Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Выступае таксама з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.
Гамолка Мікола, нарадзіўся 11.03.1922 г. у вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1940, завочна ў 1948-1952). У 1940-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1947 г. паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948-1949 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1949 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у 1951-1962 гг. - адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1967 г. - адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1970-1980 гг. і ў 1982-1986 гг. - літкансультант СП БССР, у 1980-1982 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 03.05.1992 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1937 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б'юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Працаваў пераважна ў жанры прозы. Выйшлі аповесці для дзяцей «Лета ў Калінаўцы» (1950, дапоўненае выданне ў 1956), «Добры дзень, школа!» (1953), «За вялікую трасу» (часопіс «Полымя», 1954), а таксама раман «Шосты акіян» (1959), аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987), «Партызанскія сёстры» (1989), зборнік апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). На расейскай мове выдаў аповесць-хроніку «Девушка шла по войне» (1972). У 1982-1983 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Напісаў п'есу «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).
Пераклаў на беларускую мову п'есу-казку Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (пастаўлена ў 1967).
Гарбацэвіч Васіль, нарадзіўся 19.04.1893 г. у вёсцы Дукарка (цяпер увайшла ў склад вёскі Дукора) Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1913 г. скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы пад Сянно (1913-1915). Скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1918). Настаўнічаў у Дукорскай школе (1918-1924), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілеўскім педагагічным тэхнікуме (1924-1929). Арганізатар і кіраўнік Магілеўскай філіі «Маладняка». У 1932 г. скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 г. пад Каневам быў цяжка паранены. Настаўнічаў з перапынкамі ў вёсцы Дукора на Меншчыне (1933-1957). Сябра СП СССР з 1981 г.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны настаўнік БССР (1947).
Памёр 17.09.1985 г.
Вядомы як драматург. Аўтар п'ес «Вяселле» (пастаўлена ў 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апублікавана і пастаўлена ў 1923, асобнае выданне ў 1959), «Пад вішнёвымі садкамі» (апублікавана ў 1927), «Песні нашых дзён» (1930). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес «Чырвоныя кветкі Беларусі». Аўтар успамінаў пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі («Шлях паэта», 1975).
Гарбук Вісарыён, нарадзіўся 24.11.1913 г. у вёсцы Шкілякі Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1933 г. скончыў Лепельскі педагагічны тэхнікум. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Дварэцкай няпоўнай сярэдняй школе (1933-1935), адначасова вучыўся завочна на літаратурным факультэце Менскага педінстытута. У 1935 г. перайшоў на стацыянарнае аддзяленне інстытута. У красавіку 1936 г. рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Вярнуўся ў Беларусь у 1940 г. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1961 г. З 1940 г. - настаўнік і загадчык навучальнай часткі Мехаўскай сярэдняй школы на Віцебшчыне (1940-1941). У ліпені 1941 г. прызваны ў армію. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы, узяцці Берліна. У 1946 г. цяжка захварэў на поліартрыт і быў прыкаваны да ложка. Жыў у Пяцігорску. Сябра СП СССР з 1963 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік культуры БССР (1979).
Памёр 08.08.1986 г.
Пісаць пачаў у шпіталі. У 1957 г. надрукаваў першае апавяданне. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг прозы «Не шукаю спакою» (1963), «Лицо в полоску» (1967, па аднайменным апавяданні ў 1971 г. пастаўлены тэлефільм). Для дзяцей выйшлі кнігі «Танюшкины рассказы» (Стаўрапаль, 1964), «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне. Таніны апавяданні» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Хто такія мы» (1973), «Мышки и Мишки» (Стаўрапаль, 1974), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977). Пераклаў і апрацаваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказа «Напітак волатаў» (1969). У 1983 г. выйшла кніга выбраных твораў «Горад без папугайчыкаў».
Гардзей Віктар, нарадзіўся 19.08.1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.