Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Пятрусь шпарка ішоў па сцяжынцы ўслед за начным правадніком, калі нехта ціха гукнуў ззаду. Хлопец азірнуўся — незнаёмы баец даганяў яго.
— Таварыш сержант, там паранены просіць…
Сержант здагадаўся, што гэта Нупрэеў, і, сышоўшы са сцежкі, па траве падаўся назад.
У рэдкім кустоўі яны напаткалі другога Нупрэевага насільшчыка — насілкі з чалавекам ляжалі ў доле.
— Што такое? Што? — тоячы трывогу, пытаўся сержант.
— Вось, памёр, — сказаў баец, высокі, худы і тонкі, як жардзіна, чалавек. — Усё нішто было, а потым рука звалілася. Я паправіў, кажа: сержанта пакліч, сказаць хачу. I ўжо ўсё.
Сумныя жалобныя адчуванні тугім камяком падкацілі да горла — такая гэта была балючая страта і ў такі цяжкі час. Не намнога ён перажыў свайго спадарожніка, таго трохі дзіваватага дзеда. Так і не збылася іхняя надзея выйсці з-пад немца. I так мала засталося ўжо ісці, і так патрэбны быў ён, светлай і мудрай душы чалавек…
Пятрусь выняў з Нупрэевай кішэні ягоныя дакументы, потым утрох яны аднеслі нябожчыка ад сцяжынкі і загарнулі цела шархоткай лубяной палаткай, што ўзялі з насілак.
Байцы кінуліся даганяць калону, а Пятрусь яшчэ пастаяў крыху, журботны і суровы.
Камяк усё душыў горла, але слёз не было, а быў толькі тупы зацяты боль… Потым хлопец пабег.
А ўсход усё болей і болей разбаўляў святлом сіняву ранішняга неба, туліўся, асядаў пад кустоўем змрок — паволі віднела. Вузкай сцяжынкай у хмызняку яны шпарка крочылі, абтрасаючы роснае вецце.
— Хутчэй, браточкі, хутчэй! — раз-пораз гучна прасіў сержант. Недзе ў душы ціхенька і настойліва тлеў страх не патрапіць на Клясцічы ці знянацку дзе нарвацца на ворагаў, чулася шмат небяспекі наперадзе, але перайначваць справу не было калі.
З хмызняку яны высыпалі ў рэдкі сасновы гаёк. Недзе за гэтым гайком грымелі выбухі, грукацелі кулямёты, і ва ўсіх баках калаціла лясныя прасторы галасістае рэха. Гаёк, аднак, цягнуўся доўга. Людзі рассыпаліся між рэдкіх соснаў і бязладнай гурбой беглі ў напрамку страляніны. Пасля, на ўзлеску, на іх шляху сустрэўся яшчэ алешнік, пераадолеўшы які, Пятрусь першы вырваўся ў поле.
Так, яны спазніліся. На ўзлеску ў траве цягнуўся ланцуг пакінутых акопаў — добра абсталяваных стралковых ячэек. Відаць, тут яшчэ нядаўна былі ворагі, на брустверах валяліся парожнія гільзы, пустыя пачкі ад сігарэт, шматкі паперы. Дно акопчыкаў ўсцілала ўтаптаная трава, на якой гадзіну назад ляжалі фашысты. Наперадзе разлеглася някошаная сенажаць, а далей, за нізінай, высіўся двухгорбы голы пагорак, адкуль нязмоўчным грымоццем калыхала абшары лютая бойка.
Пятрусь, як укапаны, спыніўся на ўзлеску і ўпіўся вачыма ў гэты пагорак. Немцаў там ужо не бачна было, першая лінія траншэй на схіле маўчала, ля яе гарэлі два скасабочаныя танкі, бой зараз ішоў на самай вяршыне і, пэўна, на тым схіле. Бачна было, як бегалі, мільгалі там маленькія ў далечыні постаці людзей, адрозніць сваіх ад чужых было цяжка.
З кустоўя на ўзлесак выбягалі людзі, расхінаючы галлё, выскачыў малодшы лейтэнант.
— Спазніліся!? — крыкнуў ён.
Пачакаўшы хвіліну, пакуль з лесу выбяжыць рэшта байцоў, сержант скамандаваў людзям:
— Управа і ўлева — у ланцуг!
Байцы няўмела неяк разгарнуліся ў выгнуты ў сярэдзіне няроўны ланцуг і пашыбавалі па сенажаці. Пятрусь зноў бег побач з Жукам і без думак у галаве, адной толькі душой адчуваў, што калі яны спозняцца і на гэтую вышыню і, значыць, да пераправы, то сёння іхнія пакуты і намаганні, бадай, скончацца назаўсёды. Не так ужо шмат і людзей і боепрыпасаў, каб у адкрытым полі вытрымаць сутычку з рэгулярным нямецкім войскам.
Тым часам пад грукат бою над полем усходзіла сонца. Прамністае і яркае, яно смела вынікла з-за сіняватай зарэчнай далечы і адразу хлынула на летнія прасторы патокамі зіхатлівага святла. Дол запярэсціў доўгімі палосамі ценяў пагоркаў, куп’я і людзей. Як на далоні, выразны і блізкі стаў той узлесак, з якога цяпер выбеглі людзі, і патануў у зіхатлівым усходнім мараве двухгорбы пагорак. I насустрач яму беглі знясіленыя людзі.
Урэшце сенажаць скончылася, яны дасягнулі падножжа пагорка. Сям-там валяліся ў быльнёгу целы забітых ворагаў, месцамі іх было надта густа, байцы на хаду падбіралі іхнюю зброю і патроны. Ужо блізка на схіле была першая пустая траншэя, да яе і імкнуўся гэты змораны ланцужок, калі ворагі з захопленай вышыні заўважылі іх. Кулямётныя чэргі з лютым фыркатам панесліся паўз галоў байцоў. Пятрусь азірнуўся і, задыхаючыся, крыкнуў свайму ланцугу: