Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Позняй восенню фарсіравалі Дунай. Помню, тры дні там біліся, і ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берага другі ледзьве відаць. Мы фарсіруем ноччу. Вядома, спярша артпадрыхтоўка — даволі слабая, сродкамі штатнай артылерыі. З берага я пастраляю крыху на крайнім прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: спыніць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе? У сэнсе, калі на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правільна, стральбу спыняем. Праз нейкі час прыбягае начальнік артылерыі — пачаму спынілі артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну, канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзве ці тры ночы. Перадавыя роты на плытах і лодках адплываюць па начным Дунаі, і ніхто не вяртаецца. Хіба назаўтра прыбрыдзе знізу па цячэнні мокры салдат, дрыжучы раскажа, як іх там сустрэлі немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаі не прыйшлі бронекатэры з танкавымі вежамі на палубах, у некаторых былі нават «кацюшы». Яны ўзялі нас на свой борт і высадзілі на тым беразе. Коней пакінулі на гэтым, а там у першым жа венгерскім сяле мой Закіраў раздабыў коней у поўным складзе. Мне пад сядло даў маладую кабылку, дужа слаўную і разумную, яна мне не раз ратавала жыццё. Так ад Дуная мы пачалі наступленне… Ты, Саша, у Венгрыі быў?
А. А.: Быў.
В. Б.: Мы наступалі з поўдня, напрамкам на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.
А. А.: І венгерская армія там была?
В. Б.: Так. Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка збіць іх з занятых пазіцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх. А восень позняя, сцюжа, слота, дажджы… Спярша ад Дуная ішлі лясістыя пагоркі, а пасля раскінуліся балоцістыя поймы, меліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Так доўжылася, прыкладна, месяц.
А. А.: Якая дывізія была ў цябе, не памятаеш?
В. Б.: Усё тая ж, 252-я, чацвёртай гвардзейскай арміі… Цяжкія былі дзень і ноч, няспынная агнявая калатнеча, пра што там расказваць…
А. А.: З табою што там было?
В. Б.: Ну што са мной было? Аднойчы мяне хацелі расстраляць, напрыклад.
А. А.: Гэта за што?
В. Б.: Зрэшты, гэта ўжо другі раз. Першы раз Балатон ва Украіне, як апісана ў апавяданні «Ранак-світанак»…
А. А.: А я не помню. Ну, а рэальна, як было ва Украіне?
В. Б.: Там хутар здалі салдацікі.
А. А.: Твае? Узвода твайго?
В. Б.: Так.
А. А.: А дзе ты быў?
В. Б.: Ну, і я разам з імі здаваў. Спярша мы хутар узялі, а потым здалі. Ну, як у апавяданні, прачытай калі. Ноччу прыбег камандзір палка і сказаў: взять к утру! Не возьмешь, вот на этом месте из этого пистолета я тебя расстреляю. Аказалася, пра той узяты хутар ён ужо данёс у дывізію і атрымаў падзяку адтуль. А я яго здаў. Ну, што рабіць, пайшлі мы браць. А немцы нас адтуль здорава турнулі назад, да самай дарогі. Ну і ўсё.