Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
— Не стой, рыхтуй пінцэт, спірт, ёд і набяры кубік навакаіну, — сам нацягнуў пальчаткі, узяў перш марлевую павязку для твару, потым скамечыў яе і запіхнуў у кішэню халата — гэта ж зноў трэба адрываць сястру, прасіць, каб завязала матузкі на патыліцы.
Нагнуўся над хлопцам — на тым зверху была толькі чырвоная майка з кароткімі рукавамі, вызваліў з-пад спартыўных штаноў ніз майкі, задраў яе ўверх. Рана — парэз даўжынёю сантыметраў пяць, была ў жываце, злева ад пупа. Патрошку Вінярскі пачаў мацаць вакол раны. Хлопец, што быў заціх, калі апынуўся на стале, пад святлом моцных лямпаў, цяпер зноў ажыў і пачаў стагнаць і дрыгацца ўсім целам ад кожнага дотыку.
— Доктар! Доктар! — ныў ён. — Я ж не памру, праўда? Я выжыву?
Вінярскі маўчаў, каб не раздражняцца. Абмыў, выцер змочаным у спірце тампонам кроў вакол раны — зандзіраваць без наркозу пабаяўся, ды і так відаць было — хлопцу моцна пашэнціла. Быў толькі парэз жыравай тканкі; з раны двума белымі шарыкамі, — накшталт тых, што выдзімаў са сваёй жвачкі малады маўчун — выпіраліся кішкі, але яны былі цэлыя. Не хапіла якога міліметра.
Вінярскі зрабіў укол, пакуль чакаў, калі возьмецца замарозка, моцна захацеў курыць.
— Доктар! Доктар!!! — крычаў парэзаны.
У гэтай клініцы Вінярскі нагледзеўся ўсяго, але каб здаровы малады чалавек з даволі лёгкай — у параўнанні з тым, што магло б быць, калі б былі зачэплены кішкі, — ранаю так не ўмеў цярпець, так калаціўся, — такога яму яшчэ не даводзілася бачыць.
Калі накладваў швы, хлопец умудрыўся некалькі разоў страціць прытомнасць, і сястра замест таго каб памагаць Вінярскаму, хоць бы выціраць кроў з-пад іголкі, вымушана была стаяць каля гэтага слабака з нашатырам. Урэшце Вінярскі густа змазаў зашытую рану ёдам, сястра пачала накладаць павязку, Вінярскі, сцягваючы пальчаткі, падышоў да кушэткі. Барадач і малады падняліся.
— Проста глыбокая драпіна, — сказаў Вінярскі з той лёгкай пагардаю, якая ўласціва кожнаму доктару, з тым пачуццём перавагі над «простымі смяротнымі», для якіх зашыць парэзаны кавалак скуры ёсць нейкі патаемны, ледзь не цудадзейны акт (ён і ўбачыў, і адчуў, што пасля гэтай прымітыўнай аперацыі ён адразу ж узвялічыўся ў вачах сваіх апекуноў). — Крыві страчана мала, можаце забіраць. Калі будзе макрата — нічога страшнага. Праз дзень у паліклініку, на перавязкі, праз сем дзён здымуць швы, і будзе бегаць. Усё.
— Так, — прамовіў барадаты. — А тут калі паляжыць? У вас. Адну ноч. Мала што.
— Ты ў накладзе не будзеш! — умяшаўся малады.
— Тады трэба афармляць праз прыёмны, — зноў увярнуў Вінярскі, выдатна разумеючы, што ніякія прыёмныя, ніякія запісы, якія будуць там зроблены, гэтым нязваным гасцям непажаданыя — кожны такі выпадак рэгіструецца ў асобным сшытку, і адразу ж ідзе паведамленне ў міліцыю. Сапраўды, барадач зноў узяў яго за локаць, нібы паказваючы гэтым, што цяпер Вінярскі павінен менш гаварыць, а больш слухаць.
— Свае людзі. Нашто свяціцца? Не бойся. Не пашкадуеш.
Вінярскі зірнуў на сястру, якая стаяла каля параненага з акрываўленым тампонам у руцэ, глядзела на ўсё шырока раскрытымі вачыма і не разумела, што тут адбываецца.
— Хіба што ў сёмую… Каця, давай у сёмую!
Сястра выйшла, вярнулася, штурхаючы паперадзе ложак-каталку, барадач з маладым памаглі сябру перабрацца на яе — ён ужо не стагнаў, маўчаў, прыслухоўваўся, што пра яго гаварылі. Вінярскі пачаў мыць рукі, і праз цурчанне вады да яго данеслася, як малады сказаў рэзка і гучна:
— Дай ты яму гэтыя даляры!
Барадаты нешта перапытаў, і малады зноў адказаў рэзка:
— Ну, вядома, усе!
Калі Вінярскі з ручніком у руках павярнуўся, — ён ледзь не ўскрыкнуў, адступіў назад і моцна стукнуўся бокам аб чыгунны ўмывальнік. Барадаты, азіраючыся на сястру, працягваў яму да болю знаёмы цэлафанавы пакет, набіты далярамі нябожчыка Стэльмаха.
ХIV
Апошнім часам дажджы, відаць, палюбілі Беларусь, узяўшы за моду колькі гадоў запар кожнае лета па цэлых днях паліваць і паліваць гэтую зямлю, быццам ёй і без таго мала выпрабаванняў.
Таксама, як і год назад, ішоў дождж, таксама стаяў у сваім кабінеце каля расчыненай форткі Яўген Вінярскі, глядзеў на мокрыя клёны ў дворыку, трымаў у пальцах цыгарэту, але не прыкурваў — збіраўся кідаць курыць.