Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Паэт паслядоўна, з уласцівай яму публіцыстычнай страснасцю абараняў інтарэсы запрыгоненага беларускага селяніна, змагаючыся за яго разняволенне, за адмену бесчалавечнага прыгоннага права, якое зжыло сябе як эканамічна, так i маральна. «Я край мой кармлю ад веку i маю права звацца чалавекам»,— заяўляў вуснамі свайго паэта селянін-беларус. Гэтае патрабаванне Сыракомлі аддаць народу ўсе яго чалавечыя правы пазней падхопіць i ўзніме як неадкладны лозунг часу вялікі абаронца свайго народа Янка Купала. Дарэчы, паэзія Я. Купалы, які надзвычай высока цаніў вясковага лірніка за яго дэмакратызм, за тое, што ён не забыўся «слоў беларускіх», сваімі некаторымі матывамі, вобразамі вельмі пераклікаецца з творчасцю Сыракомлі, што дае падставу гаварыць аб уплыве Сыракомлі на Купалу як аб адным са звенняў пераемнасці беларускай літаратуры. Абодва паэты былі выразнікамі самых кроўных інтарэсаў беларускага народа на розных этапах яго гісторыі: «Не я пяю, а люд божы, які песню ва мне творыць»,— гаварыў Ул. Сыракомля, падкрэсліваючы сваю непарыўную злітнасць з мужыком-беларусам, «адвакатам i прадстаўніком на Парнасе» якога быў.
Вельмі ярка i зусім недвухсэнсоўна выказаўся Ул. Сыракомля аб сваёй блізкасці да беларускага народа ў выдатным вершы «Вясковы лірнік». Паэт піша, што яго ліру «людзі пояць слязьмі». Таму ён спадзяецца, што рэха ад яго песень панясецца шырока на свеце — «ад краю да краю, да самага Дунаю, да самага Кіева». I калі-небудзь пасля яго смерці «ў акно суседа пастукае грамада чужых людзей» i скажа: «Прыйшлі мы паглядзець, дзе ваш лірнік спачывае, лірнік, знаны ў свеце». Слухаючы гасцей, «люд з усёй вёскі будзе дзівіцца i шаптаць, паціскаючы плячыма: «Адкуль яны, людзі з далёкіх краёў, ведаюць песні гэтай вёскі?» I, вядома ж, здагадаюцца, што гэта разнёс ix па свеце «наш лірнік вясковы», i таму з гордасцю «перад людзьмі з чужой зямлі ўсёй душой будуць славіць лірніка, што спяваў i жыў з імі».
Пад гэтым вершам значыцца: «Залуча, 18 студзеня 1852 года». Адсюль вынікае, што вёска, якая зможа ганарыцца сваім лірнікам i песні якой ён разнясе па свеце, быў Жукаў Барок (за паўкіламетра ад Залучанскай сядзібы паэта). Іншымі словамі, Ул. Сыракомля тут сам прызнаецца, што асновай яго творчаеці быў беларускі фальклор. I гэта зусім не голая дэкларацыя. Пра творчае выкарыстанне Ул. Сыракомлем беларускага фальклору ёсць нямала сведчанняў як польскіх, так i беларускіх даследчыкаў. Многія вершы Ул. Сыракомлі — гэта «творчае наследаванне i апрацоўка беларускіх песенных матываў» (С. Александровіч).
Як пясняр i абаронца народа Сыракомля не мог без сарказму i гневу гаварыць пра яго прыгнятальнікаў. Каб пераканацца ў гэтым, даволі перачытаць такія творы паэта, як «Ілюмінацыя», «Вызваленне сялян», «Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўласніку» i г. д. Свае адносіны да паноў вельмі выразна выказаў Ул. Сыракомля i ў вершы «Вясковы музыка», прысвечаным С. Манюшку. Стары музыка раіць маладому кінуць свой «марны» занятак, бо ва «ўбогай вёсцы» яму не шмат заплацяць: «Тут рэдка абсеўкі, дажынкі, вяселлі, тут хлеба не вельмі, гулянак не вельмі». Малады падае думку, што трэба кінуць вёску, «дзе жывуць небаракі», i адправіцца са скрыпкай туды, «дзе багатыя людзі». «О дзіця! — адказвае на гэта стары,— ...лепш знямець ca сваімі песнямі, чым стукаць у дзверы багатых... Нічым не кранеш ix, бо ў душы ix — холад, слухаюць яны з пагардай на твары». Усё гэта, вядома, не магло не раздражняць закаранелых прыгоннікаў. Так, клерыкальны «Przegląd Poznański» адкрыта нападаў на творы Ул. Сыракомлі якраз за тое, што ў ix ён убачыў «выбух... нястрыманага i ніяк не зразумелага нам гневу супроць паноў i князёў...» Ф. Беляк у заўвагах да выбранага Ул. Сыракомлі прыводзіць таксама яскравы ўрывак з верша Ф. Вэнжыка, які абвінавачваў вясковага лірніка ў тым, што ён «бэсціць» у асобных творах «польскую шляхту».
Супрацьпастаўляючы высокія маральныя якасці беларускага селяніна маральнай разбэшчанасці, фанабэрыі i ганарлівасці шляхты, Ул. Сыракомля смела выкрываў міф аб яе выключнасці, аб яе праве гаспадарыць над мужыком. Вельмі яскрава выказана гэта ў знойдзеным мною першапачатковым варыянце кнігі Ул. Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых аколіцах», які захаваўся ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР. Разважаючы пра старажытнасць беларускіх вёсак, Ул. Сыракомля пісаў (гэты ўрывак выкраслены рукой цэнзара): «I не адно мужыцкае імя добра было вядома праз вякі ў сваёй ваколіцы, пакуль не з'явіліся імёны i гербы мажнаўладцаў. Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў ідэі так званай гістарычнай арыстакратыі — як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі... Наш селянін не піша i не чытае гісторыі, але, верачы ў якое-небудзь сваё мясцовае паданне, з пагардай паглядае на шляхецкую расу, інстынктыўна адчуваючы, што мы — прыхадні адкульсьці, а ён — тутэйшы жыхар i гаспадар тутэйшай зямлі».