Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).
Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» (1987).
Напісаў п'есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978, пастаўлена ў 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (1977, пастаўлена ў 1975), «Гефест - друг Праметэя» (1983, пастаўлена ў 1984). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес пад назвай «Дзякуй, вялікі дзякуй».
Пераклаў на беларускую мову п'есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам», якія пастаўлены ў тэатрах рэспублікі, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай расейскай, украінскай, летувіскай, латышскай, балгарскай, польскай, вугорскай, кубінскай паэзіі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».
Г
Гайдук Мікола, нарадзіўся 29.05.1933 г. у вёсцы Кабылянка Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.
У 1951 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова. Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічным факультэце ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда, Менска. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, а з 1965 г. - дырэктарам ліцэя. У 1959-1964 гг. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. У 1971-1986 гг. - публіцыст, у 1986-1988 гг. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Ніва» (Беласток). Сябра Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа» з 1958 г. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1985 г.
Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Сярэбраным крыжам заслугі і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).
У друку выступіў з вершам на беларускай мове ў 1957 г. (газета «Ніва»). Выдаў на беларускай мове зборнік вершаў «Ціш» (Беласток, 1988). Піша апавяданні, на польскай мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Выступае як публіцыст, літаратуразнаўца і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (1982). Сааўтар (з Л.Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (1962-1987) (па 3 выданні) і «Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).
Галавач Платон, нарадзіўся 18.04.1903 г. у вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Застаўшыся без маці, з сямі год наймаўся за пастуха. У 1922-1923 гг. - інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. У 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі ў Менску і стаў працаваць загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928 г. быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты «Чырвоная змена». З лістапада 1929 да сакавіка 1930 г. - намеснік наркома асветы БССР. Адзін з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы «Маладняк», «Полымя». Абіраўся сябрам ЦК КПБ (1927-1930) і сябрам ЦВК БССР (1927-1935). У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 25.07.1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Пачаў друкавацца з 1921 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), аповесцей «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), рамана «Праз гады» (1935, перавыданы ў 1936, 1984), нарыса пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 3 тамах. У 1963 г. часопіс «Полымя» надрукаваў «Пісьмы Платона Галавача».
Галаўчынер Віктар, нарадзіўся 28.06.1905 г. у г. Менску ў сям'і настаўніка.
У 1926 г. скончыў Беларускую драматычную студыю пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў у Менску рэжысёрам і акцёрам Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра (1926-1938), Беларускага рабочага тэатра імя ЦС ПСБ (1930-1932). У 1938-1939 гг. - выкладчык тэатральнай навучальні ў Менску, у 1939-1942 гг. - рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, у 1942-1946 гг. - мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра БССР, у 1946-1948 гг. - галоўны рэжысёр Дзяржаўнага расейскага тэатра БССР. З 1949 г. - галоўны рэжысёр у тэатрах Іркуцка, Ташкента, Вільні.