Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
— На Раўбіча, — сказаў Кандрат.
— …на Раўбіча, а потым, Браніборскага попелам пусціўшы, на дапамогу тым, што ў Кроераўшчыне.
— Чаму так няроўна? — спытаў Янук.
— Вельмі проста, хлопча, — сказаў Корчак. — Ты там не быў, а я меў шчасце. У яго гэтых сабутэльнікаў, загонавых прапойцаў, сотня, дый чаркесаў ён наўрад ці адпусціць. Ведае. Малой крывёю не абыдзецца. Так што адны абложаць, каб сарока не праляцела, падмогу не паклікала. А другія справы свае зробяць дый прыйдуць.
Сіняе мора повені ляжала вакол. Скакала па ім залатое рабацінне. З верхавіны дуба пачуўся раптам голас Лявона:
— Човен з гэтымі двума.
Людзі пачалі збірацца, адвязваць чаўны. Лявон спрытна, як куніца, спускаўся з дрэва.
— Пагаварылі, — сказаў Корчак. — А шкада, нельга… Мужык побач. Падплысці б ды адправіць гэтага гарлачыкі расціць.
I тут Андрэй са здiўленнем убачыў, як страшна — нiколi ў жыццi такога не бачыў — змянiўся з аблiчча брат.
Кандрат Кагут спрытна, як кошка, не абапіраючыся рукамі, устаў на ногі: душагубка амаль не загайдалася.
— Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх.
Корчак пачырванеў. І адразу на гэтым загарэлым абліччы выступілі два, крыж-накрыж, шнары: сляды Кроеравага карбача. Яны былі ледзь прыкметны, але здагадацца — хто ведаў — можна было.
— Ого, — сказаў Корчак. — Ану.
Пад свiткай, ля ног Пакiвача, варухнулася руля стрэльбы. Андрэй узяў у рукi свае восцi.
Корчак абвёў натапыраных праціўнікаў вачыма і стрымаўся:
— Тлумач.
— Ён мой брат. І гэтага досыць.
— Яно і відаць, што панскія лізунчыкі, — сказаў Янук. — Панскую зямлю панскімі коньмі араце. На панскія грошы Паўлюк з Юрасём школку скончылі…
Ён змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй.
— Лiзунчыкi… — сказаў Кандрат. — Мы, Янучок, не лiзунчыкi, а дурнi, калi з такой навалаччу, як ты, разам галовы складаць збiраемся. Не варта было б. А ты ж, пэўна, чуў, чыёй воляй тая дзеўка Хаданскiх зямлю ды свабоду атрымала? Не тваёй. I чыёй воляй паншчыны на гэтым лапiку амаль няма, таксама чуў. I што сам ты нi гвалту, нi згону не ведаеш… I на каго па гэтай прычыне суседзi зубы гостраць.
Размахнуўся восцямі. Андрэй, ведаючы брата, толькі ўздыхнуў: пранесла.
— Ды табе гэтага, губа нясытная, мала. Ты не аб усіх дбаеш. Ты сам бы толькі ўсё, што вакол, пад зад згроб дый сядзеў бы, пакуль… аж да сэрца не згніў бы. Шэры князь, морда твая паскудная. — Задыхнуўся. — А той — просты. З намі, з усімі світачнікамі, як роўны. Каб табе ягоную сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі.
Павярнуўся да Корчака.
— Гінуць з табою згодны. Але гэтаму роду калі будзе нешта — Азярышча табе будзе вораг, Вітахмо — вораг, Загоршчына — вораг, Татарская Грэбля — вораг, Сцюдзёны Яр — вораг.
Андрэй таксама ўстаў.
— Святое — вораг, — сказаў ён, нібы прабачэння прасіў. — І Ведрычы — вораг… І іншыя, лікам сорак вёсак — ворагі.
Кандрат крыва ўсміхнуўся.
— Хапаць ды выдаваць мы не будзем, — сказаў ён, — крый божа. Проста не будзе табе ні хлеба, ні страхі. Праз тыдзень сам да Мусатава прыпаўзеш, калі не возьмуць. Таму што імі, простымі, трымаецца кожны лясны брат… Імі, Корчак.
Корчак узняў руку:
— Хопіць, Кандрат. — Зірнуў на Янука і на хаду сарваў злосць: — Праз твой язык, лайнік ты, звяга, справу маглі б заваліць. Больш ты мне языка не высалоплівай. — І зноў да Кандрата: — Кінь. З-за лухты мала не перасабачыліся, як гайня.
— Гэта не лухта.
— Добра. Ты супакойся. Веры ўва мне няма. Але, шануючы цябе, спрачацца не буду. Што б ні было — гэтыя людзі, і, вядома, твой брат, астануцца жывыя. Нават у цёмным лесе. Нават калі на наш табар з лесу вылезуць… Ну? Цяпер згода?
— Згода, — астыў Кандрат.
— Сябры?
— Сябры.
— То тады бывайце. Пакінем іх, хлопцы, дый самі развітаемся.
Зацурчала пад вёсламі вада. Тры чаўны пачалі паспешліва аддаляцца. Спачатку іх закрылі бліжэйшыя рэдкія хмызы, потым дальнія. Часцей і часцей.
Праз некалькі хвілін усе яны зніклі за шапкай вялікага дуба… Кагуты засталіся адны.
— Ты, брат, бачу я, гара-ачы, — сказаў Андрэй.
— Бывае.
— А ты чаму не сказаў, што гэта Алесь карбач з Кроеравых рук выдраў?
— Пашкодзіла б. Корчак ганарысты. Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. І раптам — нa табе, панская ласка.
Кандрат зясмяяўся:
— І так слова выдралі… Паплывем насустрач, ці што?