Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Вялюгін Анатоль, нарадзіўся 27.12.1923 г. у вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і фельчара.
У 1939-1940 гг., будучы студэнтам літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда». З верасня 1941 г. вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. У 1942 г. прызваны ў Савецкую Армію, вучыўся ў Лугінскай авіяшколе, удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце. У 1943 г. быў паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. У 1945-1946 гг. - літсупрацоўнік у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1948 г. скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут. У 1946-1984 гг. з невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969).
Друкуецца з 1934 г. Актыўна выступаць з вершамі пачаў з 1938 г. Аўтар кніжак паэзіі «Салют у Мінску» (1947), «Негарэльская арка» (1949), «На подступах» (1952), «На зоры займае» (1958), «Насцеж» (1960), «Вецер з Волгі» (1963, паэма), «Адрас любві» (1964, выбранае), «Вершы і балады» (1969), «Верасовы ўзятак» (1974), «Песня зялёнага дуба» (1989), зборнікаў вершаў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1973, 1984).
Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкі двухсерыйны тэлефільм «Рэха ў пушчы» (1977), мастацкі фільм «Глядзіце на траву» (1985) і 40 дакументальных фільмаў: «Дарога без прывалу» (1964, з Р.Няхаем), «Балада пра маці» (1965), «Бацька Нёман» (1966), «Арліная крыніца» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Белая вежа» (з С.Сплашновым, 1968), «Там, за ракой - Дзяржынава» (1968), «Агонь» (1969), «Таямніца Івянецкай пушчы» (1970), «Я - крэпасць, вяду бой» (1972), «А зязюля кукавала» (1972), «Магілёў - дні і ночы мужнасці» (1974), «Гарызонты дарог» (1977), «Навальнічная далеч памяці» (1985) і інш.
Выступае і як перакладчык. У яго перакладзе на беларускую мову асобнымі выданнямі выйшлі М.Лермантаў «Каўказскі палоннік» і «Баярын Орша» (паэмы, 1950), Ю.Тувім «Падарунак дзецям» (1956, з С.Дзяргаем), Э.Межэлайціс «Паэма братэрства» (з М.Калачынскім, 1958), П.Варанько «Хлопчык Памагай» (1958), Д.Белавус «Птушыныя галасы» (1960), М.Нагнібеда «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў паасобныя вершы Ў.Маякоўскага, А.Міцкевіча, У.Бранеўскага і інш. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за паэму «Вецер з Волгі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнарый «Генерал Пушча».
Вярба Вера (сапр. Сакалова Гертруда), нарадзілася 14.01.1942 г. у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.
У 1964 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў аддзеле прапаганды літаратуры Ўпраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969-1971), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1972-1977), у часопісе «Беларусь» (1980-1983). Сябра СП СССР з 1964 г.
З першымі вершамі выступіла ў друку ў 1958 г. (часопісы «Полымя», «Вясёлка», «Работніца і сялянка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўне» (1986). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987 г. - кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы». Яе верш «Ручнікі» (музыка М.Пятрэнкі) стаў папулярнай песняй.
Пераклала на беларускую мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Вярцінскі Анатоль, нарадзіўся 18.11.1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1956 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Менск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1967-1982 гг. - літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У 1986-1990 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». З 1990 г. - народны дэпутат БССР. З'яўляецца намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, сябрам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР. У складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у 1977 г. у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.
Дэбютаваў з вершамі ў 50-я гг. (студэнцкая газета «Беларускі ўніверсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»). Выдаў кнігі вершаў і паэм «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981).