог, крыкнуў людзям:

— У атаку!!! Ура-а-а-а-а!!!

Ён ускочыў, адчайна выпрастаўся ў рост, размашыста матлянуў угары чырвоным шоўкам сцяга, як гэта рабіў некалі іх камандзір палка, і тады кінуўся за разведчыкам. Ён не азіраўся назад, але страшная думка — ці ўстануць за ім яго людзі — коратка і балюча працяла істоту. I яны ўсталі — у розных месцах, з пожні, быльнёгу паўскоквалі змораныя байцы і, колькі было ў іх сілы, нязладна і слаба ў гэтым пякельным грукаце крычалі «ура» і беглі да траншэі.

Абмінаючы танк, сержант прыкмеціў, як замільгалі ў траншэі галовы ворагаў, як матлянулася і прапала недзе прыгнутая спіна Жука, як разанулі па пыльнаму брустверу нейчыя чэргі. У дзвюх руках трымаючы цяжкі на ветры сцяг, Пятрусь не мог стрэліць туды, але побач з ім з’явіліся яго людзі, і напорыста загрукацелі навокал іх чэргі. Немцы з траншэі стралялі [ў іх, не]калькі куль [ударыла па раз]горнутаму сцягу, сцебанула [сержанту вышэй] локця.

З усяе сілы сержант бег туды, дзе знік разведчык, і неўзабаве скочыў у гліністую, неглыбокую, з абрушанымі берагамі траншэю. Ён азірнуўся назад — скрозь па схілу беглі ўгору байцы. Разагнаныя Жукам, непадалёку кінуліся да хадоў зносін постаці ў касках, аднекуль моцна разанула над галавой аўтаматная чарга, і Пятрусь ледзь паспеў ад яе схавацца ў зямлю. У тое месца, куды падаліся немцы, рынуўся з бруствера малодшы лейтэнант, за ім скочыў Мацейка. Пятрусь прыціснуў падпахай паўзгорнуты, нязручны ў акопе сцяг і з пісталетам у руцэ падаўся за гэтымі спрытнымі хлопцамі. З-за павароткі ён наскочыў на ворага, распластанага на дне, разгоніста пераскочыў скорчанае цела чырвонаармейца і стрэліў у мільгануўшую наперадзе зялёную спіну. Мацейка, прыгнуўшыся, спрытна шмыгаў ад павароткі да павароткі, папярэдне коратка прастрэльваючы з аўтамата кожны заварот; лейтэнанта ўжо чамусьці не бачна было. У розных месцах траншэі неўзабаве з’явіліся нашы байцы, і тады, ахопленыя адчаем, ворагі кінуліся ў рукапашную. У ранішнім паветры над вышынёй люта трашчалі чэргі, на смерць схапіліся ў бязлітаснай бойцы ашалелыя сержантавы людзі— качаліся, душылі, кулакамі і зброяй білі заклятых ворагаў, што сталі на іхнім шляху да вызвалення. Крыкі і страшная нечуваная лаянка несліся над узгоркам.

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)