Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Выдаўцы “Колокола” на чале з Герцэнам друкуюць у нумары 147 за 1862 год зварот: “Сябры і браты! Усё было скіравана на тое, каб пераканаць рускіх афіцэраў, каб яны не падтрымлівалі свой урад, каб не здзейснілі свядома злачынства і не апусціліся да таго, каб стаць катамі народа, што даўно мінаваў час сляпога падпарадкавання бязглуздым і злачынным загадам, што нельга быць дысцыплінаваным там, дзе загады прымушаюць рабіць злачынствы супраць народа… Заклікалі рускіх афіцэраў не падымаць зброі супраць жыхароў Польшы, Літвы і Беларусі, што яны павінны паважаць правы гэтага народа на святасць задуманай справы вызвалення; сцвярджалі, што лепей ісці пад суд, у арэстанцкія роты, нават быць расстралянымі, паднятымі на штыкі, – але ні ў якім разе не падымаць зброі супраць людзей, якія змагаюцца за волю. Раілі з веданнем справы, як лепей арганізаваць у палках тайныя гурткі з мэтай змовы і рэвалюцыі, як арганізоўваць прапаганду паміж салдатамі, запэўнівалі пры гэтым, што калі афіцэры вырашаць кінуцца з рускімі і польскімі салдатамі ў Літву і Беларусь, то ім адгукнецца Волга і Дняпро, Дон і Урал…”
Цэнтральны Камітэт у Варшаве яшчэ да аб’яўлення ваеннага становішча пачаў клапаціцца пра тое, каб як найхутчэй набыць спачуванне распачатай справе сярод вайсковых фарміраванняў, якія былі раскватараваны ў краі, для чаго пачалі распаўсюджваць сярод вайскоўцаў пракламацыі на рускай мове…
Не да кожнага даходзілі напісаныя словы. Хто заставаўся адданы свайму доўгу салдата, а хто меў у душы нянавісць і радражненне – асабліва сярод шляхты і мяшчанаў, цяжка было дастукацца да сэрцаў святароў.
Але голас закліку быў пачуты. І пракламацыі паверылі, сталі на бок паўстанцаў паручнікі Іван Арнгольд, Васіль Каплінскі, Станіслаў Абрамовіч, падпаручнік Пятро Слівіцкі, унтэр-афіцэр Франц Расткоўскі і радавы Лявон Шчур. Арнгольд, Слівіцкі і Расткоўскі актыўна ўзяліся за агітацыйную справу, збіралі салдат і афіцэраў, заклікалі да адкрытага паўстання.
Але не ўсім да спадобы былі іх палкія словы. Свае ж і данеслі начальству аб недапушчальнасці злачыннай дзейнасці мясцовых агітатараў. Па канфірмацыі графа Лідзерса іх асудзілі, прызналі злачынцамі, і шаснаццатага чэрвеня 1862 года ваенным судом расстралялі ў рове Новагеоргіеўскай крэпасці. Астатніх саслалі на катаргу ці заключылі ў казематы.
“Колокол” паведаміў чытачам:
“16 чэрвеня 1862 года адбылося вялікае злачынства… Чорны дзень гэты будзе памятны і вам, палякі, за каторых загінулі трое расейскіх пакутнікаў, і іх таварышам, якім яны пакінулі вялікі прыклад, і нам усім, каторым яны паказалі – не толькі, як гэты ўрад, надзелены прагрэсам, лёгка забівае, але як, прачнуўшыся да свядомасці, нашыя афіцэры геройскі паміраюць!”
У паванзкоўскім лагеры, пад Варшавай, наладзілася дэманстрацыя. Паляк-афіцэр паручнік Гоцкі-Даніловіч разам з паручнікамі Зейнам і Агароднікавым папрасілі святара, каб той адслужыў ім малебен па рабах Божых Яне, Пятру і Хведару.
Цэнтральны камітэт у сваю чаргу прыняў пастанову пакараць тых, хто адабраў жыцці рэвалюцыянераў-агітатараў. Вырашалі пачаць помсту з выконваючага пасаду намесніка Царства, графа Лідзерса, які і загадаў непасрэдна прымяніць смяротны прыгавор.
Ведалі, што ён любіць наведваць рэстаран і мінеральныя воды ў Саксонскім садзе. Апалове восьмай гадзіны раніцай невядомы падышоў да генерал-ад’ютанта і стрэліў у яго з рэвальвера. Потым выйшаў з саду праз цукроўню на Гранічную вуліцу.
Аляксандр Велёпольскі не столькі асцерагаючыся, колькі ведаючы, што яшчэ не саспела глеба для буйных выбухаў, стараецца прадухіліць паўстанне. Ён нечакана распачынае надзвычайную буйнамаштабную мабілізацыю ў расейскую армію. На той час ішлі на службу згодна жэрабя. І служылі дзесяць год. Але кіраўнік цывільнага ўрада крышыць гэтыя стэрэатыпы. Дзесяць тысячаў маладых хлопцаў, на якіх загадзя тайна склаліся адпаведныя імянныя спісы, апранаюць форму рэкрутаў расейскай арміі.
Многія з іх дэзертыруюць, пададуцца у лясы, не жадаючы ісці ў войска.
Пачаліся аблавы, арышты, прымусовая мабілізацыя ў войска ўжо без спісаў.
Нікога не задавальнялі рэформы Велёпольскага. Памяркоўныя рашылі шырэй карыстацца прызначанымі ільготамі. Чырвоныя намерыліся ісці нахрапам і, беручы за аснову тэрор, здолелі падпарадкаваць сабе грамадскую волю. На рэфарматара Велёпольскага было зроблена два замахі. Але маркіз вельмі рэдка паказваўся на вуліцы, ездзіў у глухой жалезнай карэце у суправаджэнні дзесяткаў жандараў.