Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
«Толькі б праскочыць. Толькі б не наткнуцца і не загубіць людзей», — увесь час стукала ў голаў неадчэпная думка.
Раздзел дванаццаты
Ужо на змярканні да атрада далучылася яшчэ дванаццаць байцоў.
Іх недзе напаткаў дазор, і Жук выправіў іх з дазорным насустрач калоне. Яны нечакана з’явіліся з-за ячменнага пагорка ў полі, і сержант аж спалохаўся, убачыўшы столькі людзей. Але дазорны падаў голас, і Пятрусь, не разумеючы яшчэ, у чым справа, спыніў байцоў. Зблізку ён ўбачыў, што гэта былі свае, і ў хлопца адлегла ад душы. Да яго разам з дазорным падышоў нізенькі бялявы малодшы лейтэнант, ён з павагай зірнуў на сержанта, на яго сцяг і па-сяброўску падаў руку.
— Давай, сержант, разам шукаць удачы. Толькі туды вы дарэмна кіруеце: там нямецкія пантанёры ўсе дарогі забілі — і ў вёсцы, і ў лесе.
— А вы там былі? — запытаў Пятрусь.
— Ага. Мы адтуль. Тыцнуліся, пастралялі і назад. Трэба браць лявей, можа там як.
Яны выйшлі на пагорак і нейкі час пазіралі ў ахінутую ўжо вечарам лясную далячынь. Недзе наперадзе раскацістым рэхам грукацела бойка — чуваць было, як роўна, з пэўнымі прамежкамі рваліся міны. Аднекуль з-за лесу ўзляцела ўгору зеленаватая чарга трасіруючых куль, недзе далёка раўлі, пэўна, буксуючы, танкі. Толькі ззаду было спакойна, а так усюды чулася прысутнасць войска, трывожнае дыханне вялікай затоенай сілы вайны.
Хлопец добра ўяўляў сабе, што варта толькі няўдала сунуцца ў гэтую гушчыню войска, як ад іхняй невялікай групы нічога не застанецца.
Людзі спадзяюцца на яго, думаюць, што ён усё ўжо абдумаў і ведае нейкі спосаб перайсці фронт. Надвячоркам ён падслухаў, як нехта ў калоне нягучна сказаў: «Глядзі, а сержант гэты талковы, ён, бадай, выведзе…». Ён тады аж счырванеў, пэўна, ад тых слоў, так яму здалося, што людзі памыляюцца ў ім. Бадай, не вельмі ён талковы — нялёгкі клопат займае зараз яго галаву, і ён не ведае, як зрабіць, каб выйшла лепш. Складаная справа выпала на яго долю. Калі б тут быў іх камандзір палка ці Петрусёў камандзір узвода, ужо яны надумалі б, як ашукаць ворага, як прабрацца да сваіх, — яны былі вучоныя і ведалі ўсе таямніцы вайсковай тактыкі. А сержант Кляновіч, як сляпое кацянё, на ўласных хібах пазнае тую навуку жахлівай барацьбы. З узгорка яны падаліся ўлева, як раіў малодшы лейтэнант. Маленькі, аброслы рудым шчаціннем, ён здаваўся маладжавым. Але на гэтым твары ляжаў такі ж трывожны клопат, які непакоіў і сержантаву душу, але камандзір, відаць, хаваў ад людзей тую трывогу і падбадзёрваў сябе і байцоў.
— Дзе-небудзь праскочым, — казаў ён, таропка крочачы за сержантам. — Не можа таго быць, каб не праскочылі.
Доўгі ліпеньскі дзень канчаўся позна, ноч была кароткая, і ў Петруся з’явіўся новы непакой ад думкі, што яны спозняцца і не ўправяцца да ранку. Ён ужо колькі разоў ціха камандаваў калоне «шырэй крок» і сам спяшаўся, але змораныя ногі хутка запавольвалі хаду. Урэшце яны зноў ўзбіліся на палявую дарожку і пайшлі па ёй. Грукат бою ўночы пацішаў крыху, толькі яшчэ ў розных месцах за лесам бухалі гарматы, і небакрай раз-пораз успыхваў ад дрыготкага святла ракет.
У кусцістай балацявіне, на нізкім разбураным мастку яны дагналі галаўны дазор. Жук і хлопцы зморна сядзелі на ўцалелай перакладзіне, а ля іх стаяў нейкі чалавек з аброццю. Відаць было па ўсім, што яны чакалі калону.
— Ну, што спыніліся? — запытаў сержант, падыходзячы да іх.
Жук устаў з бервяна і кіўнуў галавой на чалавека:
— Вось дзядзька кажа, немцы там: з’язджаюць з дарогі і разгортваюцца ў полі.
— Так, так, — пацвердзіў чалавек, бразгаючы цуглямі. — Усё едуць і едуць. Нейкія машыны вялікія, танкі гэтыя, забілі ўсё поле, патапталі, панішчылі ўсё, каб іх вантробы панішчыла.
— А нашы даўно былі тут? — запытаў малодшы лейтэнант.
— Учора, толькі ўчора, людцы добрыя. Прайшлі каля вёскі, і вось мы ўжо пад немцам.
Пятрусь маўчаў. Побач на дарозе маўкліва стаялі людзі, яны пільна ўслухоўваліся ў іхнюю размову і пазіралі на камандзіраў, пэўна, чакаючы ад іх разумных каманд, удалых рашэнняў. Малодшы лейтэнант таксама маўчаў, толькі чухаў няголеныя сківіцы і аглядаў наваколле. — Дзядзька, скажы нам, дзе можна перайсці да нашых, каб на немцаў не натрапіць? — запытаў сержант.
— А хто ж яго ведае, — няўцямна паціснуў плячыма чалавек. — I там едуць, і там страляюць. Хіба толькі ў Гнілаўшчыне няма.
— А што гэта за Гнілаўшчына?
— Ды балота такое. Гэта вам трэба вярнуцца назад і прайсці вярсты з тры, а потым, значыць, па правую руку будзе Лозіна, а вы яшчэ пройдзеце… — Ну яе тую Лозіну, — перабіў малодшы лейтэнант. — Назад вяртацца не будзем.