Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 229
Перейти на страницу:

Тут я захварэў — зусім па-дурному, па дарозе на фармоўку, бо, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавіта па дарозе ў тыл. Сьпярша была малярыя, трэсла з прырэчных малярыйных паплавоў, пасьля падключылася яшчэ нешта. На плятформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлі восеньскія дажджы. I мяне перанесьлі ў цяплушку санчасьці.

Але, здаецца, нашыя дактары навучыліся за вайну толькі рэзаць, а на якія там хваробы спрэс забыліся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраінскага Луцку, лепей ня стала. Выгрузіліся ў лесе, пачалі абладжвацца — зямлянкі, шалашы, канавязі… I тут я зусім зваліўся. Зноў паклалі ў санчасьць — закінуты дом бяз вокнаў, безь дзьвярэй. Ляжу адзін на саломе ў кутку, дрыжу, тэмпэратура расьце, даюць нейкія таблеткі, якія памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калі я зараз жа ня ўстану і не пайду адсюль, дык тут і сканаю. I я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сілы і, хапаючыся рукамі за хваіны, дабрыў да сваіх хлопцаў. Там мне далі паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. Пасьля неяк пакрысе ачомаўся.

Адразу ж пачаліся заняткі, — палявыя і страявыя, зь песьняй (а як жа, — жалезная традыцыя з часоў прускай арміі), нарады, палітзаняткі (таксама традыцыя, хіба савецкая). Празь нейкі час пасьля вячэры прыходзіць да шалаша наш палкавы сьмершавец, пачынае размову: колькі ў апошніх баях забітых, колькі параненых… А Мокіш, пытаецца, таксама забіты? Так, кажу, таксама. Ля Серату. А вы бачылі сваімі вачыма? Тут я трошкі затрывожыўся, бо гэты Мокіш у часе бамбоўкі дзесь зьнік, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, і ніхто ня згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабіць сабе лішняга клопату, калі пачалі пісаць зьвесткі пра страты беззваротныя (забітых) і зваротныя (параненых), я і запісаў Мокіша ў лік забітых. Дык вось, кажа сьмершавец, вы пакрываеце дэзэртыра. Ваш Мокіш затрыманы камэнданцкім патрулём у Бельцах. Зь якой мэтай вы далі фальшывыя зьвесткі?

Во бяда, ліха на яе і на гэтага Мокіша, каб яму ні дна, ні накрыўкі. Ды і я — варона! Але хто думаў, што ён дасьць драла дадому? Давялося мне зноў пісаць, апраўдвацца, сьмершавец яшчэ разы два прыходзіў. Пасьля адстаў.

Атрымалі папаўненьне ў жывой сіле, і мяне перавялі з батарэі ў ПТА 2-га батальёну. Камандзір батальёну (зноў капітан Сьмірноў) адразу зрабіў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, — за дрэнны парадак на канавязі, нячышчаных коней. (Божа, колькі крыві псавалі гэтыя коні!

У вайну і пасьля. Чысьціня іх і збруі, бясконцыя вывадкі — жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыі, якая не хацела аджываць і ў новы час. Сапраўды, кожная армія рыхтуецца да мінулай вайны, а будучая прыходзіць нечакана.) Тым ня менш строгі быў наш камбат Сьмірноў, былы школьны настаўнік. Ён таксама папсаваў мне нямала крыві ўжо ў баях на венгерскай зямлі. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.

Фармоўка, аднак, хутка скончылася, атрымалі папаўненьне і падрыхтаваліся да пагрузкі на чыгунку. Перад пагрузкай давялося стаць сьведкамі страшнай сцэны расстрэлу двух салдатаў — за абрабаваньне і забойства ўкраінскай сям’і зь недалёкага хутару. Iх судзіў вайсковы трыбунал і прыгаварыў да вышэйшай кары. Раніцой на паляне літарай П пастроілі полк, на сярэдзіне выкапалі яму. Асуджаных бязь дзягаў і пагонаў паставілі да ямы, зачыталі прыгавор. Затым камэнданцкі ўзвод даў залп, і абодва зваліліся ў яму. Як іх там закопвалі, мы не глядзелі, настрой ва ўсіх быў прыгнечаны. Канешне, усе разумелі, што тыя два заслужылі, што атрымалі, але ж… Усё роўна было агідна ад гэтага пакараньня напаказ. З агідай у душы полк і адправіўся да станцыі Луцк — на пагрузку ў эшалён.

Пагрузіліся і паехалі, на гэты раз у цяплушках — зь печкамі і нарамі. У асобным вагоне — коні (конскі састаў, паводле вайсковай тэрміналёгіі). У мяне ва ўзводзе чатыры вялізныя нямецкія біцюгі, якія добра цягнуць гармату зь перадком, але заўжды крокам. Рысьсю яны ня ўмеюць. I шмат корму ім трэба. А сена ў нас няма, аўсу не даюць. Калі зьвярнуцца да начальства, атрымаеш адзін адказ: знайсьці. Знайсьці і накарміць! Панятна? Iспалняйце! Мае салдаты «ісполнілі» — дзесь на станцыі нацягалі з плятформы буракоў і накармілі, адна кабыла празь дзень здохла. Што рабіць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палітапарату, тыя паднялі хай — страта баяздольнасьці, вінаватага да адказу. Хто вінаваты? Канешне, камандзір, лейтэнант Быкаў. Зноў завялі справу…

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)