Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 164
Перейти на страницу:

Тактыка злодзеяў. Крычаць на іншых: "Трымай яго!", каб менш звярталі ўвагі на іхнія брудныя справункі, на тое, што першыя ворагі Айчыны — яны.

…Я больш не магу сярод іх. Нават хвіліны. Няхай голад. Няхай бурчыць у жываце. Нехта сказаў, што лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.

Ніякіх кампрамісаў!

Мой тутэйшы прыяцель, адзін з самых разумных людзей, якога мне даводзілася бачыць, аднойчы сказаў, што мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца.

Меў рацыю. Нешта такое ёсць. Але калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа — мы самі павінны зрабіцца "храбрымі дзядзямі", а не ціха радавацца з-за чужой спіны… Кроў — з кропляў. І, каб не загніць ад суседства з нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыццём. Іначай — гангрэна і смерць.

Дружа! Ліст гэты перадасць табе надзейны чалавек. Правезці, перадаць, знішчыць на выпадак вобыску — гэтага лепей за яго не зробіць ніхто. Таму я і даверыўся. Але гэта будзе апошні такі ліст. Па-першае, восенню мы сустрэнемся. Па-другое, канспірацыя ёсць канспірацыя, а ў нас, здаецца, канчаецца дзіцячая гульня ў цыркі і пачынаецца сур'ёзнае. Таму гэты ліст — па прачытанні — адразу спалі. Спадзяюся на тваё сумленне. Надалей будзем спадзявацца толькі на памяць.

Пішу табе з тым, каб ты аднавіў сувязь з хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны", праверыў, хто з гэтых рамантыкаў не атлусцеў, і збіў з іх ядро, якое потым магло б абрасці новымі людзьмі. Можаш сказаць найбольш надзейным, што гэта не гульня і не дарэмная рызыка, што нас шмат і колькасць сваіх людзей няўхільна расце.

Спадзяюся, што за гэты час ты не змяніўся. Калі гэта так — напішы мне звычайны ліст, хаця б пра сваё здароўе, пра Мсціслава і добрую Майку і запячатай яго не радавой, а сваёй пячаткай. Я буду ведаць, што ты згодзен са мной і пачаў рыхтаваць сяброў. Пастарайся таксама ўспомніць, хто з хлопцаў, якія падчас славутай гімназічнай баталіі сталі на ваш бок, жыве ў Прыдняпроўі непадалёк ад Сухадола. З імі таксама трэба пагаварыць, хоць і больш асцярожна, бо іхні ўчынак, магчыма, ідзе не ад шырокага дэмакратызму, а толькі ад пачуцця абражанага нацыянальнага гонару, ад афекту, выкліканага ім.

Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.

P. S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх — фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё "фарштаты" і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п'янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка — Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму… Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць".

Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай.

…У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.

Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў — усяго, што завецца жыццём.

І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.

Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.

Радзіма.

Родная зямля.

Беларусь.

…Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.

Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.

— А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.

І дзяўчаты слухаліся іх.

Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)