Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
У 1931 г. скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум і стаў працаваць у газеце «Звязда». У 1932-1933 гг. вучыўся ва Ўсесаюзным інстытуце кінематаграфіі, потым зноў працаваў у «Звяздзе». У 1939 г. накіраваны на працу ў вілейскую абласную «Сялянскую газету». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў у будаўнічым батальёне, потым у рэдакцыях франтавой газеты «За свабодную Беларусь», сатырычнага лістка «Партызанская дубінка». З лістапада 1942 г. - спецкарэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь», з 1944 г. - загадчык сельскагаспадарчага аддзела, уласны карэспандэнт газеты «Звязда», а ў 1952-1967 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі». Сябра СП СССР з 1952 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 17.03.1986 г.
З першым нарысам выступіў у 1933 г. (газета «Звязда»). Першае апавяданне апублікаваў у 1941 г. (газета «Звязда»). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Майстар конегадоўлі» (1939), «Герой Сацыялістычнай Працы Еўдакія Кухарава» (1948) і зборнік апавяданняў «Скарб зямлі» (1951).
Аўтар шэрага навукова-папулярных і вучэбных фільмаў («Трактар «Беларусь», 1955; «Залатое дно», 1962; «Жывы канвеер», 1964; «Севазвароты на Беларусі», 1966 і інш.).
Вольны Анатоль (сапр. Ажгірэй Анатоль), нарадзіўся 02.12.1902 г. на станцыі Пухавічы Менскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1911 г. паступіў у Ігуменскую гімназію. У 1920 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, прымаў удзел у баях з інтэрвентамі. Пасля дэмабілізацыі (1921) працаваў у ЦК ЛКСМБ і вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 1923 г. уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», а з 1928 г. - у «Полымя». 04.11.1936 г. арыштаваны. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны пасмяротна 03.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Заслужаны дзеяч мастацтва БССР (1935).
Расстраляны 29.10.1937 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927).
У 1925 г. выйшаў раман «Ваўчаняты» (у сааўтарстве з А.Александровічам і А.Дударом). Аўтар аповесцей «Два» (1925), «Антон Савіцкі» (1927, газета «Савецкая Беларусь»). «Зборнік фельетонаў» (1927) і кніга гумарэсак і фельетонаў «Суседзі» (1932) выйшлі пад псеўданімам «Алёша».
Напісаў п'есы, драматызаваныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома» - 1924), камедыю «Ратуй, божа!» (з Р.Кобецам, 1932). Выступаў і як кінадраматург - па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (з К.Дзяржавіным, 1929), «Гатэль «Савой» (1930), «У агні народжаная» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. У 1935 г. выйшла кінааповесць «Шасцідзесятая паралель».
Вольскі Артур (сапр. Зэйдэль-Вольскі Артур), нарадзіўся 23.09.1924 г. у горадзе Дзяржынску Менскай вобласці ў сям'і пісьменніка.
Вучыўся ў Віцебскай мастацкай навучальні (1938-1941), працаваў мастаком у БДТ-2 (Уральск). У 1942 г. прызваны ў Ваенна-Марскі Флот. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць імперыялістычнай Японіі. У 1952 г. дэмабілізаваўся. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» загадчыкам аддзела культуры і быту, адказным сакратаром часопісаў «Бярозка», «Вясёлка». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). З 1963 г. - загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, з 1962 г. - дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1978 г. - дырэктар Дома літаратара, з 1980 г. - літкансультант СП БССР. У 1981-1984 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1955 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалём «За баявыя заслугі» і іншымі медалямі.
Першы літаратурны твор надрукаваў у 1937 г. Напісаў на расейскай мове аповесць «Родная семья» (Хабараўск, 1953, з Б.Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982), «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984), «Наваселле дрэў» (1990). Напісаў кніжкі паэзіі, прозы, казак для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я - прафесія мая» (1987), апавядання-эсэ «Хлеб - усяму галава» (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974 гг.
Сумесна з П.Макалём напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, пастаўлена ў 1958), «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1962). У сааўтарстве з Э.Доўнер напісаў кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (пастаўлены ў 1978). Аўтар п'ес-казак «Сцяпан - вялікі пан» (1979, пакладзеная на музыку Ю.Семянякам і пастаўленая ў 1979 г. на сцэне Менскага тэатра музычнай камедыі, яна з'явілася першай беларускай аперэтай для дзяцей), «Тры Іваны - тры браты» (1985), «Граф Глінскі-Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989).