Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ланцуг - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ланцуг

Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:

Новую кнігу прозы Андрэя Федарэнкі складаюць шэсць аповесцей, напісаных у розныя гады.
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 106
Перейти на страницу:

Сцежка выводзіла на вулічку з усяго трох хат — яны стаялі па адзін бок; па другі быў паплоўчык, потым рэчка і зарэчная частка вёскі. Бліжэй да асфальту стаяла кінутая хата, пасярэдзіне — іхняя (цяпер чужая дача), і апошняя, у самым канцы вулічкі, у алешніку — Лідзіная. Лідзіным дваром яму было ісці сама бліжэй. Звычайна, калі прыязджаў у тыя гады, ён так і хадзіў. Але цяпер ён баяўся сустрэчы і гаворкі з любым знаёмым чалавекам, тым больш з Лідаю. Хацелася толькі цішком дабрацца да ценю, да ложка, разуцца, прылегчы і проста паплакаць.

Ён прайшоў сваім колішнім дваром — як чужым, нічога вакол не пазнаючы і радуючыся толькі, што нідзе не відаць дачнікаў; потым, разораю, дабраўся ў самы канец сотак, дзе на чыстым месцы, на паплоўчыку, стаяла «сцёбка». «Сцёбкамі» ў іх зваліся маленькія хаткі, пабудаваныя пасля вайны, у якіх туліліся цэлымі сем’ямі, пакуль не перабіраліся ў новую хату. У каторы раз ён пахваліў сам сябе, што хапіла розуму не раскідаць, не прадаць гэтую хатку, у якую можна было прыехаць у любую пару года, дзе яму заўсёды так добра думалася і пісалася. I вось, як старога сабаку, што чуе смерць і сыходзіць з воч людскіх, і яго прыгнала не куды-небудзь, а сюды.

Паплоўчык вакол сцёбкі быў скошаны, і ён па маладой атаве даклыпаў да нізенькіх дзвярэй, пабіў кійком па іржавым замку, адамкнуў і ледзь адчыніў дзверы, якія аселі і ўпіраліся нізам у дол. У сцёбцы — невялічкай, тры на тры метры хатцы з адным акном, дзе неяк уціснуліся ложак, шафа, стол, табурэт і пасярэдзіне яшчэ астаўся кавалачак чыстай падлогі — было даволі светла, толькі моцна цягнула затхласцю. Ён не стаў зачыняць дзверы, апусціў каля парога сумку і цяжка прысеў на ложак, які зарыпеў пад ім усімі старымі спружынамі. Трэба было б праветрыць пасцель ці хоць бы вынесці на двор і выбіць капу з ложка, але ў яго ўжо не было сіл нават на гэта.

Ён скінуў сандалі, зняў шкарпэткі, паспрабаваў паварушыць пальцамі — ногі былі апухлыя, сінія, з раздутымі венамі, — потым прылёг на бок і адчуў страшную палёгку. Як заўсёды апошнімі часамі ў хвіліны палёгкі, слёзы падступілі да горла, але ён стрымаўся; чакаючы яшчэ больш моцнага прыступу шкадавання сябе, пачаў глядзець на столь, у акенца на сіняе неба, на сцены, на падлогу з квадратнай, закладзенай цаглінамі адтулінай, дзе калісьці стаяла іхняя маленькая веч, — паспрабаваў думаць пра тое, на што глядзеў. Сцены і столь былі акуратна абабітыя кардонам і пафарбаваныя бяліламі — ён у кожны свой прыезд падфарбоўваў, паднаўляў іх, і нават цяпер, запыленыя, пацямнелыя на швах, яны выглядалі сімпатычна. Што ён тады думаў, калі фарбаваў іх? Чаму не радаваўся, не бег у лес, на рэчку, не качаўся па траве?

У тым і справа, што радаваўся!

Ён падцягнуў кійком сумку, падняў на ложак, пачаў распакоўвацца. Дастаў складзены брызентавы плашч, пакунак з бялізнаю, пакуначак з ежаю, некалькі агульных сшыткаў, папку, маленечкае Евангелле; калі даставаў цэлафанавы мяшэчак з зубной пастай, шчоткай, электрабрытваю і сваім любімым крэмам, урэшце не ўтрымаўся і заплакаў — горка, упаўшы галавою на гэтыя пакункі. Усё жыццё, перад любымі зборамі кудысьці яму звычайна рабілася неяк трывожна, сумна, задоўга да ад’езду ён пачынаў пакавацца, ніколі нічога не забываў, перад тым як загарнуць і пакласці ў сумку, кожную рэч нейкі час трымаў у руках, пагладжваў, — але гэтым разам, збіраючыся сюды, ён адчуваў ужо не проста звычайную разбэрсаную трывогу — цяпер гэтыя рэчы было адзінае, што заставалася ў яго ад ранейшага жыцця, ад ранейшага сябе, рэчы, якія будуць з ім да канца, нават калі ён прыехаў сюды на смерць.

Выцершы мокрыя вочы і шчокі, ён устаў, адчуваючы, як зноў наліваюцца цяжарам ногі, перасеў за стол, разаслаў газету і паеў каўбасы з хлебам і з памідорам, мачаючы памідор у запалкавы карабок з соллю; астаткі ежы загарнуў у газету і паклаў у шафу на верхнюю паліцу, уніз паставіў сумку, на адзіныя плечкі павесіў плашч, на стале акуратна расклаў сшыткі, папку, чысты аркуш паперы, ручку. Цяпер трэба было паспаць. На міг яму стала страшна — за акном стаяў такі сонечны дзень, якіх у яго, відаць, не многа ўжо засталося, і трэба было б гэтым днём неяк пакарыстацца, хоць бы выйсці на двор пасядзець пад сцёбкаю, — але стома змагла страх. Ён пракаўтнуў таблетку, запіў астаткамі цёплага ліманаду і лёг, не распранаючыся.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 106
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)