Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 229
Перейти на страницу:

Пад Унгенамі — ёсьць такая памежная станцыя перад Румыніяй (дзе пасьля мытнікі рабілі свой славуты савецкі «шмон») — сталі у абарону. Калісьці мы гэтую станцыю бралі, здавалі таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня. Паколькі я без гарматаў, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палку дзяжурыць ноччу. Камандзір палку на сваім КП сьпіць (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны ня спаць, глядзець і слухаць. У маім падначаленьні разьведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашчпалаткай наверсе. На перадавой усталявалася некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нэўтралцы месьціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хатаў, можа, 10–15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хатаў ужо згарэла, а рэшта пакуль стаіць. Мой разьведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсьць некалькі курыц і віно. I вось мы аднойчы… Камандзір палку калі пазвоніць ноччу гадзінаў у дванаццаць, а так — цішыня. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзём, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле. Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), прынясе гарлачык віна. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадэча, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасьвіліся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі.

I вось аднойчы — яшчэ курачка не зварылася, — што такое?.. Страляніна, выбухі гранатаў, нейкія крыкі… Мы, канешне, кулём на гароды… Побач яшчэ нехта бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо апраўдваецца, камандзір палку крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле гараць хаты, — страляніна, праўда, сьціхла. Я пачаў тлумачыць: хадзіў даведацца, што там здарылася. А здарылася тое, як пасьля высьветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разьведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёну з начальнікам штабу, да таго ж хадзілі і немцы таксама. Во яны і сутыкнуліся. Пабілі нашых, начальніка штабу ўзялі ў палон. Пасьля пачалося расьсьледаваньне, намі займаўся сьмерш, але неяк абышлося. Hі я, ні разьведчык, ні тэлефаніст ня выдалі нашыя паходы па начах, а так рознае магло быць. Маглі прыпісаць кантакт зь немцамі.

Санінструктарамі ў войску часта былі дзяўчаты. Праўда, на перадавой звычайна сустракаліся тыя, што не спатрэбіліся ў тылах. Прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся пры штабах, на розных тылавых пасадах. Штабоў жа, як і тылоў, хапала: апроч вайсковых яшчэ ж і палітадзьдзельскія штабы, штабы тылу ды контрразьведкі сьмерш. Хоць паводле штату дзяўчаты і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайпэрамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, тым больш — генэрал меў сабе ППЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, ня кажучы ўжо пра роту. I яны не былі дурніцамі, ня дужа імкнуліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званьні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часьць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Празь нейкі час сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі. Ну, перавялі дык перавялі. А пасьля ўжо, калі я быў камандзірам узводу аўтаматчыкаў і бегаў пад агнём з аднаго флангу на другі, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёну. Трохі мне стала цікава, зазірнуў у ровік, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялі? Так, кажа, ня ўжылася з ротным у палкавой роце сувязі… Значыць, не захацела спаць зь ім, во ён і сьпісаў яе ў батальён. Так яе характар і прывёў яе на самую перадавую. А так бы скончыла вайну ў тыле, пры ўзнагародах. А тут ці хоць жывая засталася, ня ведаю.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)