Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Замест адказу Андрэй моцна павярнуў човен. Кандрат пахіснуўся, але спрамогся сесці:
— Здурэў, сяло дурное! Чаго ты?!
— Проста хацеў паглядзець, як ты, такі доўгі, як конскі шчавук, пляснешся.
— Сам такі, — сказаў Кандрат.
— І тое праўда.
Човен павольна плыў між рэдкіх дубоў. Сляпучае сонца з вышыні глядзела ў ваду. Браты маўчалі.
— Кандратка, — ціха сказаў Андрэй, — навошта ты гэта зрабіў… з Раўбічамі?
— Ты ля царквы на Галінку глядзеў, — падкусіў Кандрат, — і Алесевага твару потым, у карчме, не бачыў… Ненавіжу я гэтае подлае племя, што яны з ім зрабілі… Не мае права ніхто такое рабіць ды на літасць спадзявацца. Аплявалі, а потым… тая… на вялікдзень.
— Яна мне здавалася добрай дзеўкай.
— Мне таксама… здавалася.
— Ён дараваў.
Кандрат успыхнуў:
— Ну, ведаеш!.. Маўчыць пан бог, ды не маўчаць людзi.
— Цс-с, — сказаў Андрэй.
Наводдаль паказаўся човен з Алесем і Кірдуном.
— Гэй! — гукнуў Алесь. — Бачыце?
I прыўзняў з чаўна вялiкага лiлаватага сома. Трымаў з напругай, бо галава рыбiны была на ўзроўнi грудзей хлопца, а хвост згiнаўся на дне чаўна.
— Атаман, — сказаў Алесь.
— Тванню будзе пахнуць, — сказаў Андрэй.
— Вымачым, — сказаў Алесь. — Во атаман дык атаман.
— Нешта ты, Кірдун, увесь час з хаты ўцякаеш, — прычапіўся да першай тэмы Кандрат. — Што, жонка не грэе?
Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.
— Ды што… Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома… Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя… Лаяцца — сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.
І па дурасці ляпнуў:
— Жанчыны гэтыя — ну іх да д'ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.
Андрэй лыпнуў вачыма.
Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:
— Праўда твая, Алесь, — атаман… Колькі яму год можа быць?
— А чорт яго ведае. Многа.
Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.
— З рыбамі гэтымі бяда, — заліваўся Кандрат. — З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?
— Ну. Заіка?
— Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: "Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам". Аж тая раптам — боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: "А туды т-т-т-т…". І так да самага Сухадола.
Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.
Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы "з вернай аказіяй" ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.
Кастусь пісаў:
"Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы… Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?
У кастрычнiку я стаў студэнт iмператарскага Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэта, а праз адзiнаццаць дзён мяне вызвалiлi ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзiвосы! Ва ўсякiм разе, дзякуй iм. Магу жыць… Я наогул "шчасця балавень бязродны". Атрымаў урок, якi дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць.
Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме… Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна — чалавек без перакананняў, ці то з тымі "перакананнямі", якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край — праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы — толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым — тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.
Татаршчына!
Алесь, я ведаю, гэта глупства — адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: "Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш". Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, — я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.