Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Прапаў без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны.
З вершамі ў друку пачаў выступаць у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка вершаў «Будзем жыць!» (1932). Перакладаў з расейскай мовы.
Вітка Васіль (сапр. Крысько Цімох), нарадзіўся 16.05.1911 г. у вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Слуцкай прафтэхшколы (1928) працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-1930), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-1933), «Ударнік» (Жлобін, 1933-1935), «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 г. - у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 г. - намеснікам, з 1951 г. - галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-1974 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-1987 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1943 г.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума - «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).
Друкавацца пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 г. у Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Аўтар п'ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта» (1951, пастаўлена ў 1952).
Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. У 1977 г. выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 г. - кнігу «Урокі», у 1988 г. - «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў.
На беларускую мову пераклаў паэму Ў.Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р.Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М.Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В.Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), творы расейскіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка». У 1978 г. узнагароджаны міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
Віцьбіч Юрка (сапр. Шчарбакоў Георгі), нарадзіўся 15.06.1905 г. у горадзе Веліжу (Расея) у сям'і святара.
Вучыўся ў гімназіі і педагагічным тэхнікуме. У 1922-1933 гг. працаваў у Маскве на хімічных заводах. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў на акупаванай тэрыторыі, быў сябрам так званага Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, выступаў у друку з артыкуламі па гісторыі Беларусі. Быў прызначаны рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса «Узвышша», ніводнага нумара якога так і не выйшла. Жыў у Германіі, потым у ЗША. У 1939 г. быў прыняты ў сябры СП СССР.
Памёр у 1975 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1929 г. (часопіс «Узвышша»). Аўтар кніг прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932), «Формула супраціўлення касцей» (1937). У эміграцыі выдаў кнігу гістарычных нарысаў «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (Мюнхен, 1956) і зборнік артыкулаў на расейскай мове «Мы дойдем» (Нью-Ёрк, 1975), надрукаваў у перыядычным друку шэраг апавяданняў.
Вішнеўскі Мікола, нарадзіўся 28.03.1910 г. у горадзе Гомелі ў сям'і рабочага.