Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
Я вярнуўся дахаты i доўга стаяў пад душам, разглядаў ружовыя шнары на жываце. Можа, i лiлiся з маiх вачэй слёзы, але пад душам слёз не заўважыш, нават сваiх.
Ты сама прасiла расказаць пра мужнасць, вось расказаў. Засталося скончыць.
Ката я ўбачыў на наступны дзень. Вяртаўся са школы, а паперадзе iшлi дзве мае аднакласнiцы. Яны i заўважылi яго. Кот ляжаў пад вадасцёкавай трубою, абадраны, з ашчэранай пашчаю. Нехта завалок яго на дах i ўкiнуў у вадасцёкавую трубу. Кат, кiт, кут... Кот быў нежывы.
Мiнск. 24. X. 1984 — 23.II. 1993
Амарыліс
Аповесьць пра дзіцячыя страхі
Спяшаешся, бяжыш, спазняешся. Губляеш уласнае "я". Трапечашся, як той матылёк на асветленай шыбе, б'ешся ў нябачную сцяну. А дзверы? Яны зусiм поруч — спынiся i ўбачыш. Не! Бясконцы рух, слiзгаценне на люстраной паверхнi, бясконцае бiццё, пакуль не патрапiш на злом, прагал, расколiну, пакуль не паранiш крылцы, не зломiш iх, не абцярушыш каляровы пыл. І тады адчуеш скразняк, ён астудзiць розум; верне прытомнасць, адновiць яснасць. І ўбачыш... Хутчэй за ўсё, дзяцiнства.
Стары дуб за зялёным плотам, той самы вялiкi дуб, да якога цябе падводзiў бацька, калi вёў у дзiцячы садок. Збiралiся жалуды зялёна-балотныя ў каляных шапачках, карычнявата-алейныя з рабрыстымi бакамi i вострай дзюбаю, вялiкiя, што жукi-насарогi. Поўныя кiшэнi жалудоў, такiх апетытных на выгляд, такiх няўежных i горкiх, даўкiх, любiмых. Жалуды ўратоўваюць ад маркоты. Яны маюць звычку звальвацца за падкладку палiтона, i не варта дакараць iх за гэта. А навокал позняя восень, спiртавы дух апалай лiстоты, халаднаватае сонца, сцюдзёная льдзiстая раса. Бацька пакiдае цябе каля веснiчак, тых самых дзетсадаўскiх веснiчак, побач з якiмi айчым Жэнiка Хрушча наехаў на свайго пасынка заднiм колам вялiкага грузавiка. Жэнiк загiнуў. Айчым прывозiў Жэнiка ў садок на машыне, i ўсе зайздросцiлi, усiм да трымцення хацелася пакатацца на грузавiку, пасядзець за рулём, пасiгналiць, як сiгналiў Жэнiкаў айчым, калi ўвечары прыязджаў па свайго пасынка. А загiнуў Жэнiк з-за бяскрыўднай насоўкi. Калi ты з'яўляўся ў садок без чыстай адпрасаванай, складзенай у чатыры столкi, насоўкi — каралi. А Жэнiк забыўся хустачку ў кабiне i ўспомнiў пра гэта каля самых веснiчак. Ён падбег да грузавiка, а нябога айчым, каб развярнуцца, даў заднi ход i наехаў на пасынка i задушыў насмерць. Бацькi iншых дзяцей закрычалi, загаласiлi, залямантавалi, спынiлi грузавiк, паказалi знявечаны коламi труп знiякавеламу агаломшанаму шафёру, якi пачаў совацца мiж людзьмi i пытацца:
"Хто забiў майго хлопчыка?" I нiхто не адказваў. Маўчалi. Спачувалi. Страшна. А ён усё хадзiў i хадзiў каля веснiчак.
Тых веснiчак, якiя я не любiў, бо праз iх iшоў у садок, а з садка выходзiў праз iншыя. Бег да мацi ў бiблiятэку, што мясцiлася ў чатырохпавярховым шарым iнтэрнаце, якi належаў будаўнiчаму трэсту. У бiблiятэцы цiшыня, пыл, кветкi на шырокiх падваконнях. Прасiў маму не выкiдаць чырвоныя пялёсткi амарылiсу, збiраў, засушваў, любаваўся. Каля гаршчочкаў з кветкамi лепш за ўсё вучыцца любiць кнiгi. Але жыў у пустой бiблiятэцы i свой страх. Незлiчоная колькасць стэлажоў. Шчылiны мiж палiцамi, за якiмi зноў стэлажы i шчылiны, шчылiны i стэлажы.
Мацi часам сыходзiла i зачыняла цябе аднаго. Даводзiлася стойвацца ў кутку i пазiраць на варожыя ў сваiм сухiм, шорсткiм, прапыленым пакоi палiцы i шафы. Углядацца ў цёмныя прагалы над кнiжнымi карэньчыкамi, з якiх вось-вось павiнна было нешта з'явiцца, вырасцi, запоўнiць прастору, абгарнуць, задушыць... І як рэзка, варожа, жорстка гучаў стукат у дзверы. Нецярплiвы чытач тузаў дзвярную ручку i барабанiў косткамi сагнутых пальцаў у фарбаванае дрэва. Ён нахабна зазiраў у шчылiну, праз якую паштарка штодня закiдала ў бiблiятэку часопiсы i газеты. Вочы знаходзiлi цябе, а ты сцiскаўся, змяншаўся, залазiў пад стол, намагаўся не варушыцца i не дыхаць. Сачыў з-пад стала за паштовай, абабiтай блiскучым металам, шчылiнаю, у якую засоўваўся вялiкi глянцавiты чорна-зялёны лiст калiдорнага фiкуса. Лiст варушыўся, тузаўся, лапатаў, нiбыта язык у роце нямога. А настойлiвы чытач нешта неразборлiвае гаварыў, мармытаў, насвiстваў там — за дзвярыма. А тут важкi лiст ляцеў на пурпуровы ходнiк, што рассякаў чытальную залю напалам. Вечка паштовае шчылiны зачынялася. Чытач прападаў. І калi страх пацiху пачынаў адпускаць, ты вылазiў з-за стала, застаўленага скрынкамi з фармулярамi, i бачыў у акне галаву з расплясканым аб шкло белым мясiстым носам, бачыў руку, што пачынала дзынкаць у шыбу. Ты стойваўся пад сталом i ўжо не вылазiў адтуль да прыходу мацi.