Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Ахутавана! Ахутавана!
Цененька закалола ў скроні. Пасля адчуў бязважкасць. Перахапіла дыханне.
Мяне нехта падхапіў дужымі рукамі, падняў, а потым апусціў на брызент нашай раскладушкі.
Доўга не расплюшчваў вачэй – прыходзіў у належны стан.
Адразу ж пачуўся знаёмы пах – адкрытая бляшанка кількі ў тамаце, якую паспелі паспытаць мышы, патыхала аднекуль бензінам – з вуліцы? І смурод са сметніцы даносіўся, знаходзілася яна з тыльнага боку нашай прыёмні.
Да пачатку працы заставалася каля гадзіны. Можна было б яшчэ і падрамаць трошкі, расслабіцца – я ж таксама стаміўся.
Але за паўгадзіны раней прыехаў Рыгор Шамоцька – прывёз тару. Ледзьве разбудзіў мяне, грукаючы ў дзверы, здзіўляўся, скалячы жоўтыя пракураныя зубы:
– А дзе ж напарнік? Памагаць табе не буду – радыкуліт, каб на яго трасца, скруціў. Мо яшчэ і на бальнічны прыйдзецца ісці. Так што прабачай...
– Ды няма Зміцера. У паліклініку ўчора пайшоў і не вярнуўся, – праціраю кулаком вочы, ледзьве ўцямліваю, што ён ад мяне хоча.
Бягу да крана, спалоскваю твар халоднай вадой. Астатні марафет навяду ў абед.
– Мо і захварэў Змітрок. А ты не хвалюйся, я і сам усё панашу – колькі там тых скрынак, на паўгадзіны клопату...
– Ну, давай, давай, – хмыкнуў Рыгор, сцепануў плечуком, недаверліва зіркануў на мяне, калываючыся, пайшоў да машыны – адкрываць барты.
«Браць ці не браць у яго хабар? – пакутаваў ён пытаннем. – З Дзімам было ўсё зразумела – прыходжу, сядаю ў кабіну, а на сядзенні ляжаць купюры ў канверціку... Люба-дорага... А гэты нейкі хмурына. Што ў яго наўме, адзін хрэн ведае...»
«Не перажывай, дам табе ў лапу...» – хацелася мне сказаць уголас, супакоіць чалавека.
Ну, што, пара ўключацца на пятую хуткасць? За Змітрака і за сябе. Трымайся, браце! Палундра!! Дзе мая маладая сіла? Дзе мой гонар? Наперад, спадар Клімовіч, не падвядзі працоўны калектыў і памочніка, які шмат праліў поту за цябе на гэтай падлозе...
Перш-наперш я выгрузіў тару. Ссунуў на край і бегаў з шалёнай хуткасцю туд-сюд, несучы ажно пяць скрынак. Назад – зноў ухапіў столькі, але з бутэлькамі. Хвілін пятнаццаць мне хапіла, каб справіцца з усім.
– Ну ты і даеш, малато-ооок! – пакруціў здзіўлена галавой Рыгор, не могучы даўмецца, як я змог так хутка разгрузіць і загрузіць машыну. – Аўтамат ты, а не чалавек... Ад Зміцера, мусіць, навучыўся?
– Не ад цябе, канечне ж! А барты ўжо закрывай сам, не ўмею тое рабіць, – прамовіў я на поўным сур’ёзе і не ўсміхнуўся нават.
Пакуль ён закрываў борт, я кінуў на сядзенне канверцік – няхай дзеліцца са сваім начальствам.
Да абеду, такім чынам, не разагнуў спіны – прымаў шклатару.
Прымаў, а ўсё пра напарніка думаў, хваляваўся. Не выходзіў з галавы – перажываў надта за яго. Мне без цяжкасцей можна было даведацца пра стан, калі скіраваў бы думкі і энергію на Зміцера. Але з ім рабіць такога не хацелася, не меў маральнага права: яго нараджэнне павінна праходзіць натуральна і без касмічнага ўмешвання.
У абед пагаліўся, памыўся. Бо апошняя жанчына, што прынесла посуд, настаўніца-пенсіянерка, была парторгам у школе, праведніца, падумала пра мяне: «Як гэны апусціўся хлапец! Ужо і галіцца лянуецца – спіўся зусім. А яшчэ такі малады. І адкуль у нашай Айчыне лад будзе? Такія морды штодня бачыць! Жах! Дзе, на чым можа спыніць свой позірк інтэлігентны чалавек? Брыдота вакол, брыдота...»
Але ж гаварыла са мной ветліва, нават «дзякуй» сказала і «да пабачэння». Культурная.
Пасля абеду пайшло лягчэй. Меней з’явілася чамусьці народу. Адзін дзівак прывёз на машыне пяць мяхоў пляшак з-пад піва. Дык я яму паставіў скрынкі, сказаў, каб сам іх і ставіў – без маёй праверкі. Яму тыя пляшкі ні ішлі ні ехалі. То з брыгады будаўнікоў яго адкамандзіравалі – напілі столькі за месяц. Кінулі жэрабя – і яму выпала здаваць. Ён жа на тыя грошы зноў піва накупляе і адвязе на будоўлю. Пад канец працы, як на тое, збегліся людзі, здавалася, з усяго горада. І смеласці не хапіла закрыць кантору, і сіл ужо не было маіх складваць тыя скрынкі...
Сядзеў, лічыў, а здатчыкі самі і ставілі ў скрынкі. Радыя былі, дзякавалі, што памог пазбавіцца ад непатрэбнага посуду.
– Скажыце, каб за вамі больш не займалі чаргі, прымаць болей не буду, – папрасіў я сівога дзядка, што стаяў з сеткай бутэлек, – ужо і так гадзіну лішнюю прымаю – і я ж чалавек, і я адпачыць хачу...
Я ўжо гатоў быў падключыць касмічную энергію, каб аблягчыць сваю долю. Апошнія рухі рабіў як у сне... І ў рэшце рэшт замкнуў дзверы. Напрацаваўся, як дурны мыла наеўся. Не ведаю чаму, але ад гэтага працоўнага дня я атрымаў незразумелае задавальненне.