Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Якраз дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае i тым самым усвядоміў, што ён «гаспадар тутэйшай зямлі», Ул. Сыракомля i ўзяўся падымаць з забыцця гэта мінулае, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай i самабытнай культуры беларускага народа. Гісторыі Беларусі быў прысвечаны ўжо самы першы твор Ул. Сыракомлі, які прызначаўся для друку,— вялікая i даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа, апублікаваная ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага за 1846 год. Дарэчы, у арыгінале нататкі, які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР (аддзел рукапісаў, ф. 81—36, арк. 10-13), астаўся неапублікаваны дадатак — апісанне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка, якое i цяпер мае цікавасць для даследчыкаў нашай культуры. Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стаўбцоў, Койданава, Міра), быту беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт i сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых аколіцах» (1853); пра вёскі i мястэчкі беларускага Прынёмання расказвае Ул. Сыракомля ў кнізе «Неман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб'ёмістая манаграфія Ул. Сыракомлі «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Teka Wileńska» (1857). У гэтай працы аўтар грунтоўна раскрыў гісторыю Мінска, якая прасочваецца па фоне ўсёй гісторыі Беларусі, расказаў пра быт i заняткі сучасных яму мінчан, а таксама на аснове фальклору беларусаў імкнуўся паказаць старажытную культуру «крывічан». Прытым, аўтар асабліва засяроджвае ўвагу на тых фактах з гісторыі Беларусі, якія найбольш красамоўна расказваюць пра яе славу, якія самі па сабе маглі ўздымаць нацыянальны дух беларусаў. Так, значнае месца адводзіць Ул. Сыракомля разгляду «Слова аб палку Ігаравым», якое, паводле яго меркавання, напісана «на царкоўнабеларускай мове», напісана мінчанінам, з прычыны чаго Мінск павінен карыстацца славаю горада «старажытнай паэзіі, мясцовай песні, на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва». Шмат каштоўнага матэрыялу па гісторыі i культуры Беларусі можна знайсці i ў дарожных нарысах Ул. Сыракомлі «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. I — 1857, т. II — 1860). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра быт насельніцтва гэтых аколіц шмат цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў, едучы ў 1856 годзе праз Беларусь у Варшаву. Гэты дзённік трапіўся мне ў рукі пры азнаямленні з матэрыяламі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры i мастацтва Літоўскай ССР. Раскрыццю быту падвіленскіх беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт шматлікія артыкулы ў «Віленскім весніку», у раздзеле «Мясцовы агляд», які вёў паэт будучы штатным супрацоўнікам газеты. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, пра Нясвіжскі замак, пра ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісе накіды артыкула пра Маладзечна, дзе паэт меркаваў паказаць усю гісторыю горада, пачынаючы з далёкай старажытнасці.
Адным з найбольш важных клопатаў Ул. Сыракомлі была барацьба за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскраве сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы i характеру паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якое друкавалася ў трох нумарах «Gazety Warszawskiej», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Насуперак шляхце, якая называла беларускую мову «хамскей», «гміннай», Ул. Сыракомля пісаў: «Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект, i стары! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута i справаводства на працягу двух вякоў, XVI i XVII, i распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што резмаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта i паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння асталася толькі адной спадчынай сялянскіх хат...» Паэт шкадуе, што «багатая калісьці, яго (беларускага народа.— К. Ц.) мова знаходзіцца цяпер у застоі, яна перастала ўзбагачацца, а тыя, што хацелі зрабіць яе пісьмовай i тым самым заахвоціць народ да кнігі, вымушаны змагацца з многімі цяжкасцямі».
Ул. Сыракомля горача падтрымліваў i абараняў ад нападкаў рэакцыянераў беларускую літаратуру. Пасля першых двух артыкулаў пра В. Дуніна-Мерцінкевіча ў той жа «Gаzecie Wаrszаwskiej» з'явіўся водгук на ix пана Ф. Скібіцкага, які падпісваўся псеўданімам У. Аўтар гэтага водгуку, што называўся «Творы на гміннай гаворцы», выступіў супроць Сыракомлі, які з вялікай радасцю сустракаў творы на беларускай мове.