Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 46
Перейти на страницу:

Можа, ён і мае рацыю. Ён лепей за мяне ў гэтых справах разбіраецца. Дзеля гэтага ж спецыяльную адукацыю атрымаў.

Падчас апошняга спаткання маёр сказаў, што з немцамі зусім дрэнна і, мусіць, яны нядоўга вытрымаюць. Што мы можам хутка спадзявацца на вялікія змены. Сказаў ён мне наведваць часцей мужыкоў, заводзіць знаёмствы сярод моладзі і ўважліва сачыць за тым, што яны робяць. Сказаў мне таксама, што знайшоў яшчэ трох нашых салдатаў, якія ад войска адсталі і хаваюцца ў мужыкоў. Мае з імі сталыя стасункі, але яны не ведаюць, што ён маёр НКВД. Сказаў мне таксама, што ён мае намер у будучыні, калі немцы будуць уцякаць, пачаць супраць іх дыверсійную дзейнасць, каб дапамагчы Чырвонай Арміі перамагчы ворага. Гэта была б вялікая заслуга перад Расіяй. Не вельмі ўсё гэта мне спадабалася, але я ні ў чым з ім не спрачаўся. Самі разумееце: маёр НКВД!

23 верасня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Тыдзень таму даведаўся я ад малодшага сына Малугі, Андрэя, што ў лесе, які мяжуе з нашым гаем, знаходзіцца атрад польскіх партызанаў. Аказалася, што ён з імі сувязь падтрымлівае і час ад часу ўночы правіянт ім возіць. Гэта мне вельмі не спадабалася, бо могуць немцаў раззлаваць, і тыя аблаву зробяць. А таму і мы, паколькі жывем побач з тым лесам, будзем мець цяжкую адказнасць. Мае рацыю маёр, які гаворыць, што палякі ўсе бунтаўшчыкі і ніякага шанавання да ўладаў не маюць.

А пазней дні праз два я пайшоў у лес. Хацеў сухіх бярозак насекчы, каб плот падправіць. Калі праходзіў паблізу бункера, нехта крыкнуў мне па-польску: “СТОЙ!” Я спыніўся. Убачыў, што да мяне двое ўзброеных людзей набліжаюцца. Страшна мне стала. Не ведаў, што рабіць. А яны пытаюцца ў мяне:

– Ты хто? Чаго тут лазіш?

Я ім сказаў, што з’яўляюся рабочым з фальварка пані Юзэфы і прыйшоў сюды, каб бярозак насекчы. Але яны глядзелі на мяне вельмі падазрона. Адзін з іх пра дакументы мяне спытаў. Я сказаў яму, што дома іх пакінуў, але магу зараз жа прынесці, альбо няхай яны са мной да фальварка падыдуць і там паглядзяць.

Узгадаў я аповед Андрэя аб партызанах. Таму я ім гавару:

– Ці ведаеце Андрэя Малугу?

Адзін з іх сказаў:

– Я ведаю.

– Дык вось, – кажу, – гэта наш сусед. Яны мяне добра ведаюць. Я часта ў іх бываю. А вы пэўна партызаны. Андрэй мне казаў, што ў гэтым лесе ваш атрад стаіць.

Паверылі яны мне, але сказалі далей у лес не хадзіць і да бункера не набліжацца.

Вярнуўся я дадому і пра тую сустрэчу пані Юзэфе расказаў. А яна даўно ведала аб тым, што іх атрад у нашым лесе кватаруе. Нават задаволеная з-за гэтага. Гаворыць, што хутка поўныя лясы польскага войска будуць. І чым нямецкае адступленне бліжэй, тым большыя страты яны могуць ім прынесці і перамогу нашу паскорыць.

У суботу я пайшоў на сустрэчу з маёрам і ўсё гэта яму распавёў. Ён сказаў мне як мага больш падрабязнасцяў пра партызанаў даведацца. Растлумачыў, чаму гэта так важна.

– Зараз яны супраць немцаў, таму карысныя для нас. Але калі немцы адступяць, дык могуць быць і для нас небяспечнымі. Таму трэба загадзя даведацца, якія ў іх сілы, дзе дыслакуюцца, як узброены, як падтрымліваюць сувязь паміж атрадамі, хто імі кіруе, хто з мясцовага насельніцтва ім дапамагае?

Буду я вымушаны паболей з Андрэем пра гэтыя справы размаўляць, каб сабраць як мага больш інфармацыі для маёра.

Наогул зрабілася вельмі неспакойна. Пані Юзэфа гаварыла мне, што немцы адступаюць па ўсім фронце і што ўжо Смаленск пакінулі. Яна гэтым вельмі ўсцешана і гаворыць, што вайна хутка скончыцца.

14 лістапада 1943 года.

Фальварак Буркі.

Некалькі разоў я разам з Андрэем вазіў правіянт для партызанаў. Ездзілі мы ў лес па начах. Пасля кожнай такой выправы пані Юзэфа вызваляла мяне ўдзень ад працы, бо казала, што я мушу адаспацца і адпачыць. Яна сама мяне туды пасылае. Мусіць, ужо цэлы капец бульбы і шмат садавіны туды завезлі. Цяпер я ведаю шмат падрабязнасцяў аб партызанах і кожную суботу пра ўсё дакладаю маёру. Падчас апошняй сустрэчы ён мне сказаў, што не толькі я назіраю за дзейнасцю польскіх партызанаў, але ў яго ёсць вялікая сетка шпегаў з нашых людзей і польскіх камуністаў, якія і надалей трымаюцца расійскага боку. Адзначыў таксама, што назіранне за польскімі партызанамі зараз вельмі істотна, каб мець магчымасць пасля выгнання немцаў ачысціць край ад ненадзейных элементаў.

З размоў з маёрам я зразумеў, што нават і гаворкі няма, каб тут незалежная Польшча паўстала.

– Не дзеля таго мы змагаліся з Германіяй, – сказаў маёр, – каб вызваленую ад іх Польшчу іншаму нашаму ворагу аддаць. А палякі заўсёды былі, ёсць і будуць нашымі ворагамі.

У той жа час пані Юзэфа цалкам упэнена ў тым, што пасля перамогі над Германіяй Польшча будзе незалежнай. Сказала мне, што для мяне ў яе заўсёды месца знойдзецца. А калі захачу ажаніцца ў гэтай старонцы і тут застацца, дык зробіць усё, што здолее, каб мне новае жыццё аблегчыць. Але я на гэта ўжо зусім не разлічваю. Ведаю, што ізноў буду вымушаны ў войску служыць, а пазней мяне ў Расію вышлюць.

Шчасце, аднак, што я з тым маёрам сустрэўся. Ён мяне ўратуе. Бо сам бы я мусіў і ад нашых уладаў хавацца. А з дапамогай маёра зноў выплыву і буду легальным, а можа, і заслужаным грамадзянінам.

9 снежня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Аказалася, што ў бункеры, у нашым гаі, партызаны склад зброі наладзілі. Некалькі іх там жывуць і вартуюць. А для сувязі з галоўным атрадам маюць тэлефон. Ведаю я ўжо шмат падрабязнасцяў аб іх і пра ўсё маёру дакладаю. Ён жа мне сказаў, што калі немцы будуць набліжацца, дык мы мусім уласны партызанскі атрад сфармаваць і ворагу сур’ёзна нашкодзіць, каб прыспешыць перамогу Чырвонай Арміі. Мне гэта не вельмі падабаецца, але калі ён так вырашыў, буду вымушаны ягоны загад выканаць. Але пакуль усё спакойна.

Працы ў гаспадарцы зараз мала, таму пані Юзэфа больш цяпер займаецца са мною польскай мовай. Я ўжо лёгка польскія кніжкі чытаю і нават пішу троху. Маёр мне сказаў, што веданне польскай мовы можа мне дужа прыдацца на службе, калі мы возьмемся за ліквідацыю і ўціхаміранне палякаў.

З сям’ёй Малугаў я зусім зжыўся, і яны лічаць мяне сваім чалавекам. Стары Малуга сказаў мне нядаўна, што пасля вайны, калі Антося захоча выйсці за мяне замуж, ён супраць таго не будзе. Дасць нам на новую гаспадарку каня і карову і дапаможа дом пабудаваць. А пані Юзэфа дадала, што вылучыць нам са свайго маёнтку 5 гектараў зямлі, за якую мы будзем сплочваць ёй вельмі доўгі адрэзак часу. Але здаецца мне, што з гэтых планаў нічога не атрымаецца, бо не ўбачаць яны вольнай Польшчы ніколі. А пры савецкай уладзе, калі ў мяне добра пойдзе, дык магу стаць важнай асобай. Тады з такімі хамамі, як Малугі, і знацца не буду. Іх жа, безумоўна, да калгасу далучаць.

Тым не меней, я ўсё часцей да Малугаў хаджу і лічуся ў іх нарачоным Антосі. Гэта для мяне вельмі зручна, бо я здабыў суцэльны давер ва ўсёй ваколіцы і даведваюся шмат цікавых рэчаў. Ведаю, напрыклад, хто з мужыкоў захоўвае зброю. Малугі таксама маюць тры карабіны і шмат амуніцыі. Яны спецыяльныя схованкі ў стайні зрабілі і там зброю хаваюць. А пані Юзэфа на гарышчы браўнінг мужа мае. Некалі дастала яго адтуль, пачысціла і зноў схавала. Аднак палякі гэтыя, бясспрэчна, небяспечныя элементы. Прычым ведаюць, што за такія справы ў цяперашні час пагражае ім смяротнае пакаранне. Аднак не падпарадкоўваюцца існуючай уладзе.

Маёр вельмі радуецца, калі я яму падобную інфармацыю аб навакольным насельніцтве прыношу. Гаворыць, што калі нашы прыйдуць, трэба будзе тут парадак навесці. Ведаю, што ў яго атрымаецца. Я ж ахвотна яму дапамагу.

17 мая - 7 снежня 1944 года

17 мая 1944 года.

У адрыне ў мужыка.

З сярэдзіны красавіка я знаходжуся ў лясах. Мы стварылі свой партызанскі атрад. Маёр ягоны камандзір, а я ягоны намеснік. Маем мы ў атрадзе сем чалавек. З іх чацвёра – нашы байцы, якія ў мужыкоў хаваліся. А тры – гэта польскія камуністы з мястэчка.

Маёр сказаў мне ў красавіку, што ў цяперашні час бяспечней сядзець у лесе, чым быць дома, адкуль у любы дзень нямецкія жандары альбо паліцыя могуць нас выцягнуць. Акрамя таго трэба забяспечыцца на будучыню, учыніўшы гожую і гераічную барацьбу ў тыле ворага. Гэта важная дыверсійная акцыя. Згадзіўся я, што, бясспрэчна, гэта цалкам слушна.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)