Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Ляжаў, з прыемнасцю выдаўжыўшы ногі, на раскладушцы. Думаў пра рознае. Пра кепскае і добрае.
«А зерне, якое ўпала на добрую зямлю, гэта тое, якое, пачуўшы Слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць плод у цярпенні. Сказаўшы тое, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы чуць, хай пачуе!» Ніхто, запаліўшы свечку, не накрывае яе сасудам ці ставіць пад ложак, а ставіць на падсвечнік, каб тыя, хто зойдзе, убачылі святло.Таму што няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні патаемнага, што не зрабілася б вядомым і не праявілася б...» Як правільна пра ўсё сказаў святы Лука!
Мы маем вушы і вочы, душу і сэрца і павінны тайну мінулага ператварыць у вядомае і адкрытае для ўсіх. Павінны і абавязаны. Тое пацвердзілася мне тут, сярод пустых пляшак і слоікаў.
...Нядзелька – законны выхадны. І распарадзіцца гэтым днём я мог па сваім жаданні. Павінна ўжо да гэтага часу прачнуцца і Яніна. Ці не спалохалася за маю адлучку?
Не ведаў – чакаць яе ў пэпэша ці вяртацца да яе. Калі ж падключыўся да яе хвалі, душа маўчала і не падавала ніякіх трывожных сігналаў. Супакоілася? Каб тое так і было...
А як жа ўсё-ткі Змітрок Кісялёў? Мо пачакаць да заўтра і потым ужо ўзяцца за што-небудзь? Калі здаровы, то павінен паказацца тут. Але трывога за яго здароўе не пакідала мяне.
Не вытрымаў, падключыўся да яго хвалі. Не адразу і пачуў яго. Змітрок плакаў. Клікаў мяне. Умольваў, каб пабачыўся з ім. Неадкладна.
Звяртаўся да Бога, абяцаў паверыць у Яго, калі пакажуся яму на вочы.
Знаходзіўся мой сябрук у бальніцы. З паліклінікі і забрала яго «хуткая», і адразу ж завезлі дактары ў рэанімацыю – запаленне лёгкіх, цяжкая форма. Везлі амаль нежывога – страціў прытомнасць...
Зазваніў тэлефон. Званіла яна, Вераніка. Без майго ўдзелу і просьбы. Мусіць, наступіў той час і момант, калі ўсё павінна ісці па тым адным сцэнарыі, які ім падрыхтавала жыццё.
– Мне Дзімку, – трывожна і стоена папрасіла дзяўчына, забыўшыся нават павітацца.
– Вераніка? Добры дзень. Яго няма. Ён...
– Ой, даруйце, адкуль вы мяне ведаеце?
– Як добра, што ты пазваніла. Слухай мяне ўважліва. Змітрок чакае цябе. Яму вельмі цяжка ў гэтыя хвіліны. Толькі ты яму можаш памагчы. Толькі ты.
– Памагчы? У чым? Дзе ён, скажыце. Вы – Антон? – Дзяўчына, здаецца, пачала плакаць і не хавала ўжо сваіх слёз.
– Так, я – Антон. А Зміцер, Вераніка, у бальніцы. На пятым паверсе. У шостай палаце. Але пакуль у рэанімацыі. Заўтра ты прыйдзі да яго а семнаццатай гадзіне – ён да гэтага часу будзе пераведзены ў палату.
– Што з ім? – Сэрца ў дзяўчыны выскоквала з грудзей, ірвалася на волю.
– Ды на нашых скразняках застудзіўся, – стараўся гаварыць як мага спакайней, каб заглушыць трывогу дзяўчыны, – запаленне лёгкіх падхапіў... Не хвалюйся, усё будзе добра.
– Адкуль вы ведаеце? Хто вам сказаў?
– Доктар паведаміў. Я званіў паўгадзіны назад.
– Дзякуй, Антон! Вы мне памаглі вельмі. Ён шмат расказваў пра вас. Ён без вас не можа, як і без мяне. Вы ведаеце пра тое?
– Здагадваюся.
«Божачка! Памажы выжыць Дзімку, памажы!.. Я ведаю, здагадваюся, адчуваю, што ў яго нешта больш страшнае, але Антон не хоча гаварыць праўды, шкадуе мяне... Божа, як я вінаватая перад Змітраком, як заве яго Антон... Божа, уратуй яго!..»
Вераніка вымольвала ў Бога каханага. Праз боль і пакуты, праз недавер і рэўнасць, праз спадзяванне і роспач ішла насустрач яму, несучы свой нялёгкі крыж. І – верыла, што дойдзе. Перакананая была, што здабудзе сваё шчасце. Сэрцам тое адчувала.
Змітрок усё яшчэ быў беспрытомны. Калі дактары адышлі ад яго, глыбокай ноччу нішкам прайшоў у той рэанімацыйны пакойчык. Паклаў халодную далонь на гарачы лоб – забраў гарачку і боль, шапнуў на вуха, лечачы яго:
– Аху-ху-ху-тавана-ааа!..
Ён усміхнуўся, не расплюшчваючы вачэй, здзівіўся:
«Ты? Я верыў, што прыйдзеш. Бог цябе паслаў, бо я прасіў Яго пра тое. Святы Лука пра тое ж казаў: «Устань, ідзі! Вера твая выратавала цябе!» Вось і мая, Антон, вера ў цябе, выратавала мяне...»
«Так, сапраўды – выратавала вера. І – Божае слова. Цяпер ты чуеш мяне, Змітрачок, мой добры сябручок?»
«А як жа, чую. Я і раней чуў цябе, ды не хацеў прызнавацца. Не разумеў напачатку, што такое са мной адбываецца. Баяўся чуць цябе, Вераніку... Мне думалася, што я звар’яцеў...»
«Ты стаў чалавекам. Стаў тым, кім і павінен быць. Ты быў здольным, таленавітым вучнем. Нам з табой неабходна зрабіць шмат добрых учынкаў. Калі ты таго жадаеш. Калі сваім жыццём і ўчынкамі жадаеш памагчы Княству...»
«Таго я вельмі хачу. Дзеля гэтага жыву...»