Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Аліцыя ўзяла ружы і сказала:
— Цудоўныя. А пахнуць! Гэты ваш знаёмы, пан адвакат, абанкруціцца, калі ён усім дамам рассылае такія раскошныя кветкі.
— Не хвалюйцеся, — пачула яна за сабой нізкі голас, — бо від і прыгажосць кветак заўсёды залежаць, мілая пані, ад хараства маіх кліентак.
Яна прыгледзелася да яго. Выраз твару ў яго быў сур’ёзны і дзелавы, такі, нібыта ён у гэты момант уладжваў гандлёвую справу. Аліцыя не заўважыла нічога бесцырымоннага ў паводзінах гэтага амерыканца і таму сказала:
— Дзякуй вам. Шыкоўныя ружы. І шмат вы рассылаеце такіх букетаў штовечар?
— Такіх? — Друцкі зрабіў выгляд, быццам задумаўся. — Хм… Калі памяць мяне не падводзіць… з той пары, як я завёў гэтую традыцыю, такі — першы…
Аліцыя нічога не адказала, затое Лэньчыцкі, які любіў канкрэтыку, выказаўся:
— Я гэтаму зусім не здзіўляюся. Чорт! Няхай вам, пан дырэктар, не падасца, што вы зрабілі камплімент хоць на ёту лепшы, чым зрабіла б гэта першае ж люстэрка.
Раптам страшны шум у ложы над фантанам і выбух агульнага смеху ў зале прыцягнулі іх увагу.
Від быў незвычайны: элегантны малады чалавек у смокінгу, якога трымалі за ногі некалькі асоб, звешваўся праз борт ложы галавой уніз і намагаўся дастаць да струменя фантана дамскім туфлікам, які быў у яго руцэ, і набраць у туфлік вады.
Толькі Аліцыя заўважыла, што дырэктар выбег.
Тым часам, пасля некалькіх няўдалых спроб у маладога чалавека атрымалася зачэрпнуць вады, і гучныя «брава» заглушылі аркестр.
— Ідыёт! — скрывіўся Чухноўскі.
— Шампанскага! — закрычаў Лэньчыцкі.
— Шампанскага! — паўтарыла Аліцыя.
— Што пажадаеце? — схіліўся афіцыянт, падаючы карту.
— Дарагая пані Аліцыя, вы не супраць, — схіліўся да яе з выглядам знаўцы адвакат, — калі мы вып’ем «Некса», сухога?
— Выдатна!
— Замарозіць бутэльку «Некса», сухога, — кіўнуў Лэньчыцкі афіцыянту, а калі той, пакланіўшыся, выходзіў, то адвакат затрымаў яго: — Чакай, пан! Замарозьце дзве! Гуляць дык гуляць!
У плоскіх бакалах запенілася духмяная вадкасць. У зале раптам запанавала цішыня, і ўсе пачулі голас дырэктара Вінклера:
— Спадарства, увага! Сёння мы гуляем у катоў!
— Што? Што?.. — пачулася пытанне.
— Гуляем у катоў! Гэта не маё вынаходства, але ж такое добрае, што нібыта маё ўласнае.
— Брава! Брава! — пасыпаліся воплескі. — А як гэта ў катоў?
— Увага! У яхт-клубе на Філіпінах ёсць звычай: аркестр іграе пэўнае танга, а ўсе прысутныя мяўкаюць!
— Брава! Брава! Мяўкаюць!
— Спадарства! Толькі мяўкаюць у рытме! Хто акажацца найбольш музыкальным, арыгінальным і дасведчаным у сапраўднай кашэчай музыцы, той атрымае ордэн Залатога Ката першай ступені! Увага! Пачынаем!
Аркестр ударыў моцным акордам, і паплыла ціхая, страсная мелодыя.
— Мяу-у-у! — пачаў танюткі жаночы галасок.
— Мяў, — адказаў яму ў канцы фразы хрыплы мужчынскі голас.
Публіка ўзарвалася ад смеху, але аматары мяўкання завалодалі сітуацыяй. Хто яшчэ мог, галасіў, фыркаў, мурчаў, аркестру заставалася толькі злёгку акампаніраваць, а сярод мяўкалаў паступова праходзіў адбор і гульня ішла чым далей, тым ладней.
Чухноўскі зняў акуляры і шырока адкрытымі блізарукімі вачыма здзіўлена назіраў за залай. Лэньчыцкі літаральна вісеў на борце і мяўкаў, як апантаны. Аліцыя таксама глянула ўніз.
Пасярод сцэны на табурэтцы стаяў Вінклер і з захапленнем дырыжыраваў, быццам капельмайстар. Якраз у той момант ён паглядзеў на іх ложу і павітаў утаропленыя ў сябе вочы Аліцыі гарэзлівай усмешкай і працяглым каларатурным мяўканнем.
Яна павярнулася назад і, прыціскаючы да вуснаў змятую сурвэтку, замяўкала. Не магла ўтрымацца! Настрой уздымаўся. Аліцыя рассмяялася сама з сябе: пракурор-мяўкала! А гэта цудоўна! Яна залпам выпіла бакальчык шампанскага. Яе галава крыху кружылася. Вось дык раскошная забава!..
Танга скончылася, але па велізарным і шумным жаданні публікі яго паўтарылі яшчэ раз, пасля чаго шляхам усеагульнага ўхвалення ордэн Залатога Ката ўручылі здаравеннаму сівому пану, як аказалася, англійскаму дыпламату, які сапраўды быў завадатарам у гэтым канцэрце.
Справу прычапіць ордэн ён даверыў маладзенькай мініяцюрнай брунетцы — паводле слоў Лэньчыцкага — жонцы вядомага аўтамабіліста Вінярскага. Яна мусіла стаць на дыбачкі, каб дацягнуцца да пятліцы пераможцы.
Ён выступіў з кароткай прамовай па-англійску і з важным выразам твару заняў месца за сваім столікам.
Зайгралі блюз, і сцэна зноў запоўнілася аматарамі патанцаваць.
Аліцыя паглядзела на гадзіннік і з жалем канстатавала, што ўжо чатыры гадзіны.