Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Вось нібы ломік — раздрабняць. А выкідваць і жменямі можна.
Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але, змякчэўшы ад наіўнага выгляду маладога байца, сказаў проста:
— Ну, давай. Вось тут будзеш капаць — на гэты бок каравулкі, а я ўжо на той бок — у цэнтры. Давай, не марудзь. Пакуль відно…
2
На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя змрочныя хмары. Сваім шчыльным цяжарам яны зусім загрувасцілі неба, затулілі блішчастую шчыліну над касагорам; стала пагрозліва, трывожна і сцюдзёна. Вецер з шалёнай восеньскай лютасцю абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў, вымятаў лісцвяны маладняк прысадаў, гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шапатлівыя статкі лісця. Каламутная вада ў лужыне ад напору ветру аж выплёсквалася з дарогі і пырскала на ўзмежак сцюдзёнымі бруднымі кроплямі.
Байцы на пераездзе рупна ўляглі ў работу — капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.
За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж перасмыкнуў тварам, убачыўшы бяздзейнасць свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на спацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся па-над канавай да няўдакі-байца.
— Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Можа, думаеце, што калі няма лапаткі, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?
З выгляду абыякавы да ўсяго, Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў:
— М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось…
Крыху здзіўлены і астуджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў што сказаць далей, толькі перадражніў:
— Іш ты: эсцэксаў!
Яны стаялі так адзін супраць аднаго: усхваляваны, з дрыжачымі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты ўладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну гадаў, што зрабіць з гэтым няўмекам, а пасля, успомніўшы, што трэба на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:
— Вось што: бярыце вінтоўку і марш за мной.
Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запіхнуў за пазуху кніжку, уздзеў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыхом і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апранаў у рукавы шынель, аглядаў, як акопваліся астатнія. Мінаючы сваю ячэйку, ён коратка кінуў байцу:
— Вазьмі ж лапатку.
Яны выйшлі на пераезд і па заследжанай сотняю ног гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.
Тым часам паволі цямнела. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар, якія шчыльна абклалі прастор і згусціліся на небасхіле змрочнай суцэльнай масай. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў, сівернай сцюжай пранікаў за каўнер, у рукавы, выпякаў з вачэй сцюдзёныя слёзы.
Карпенка крочыў хутка, не вельмі разбіраючы дарогі і не дужа шануючы свае кірзавыя новыя боты — адзіную адзнаку яго камандзірскай годнасці. Затуляючыся ад ветру каўняром шыняля, у нацягненай на вушы пілотцы, за ім шкандыбаў Фішар. Баец зноў набыў свой звычайны, абыякавы да ўсяго выгляд і, скіраваўшы позірк у загусцелую гразь дарогі, асцерагаўся паварушыць забінтаванай, балючай ад скулаў шыяй. У канавах шапацела на ветры лісце, наўкола тапырылася ржышча асірочанага восенню поля.
З сярэдзіны касагора Карпенка азірнуўся, каб агледзець зводдаль пазіцыю свайго ўзвода, і ўбачыў, што яго падначалены адстаў далёка і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду сваю кніжку. Міжвольна падзівіўшыся з гэткай кніжнай цікаўнасці, Карпенка спыніўся і чакаў, пакуль той даганяў яго. Але Фішар не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі. Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва пераступіў па гразі і строга спытаў: