Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Прачнуўся ён ад сонца, якое заходзіла і праз адчыненыя дзверы свяціла на падушку і яму ў твар. Было восем гадзін вечара. Пасля сну — хоць і ненатуральнага, з дымедролам, стала лягчэй. Ногі адтухлі і амаль не балелі. Ён пераапрануўся ў свой ношаны чорны спартыўны касцюм, усунуў ногі ў звыклыя лёгкія тапкі, узяў кіёк і пайшоў на двор, паўз Лідзін плот, і патрапіў у канец вулачкі. Адсюль, у прасвет паміж алешынамі, добра была відаць вілюжная рачулка, сенажаць, зарэчныя хаты, раскіданыя ў зеляніне, і далей куды ні глянь — лес і лес; толькі ў адзін бок, дзе асфальт, жаўцее жыта, сярод якога — зялёны астравок могілак, а за жытам і могілкамі — зноў лес.
Праходзячы пад вокнамі, ён убачыў, што Ліда сядзіць за сталом. А калі ён зайшоў у хату і спыніўся ў парозе, яна ўжо стаяла каля печы і выцірала ручніком рот, саромеючыся есці пры чужым.
— А я думаю: кот мыецца, а тады глянь — ідзе нехта! — гучна, як любая вясковая жанчына, загаварыла яна ў адказ на яго «добрыдзень». — Гэта такая прыкмета: як кот мыецца лапаю, значыць, намывае гасцей, — патлумачыла яна. — От так людзі прыдумалі — а можа, і праўда? Сядай, праходзь, не стой…
Яна выцягнула з-пад стала табурэт, абмахнула ручніком, якім выцірала рот, і кінулася ў большую хату.
II
Ён сеў, агледзеўся, ізноў чыста машынальна адзначаючы тое, што магло б спатрэбіцца для новага апавядання (ізноў думаючы — навошта?!): хата як хата, чыстая, печ завешаная, каля печы — абярэмак дроў, кашэль, кош, ад печы да сцяны — полік, разабраны да палавіны, пад полікам — горка бульбы, пахне зямлёй і мышамі, на стале — міска з варанай бульбаю, слоік кіслага малака, гурок, памідор…
— Рана капаеш, — сказаў ён, паказваючы на бульбу пад полікам; Ліда ўжо вярнулася з пачатай пляшкай куплёнай гарэлкі і даставала з тумбачкі шклянкі і сподачкі.
— А хто мяне гоніць? Я кожны год на Іллю пачынаю капаць, людзі навек смяюцца, што я раней скапаю, чым жыта пажну… Ужо як яна не вырасла, дык большая і не вырасце. Прыйшоў Ілля — нарабіў гнілля, — дадала яна, пазірнуўшы на яго.
Ліда, як і ўсе вяскоўцы, думала, што праца пісьменнікаў у тым, каб запамінаць розныя народныя прыкметы, загадкі, забаўкі; яна думала, што ён у горадзе гэта забывае і знарок прыязджае, каб наслухацца, і хацела шчыра памагчы яму, нагадваючы штораз як малому дзіцяці: Спас — рукавіцы ў запас, на Пакрову — зіма гатова, кепска, калі дарогу перабягае чорны кот, пераходзяць з пустым вядром і гэтак далей. Яна толькі здзіўлялася, чаму ён не перапытвае і не запісвае следам.
З Лідаю яны былі аднагодкі, жылі побач, хадзілі разам у школу, гулялі, быў час, калі нават трохі кахаліся. Усе, у тым ліку і настаўнікі, і яго і яе бацькі, думалі, што яны пажэняцца. Але ён добра вучыўся, ужо друкаваўся ў раёнцы; захвалены настаўнікамі, трызніў горадам, філфакам, рэдакцыямі, літаратураю… Пазней, ужо жанаты, наязджаючы з горада, заходзячы да Ліды, асабліва пасля таго, як у яе памёр муж, ён заўсёды стараўся выглядаць перад ёю вясёлым, здаровым, шчаслівым, хацелася, каб яна шкадавала, што не ён ёй дастаўся, — і яна, ведаючы, што яму хочацца гэтага, шкадавала, казала: «Не ўсім такое шчасце, як тваёй жонцы». Ён ведаў яе малою, школьніцай, потым нявестаю, маладой маці, цаніў і бярог сяброўства з ёю. Неяк міжволі станоўчыя жанчыны ў яго творах паўтаралі адна адну, выходзілі ўсе «зеленавокія, з усмешлівымі куточкамі тонкіх вуснаў» — як у Ліды, хадзілі «акуратна ступаючы, маленькімі хуткімі крокамі, трохі касалапячы» — як хадзіла Ліда.
Цяпер гэта была ўдава, на пенсіі, звычайная адзінокая вясковая жанчына, якая капае ўлетку бульбу — у выцвілым ад мыцця і сонца сарафане, загарэлая, басаногая, з парэпанымі ад зямлі вялікімі далонямі, і здавалася б — што яму цяпер, ужо на любыя вочы не здароваму, не вясёламу, не шчасліваму, да гэтай жанчыны? Якія тут ужо могуць быць паказы сябе? Аднак ён, панурыўшыся, сядзеў за сталом і ўвесь час баяўся, што Ліда загаворыць зараз пра тое, як ён змяніўся, пастарэў, і ўжо не будзе зайздросціць яго жонцы.
— Ты, Ліда, мне нічога тут не кладзі і не рэж, я есці не буду, — апамятаўся ён, калі Ліда ўжо наставіла перад ім у сподачках, па-культурнаму, парэзаныя гуркі, сыр, сала, сырыя яйкі, нават хлеб на сподачку. — I гарэлкі не лі. Глядзець на яе не магу.