Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 229
Перейти на страницу:

Пасьля яшчэ былі баі, але ў Румыніі па танках мы не стралялі. Маю падбітую гармату выцягнулі з агнявой, замянілі кола, а прыцэлу не знайшлі. Так мы яе і вазілі на фармоўку над Луцк, пасьля ў Венгрыю. I да майго новага раненьня яна заставалася без прыцэлу.

А наконт танка. На фармоўцы ўвосень пачалі прадстаўляць да ўзнагародаў, напісалі і на мяне: «к орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил» і г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзілі кагось з дывізійнай артылерыі, якая там таксама страляла. Выходзіць, Быкаў падбіў падбіты танк? Можа, і так, я спрачацца ня стаў, з начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзіра палку, крыклівага маёра Коваля, і той са злосьці паслаў мяне ў аўтаматчыкі.

18. Братаньне

Тут, можа, варта вярнуцца назад і распавесьці, як на пачатку вясны адбылося ў нас «братаньне зь немцамі». Сталася тое, як і ў «Праклятай вышыні», хаця, можа, трошкі і ня так. Можа, страшней нават. Сапраўды, тыя падзеі здарыліся ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сапсавалася надвор’е, шыбанула завея, сьнегу наваліла гурбы. А пасьля раптам — сонца, сьнег адразу растаў, зноў вясна.

Во якраз у тую ноч перад вясной немцы прагналі роту з вышыні і асталяваліся на ёй самі. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылі замірыцца, адпачыць, пакуль начальства далёка, штабы адсталі. Iніцыяваў усё старшына роты. Унізе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселі на гэтым схіле. I во старшына выйшаў да рэчкі, паклікаў нямецкага обэр-лейтэнанта, і яны заключылі перамір’е. Наладзілі сувязь… Сталі хадзіць і нашы, і немцы. Памыць парцянкі, перакінуцца махоркай і атрымаць замест цыгарэты. Ну і размовы. Словам — братаньне, самае што ні ёсць. I доўжылася яно два дні. Камандзір роты якраз адсутнічаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. А выкрылася як? Праз два дні, як параненых адпраўлялі ў тыл, тамашні санінструктар і «стукнуў». Натуральна, начальства ўзьвілося…

Аднаго разу ноччу дзьве мае саракапяткі перакідваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкі мне дзіўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства ня выдумае. Да ранку збольшага акапаліся, сядзім. Пяхота крышку наперадзе і ўнізе, неспакойная, усё варушыцца. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезьлі мінамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. I во толькі разьвіднела, гляджу — ідуць немцы да рэчкі. Iдуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусім. Падыходзяць да рэчкі і крычаць: «Эй, Iван!». I яшчэ нешта. А ў нас усё замерла. Яны пастаялі, між сабой пагутарылі, пасьля нешта, відаць, западозрылі, і двое бягом назад. Астатнія таксама пачалі ад рэчкі адступаць. I вось тады нашы ўрэзалі. Спачатку артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка і лужок, затым пайшла разьмяклая ральля на схіле, а за ім надта крутое месца зь невялічкімі кусьцікамі, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусьцікаў дайшлі, тут ужо яны ўрэзалі. Толькі некалькі чалавек параненых выпаўзьлі да рэчкі.

Пасьля месяц цэлы бралі гэтую вышыню. I ў маі яшчэ атакоўвалі, і ўсё бяз выніку. Так да Яса-Кішынёўскай апэрацыі, да 20 жніўня, яна заставалася ў немцаў. А людзей колькі паклалі! Во гэта я там пасьля ледзьве ня трапіў у палон. Замест мяне трапіў начштабу батальёну.

19. Хвароба. Фарміроўка

У Румынію ўвайшлі з баямі, але далей немцы супраціўляліся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацілі на вуліцу бочку, абступілі яе з кацялкамі, а піць баяліся. Перад наступленьнем было нямала гутарак і загадаў наконт таго, што пераходзім мяжу з капіталізмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, віна ня піць, — усё атручана. Тады крыкнулі: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санінструктар батальёну (пасьля загінуў у Венгрыі), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпіў — парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна і выпілі. Рэшту вылілі на дарогу, каб ворагу не дасталося.

Румыны па загаду караля Міхая (пасьля ўзнагароджанага Сталіным ордэнам Перамогі) дружна капітулявалі. Ці разьбягаліся дадому. У іх было шмат коней, і мы часьцяком мяняліся імі — проста на дарозе сваіх здыхлякоў на іхніх ці нямецкіх біцюгоў. Мелі нават і запасных. Бо на фронце коней гінула ня менш, чым людзей, і артылерыя заўжды адчувала праблему зь цяглавай сілай. Але вось аднойчы дывізію ды і ўсю армію вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакідваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набіваюць цяплушкі, артылерыю закочваюць на адкрытыя плятформы. Там жа і артылерысты. Ад дажджу і ветру — усё тыя ж палаткі.

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)